У Мінскім аэрапорце затрыманая даследчыца Таццяна Кузіна. Хроніка палітычнага пераследу 29 чэрвеня Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. 28 – 29 чэрвеня адбываюцца затрыманні, ператрусы і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягваецца ціск на палітвязняў. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:
|
Мінск
У Менску ўначы з 28 на 29 чэрвеня ў аэрапорце пры праходжанні пашпартнага кантролю на выезд з краіны, затрыманая даследчыца Таццяна Кузіна. Паспела паведаміць мужу, што яе затрымалі. Вядома, што Таццяна збіралася ляцець начным рэйсам у Тбілісі. Пазней стала вядома, што Кузіна затрыманая з сувязі з узбуджанай крымінальнай справай. Яе адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Таццяна Кузіна - сябра Рады і сузаснавальніца школы маладых менеджэраў публічнага адміністравання Sympa, эксперт даследчага праекта bipart.
Журналістку "Народнай Волі" Глафіру Жук, якую ўчора выпусцілі пасля 30 сутак арышту, адлічылі з журфака БДУ.
Нагодай стала тое, што яна не здала сесію. Адміністратыўны арышт кіраўніцтва факультэту не палічыла паважнай прычынай для пропуску экзаменаў.
Па заяве пракуратуры суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала "МЕНСКРАЗАМ!", паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
Магілёў
28 чэрвеня ў Ленінскі РАУС Магілёва запрасілі на гутарку мясцовага фатографа Аляксея Барысава. Супрацоўнік міліцыі Уладзімір Паўлаў азнаёміў яго са зменамі ў Законе аб масавых мерапрыемствах. Барысаў распісаўся і праз 15 хвілінаў сыйшоў.
Позву ў РАУС на 2 ліпеня атрымаў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.
Праваабаронцу Барыса Бухеля на 15 гадзін 29 чэрвеня выклікаюць у Следчы камітэт на допыт па крымінальнай справе, паведамляе MAYDAY. Гэта ўжо трэці допыт Бухеля, датычны крымінальнай справы, узбуджанай супраць праваабаронцаў "Вясны".
Гродна
Telegram-канал “Честный Гродно” прызналі экстрэмісцкім. Рашэнне аб прызнанні канала экстрэмісцкім 28 чэрвеня прыняў суд Ленінскага раёна Гародні, — паведамляе Генеральная пракуратура Беларусі. Прычына — нібыта заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, паведамляе Беларуская Радыё Рацыя.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.