viasna on patreon

Amnesty International лічыць перавод Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі пад хатні арышт "цынічным выкрутам" уладаў

2021 2021-06-28T14:28:47+0300 2021-06-28T14:28:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/protasevich_viasna96.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Раніцай 25 чэрвеня бацька палітвязня журналіста Рамана Пратасевіча Дзмітрый паведаміў, што яго сын і яго дзяўчына Соф'я Сапега былі пераведзеныя пад хатні арышт. Дзмітрый Пратасевіч таксама адзначыў, што ні яго, ні яго жонку пакуль не дапускалі да пары. Следчы камітэт Беларусі пазней абвясціў, што Раман і Сафія заключылі дасудовае пагадненне са следствам, а таму было прынята рашэнне змяніць ім меру стрымання. Гэтую сітуацыю пракаментавала дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.

Раман Пратасевіч у 2019 годзе. Фота: spring96.org
Раман Пратасевіч у 2019 годзе. Фота: spring96.org

"Знаходзячыся пад хатнім арыштам, Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега застаюцца незаконна затрыманымі ўрадам Аляксандра Лукашэнкі. Яны былі незаконна арыштаваныя і падвергнуты адвольнаму пераследу за неіснуючыя злачынствы, і правасуддзе не будзе адноўлена, пакуль яны не будуць безумоўна вызваленыя.

Іх хатні арышт падобны на цынічны выкрут беларускіх уладаў з мэтай дамагчыся скасавання міжнародных санкцый, уведзеных пасля затрымання Рамана і Соф'і. На працягу ўсяго апошняга года свет з жахам назіраў, як урад Аляксандра Лукашэнкі з жорсткасцю душыць мірнае іншадумства. Мы паўтараем наш заклік да міжнароднай супольнасці зрабіць усё магчымае, каб пакласці канец крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф'ю Сапегу. Яны павінны дазволіць ім пакінуць Беларусь, калі тыя захочуць зрабіць гэта, а калі яны застануцца ў краіне, улады павінны гарантаваць, што яны больш не падвергнуцца рэпрэсіям", — заяўляе Мары Стразерс.

Пратасевіч і Сапега, як і раней, палітвязні

Праваабаронцы "Вясны" нагадваюць, што асобы, якія знаходзяцца пад хатнім арыштам, таксама лічацца палітвязнямі. Умовы хатняга арышту палітвязняў суправаджаюцца шэрагам абмежаванняў: ім нельга выходзіць на вуліцу, бачыцца нават з роднымі і сябрамі, карыстацца інтэрнэтам. Пры гэтым, адвакаты палітвязняў не могуць расказаць пра абмежаванні і ўмовы ўтрымання сваіх падабаронных. Адвакатка Інэса Аленская толькі змагла паведаміць, што Раман "адчувае сябе добра". Яна сустракалася з ім на мінулым тыдні, сёння плануе таксама гэта зрабіць.

Пры такіх умовах утрыманне палітычных вязняў пад хатнім арыштам разглядаецца як у месцы несвабоды. Сафія Сапега і Раман Пратасевіч, як і раней, працягваюць лічыцца палітвязнямі.

Што важна ведаць па справе Пратасевіча і Сапегі

23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair, які ляцеў маршрутам Афіны-Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Раман Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужбаў. Разам з ім была затрыманая Сафія Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Раман і Сафія разам вярталася з адпачынку ў Грэцыі.

Ім прад'явілі абвінавачванні па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх); арт. 130 (распальванне нянавісці).

У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка канала Марата Маркава, якая называецца "Марков. Ничего личного". 

8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасці, да Пратасевіча пусцілі адвакатку Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі следчыя дзеянні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзіліт.

14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што не вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залу, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе казаць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова заявіла, што не верыць нічому са сказанага, і выказала спачуванне зняволенаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства