Людміла Хлусевіч: "Нас можна забіваць, а тут за адно слова судзяць”
У судзе Рэчыцкага раёну 25 чэрвеня пачаўся крымінальны працэс над 65-гадовай пенсіянеркай Людмілай Хлусевіч. Яе вінавацяць у абразе супрацоўніка міліцыі з Вілейкі Жарыкава па артыкуле 369 КК РБ.
Справу разглядае суддзя Марыя Кацуба, дзяржабвінавчванне падтрымлівае пракурор Юля Гародная.
Пад адным з пастоў у сацыяльных сетках Хлусевіч пакінула каментар з аднаго слова: “Тварь”.
За апошнія паўгода пенсіянерка з анкалагічнаю хваробаю (у яе лейкоз) перажыла ператрус, каля 10 допытаў, праверку ў адной крымінальнай справе і абвінавачванне ў другой.
Першы раз да Людмілы Віктараўны следчыя прыйшлі 14 студзеня, забралі ў аддзел, дзе 4 гадзіны дапытвалі ў рамках крымінальнай справы за абразу міліцыянта ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».
Пад фатаграфіяй сілавіка, які, на думку аўтара паста, збіваў пратэстоўцаў на Акрэсціна, жанчына напісала каментар: “Шалёных сабак трэба адстрэльваць".
Людміла Хлусевіч цалкам прызнала сваю віну і нават пагадзілася запісаць пакаянае відэа з выбачэннямі ў адрас міліцыянта. Некалькі месяцаў доўжылася праверка, па якой крымінальную справы супраць пенсіянеркі не распачалі. Перажыўшы моцны стрэс, Людміла Віктараўна ўздыхнула з палёгкай, але яе радасць была заўчаснай, пісаў “Белсат”.
У канцы красавіка следчыя зноў пачалі праверку і ўзбудзілі крымінальную справу па арт.369 КК РБ («Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў»).
Пенсіянерку абвінавачваюць у іншым каментары ў “Аднакласніках" пад фатаграфіяй супрацоўніка міліцыі Жарыкава, які таксама нібыта збіваў пратэстоўцаў.
"Я калі ўбачыла відэа, як міліцыя пасля выбараў біла гэтых няшчасных дзяцей, – са слязамі на вачах кажа Людміла Хлусевіч – , я ўсё гэта прапускала праз сваё сэрца і душу. Я ўяўляла: калі гэта майго сына там забілі або збілі... я плакала ўвесь час і спаць не магла з-за таго гвалту, што здзяйсняла міліцыя. І вось на эмоцыях і на нервах я напісала такі каментар пад чужым постам".
У чаканні суда жанчына напісала цыдулку на выпадак сваёй заўчаснай смерці.
Сваю віну ў судзе цалкам прызнае.
Пракурор: “Прынізіла аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады”
Сёння ў судзе Людміла Хлусевіч казала што выказалася тады на эмоцыях, а не адрасна.
“Хто пацярпелы – гэта яшчэ пытанне. Я за час следства стала важыць 40 кілаграмаў, а ў ”пацярпелага” твар як месяц. Я змясціла гэты каментар на эмоцыях, бо міліцыя збівала просты народ і ніхто за гэта не адказаў. Слова “тварь” літаратурнае, Дастаеўскі ўжываў гэтае слова, у Бібліі “кожнай твары па пары”. Мой каментар меў абагульнёны характар. Я казала пра ўсю міліцыю".
Суддзя пытаецца, ці праўда, што Хлусевіч пакідала прадсмяротную цыдулку, бо не вытрымлівала катаванняў.
“У мяне падвысіўся ціск (раней ніколі не было), хранічны стрэс, схуднела на 10 кг., не спала начамі, трывожылася страшна.
Усё гэта адбывалася з-за следчых працэдур: допытаў шматгадзінных, візітаў да мяне міліцыянтаў. Я жыць вельмі хачу, але ж мне вельмі цяжка маральна, амаль невыносна бывае, таму я і напісала аднойчы такую прадсмяротную цыдулку”.
Пасля агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы суддзя Кацуба абвясціла перапынак на 10 хвілін, пасля якога зноў пачала распытваць Людмілу Хлусевіч пра стан яе здароўя падчас напісання каментара. На сцвярджэнні Людмілы, што яна была моцна эмацыйна ўзрушаная паведамленнямі і самой сітуацыяй, суддзя спытала ці не была яна ў стане афекту, калі пісала каментар. Людміла адказала, што ніякага афекту ў яе тады не было.
«Я проста хачу жыць, перажыць гэта ўсё і пажыць у свабоднай Беларусі!», – сказала Людміла Хлусевіч
Тым не менш, суддзя прапанавала прызначыць судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу Хлусевіч на момант напісання каментара ў Аднакласніках. Сама Людміла і яе адвакатка сказалі, што ў гэтым няма аніякай патрэбы. Але пракурорка Гародная прапанову суддзі падтрымала і прапанавала пытанне для эксперта – якім быў стан Хлусевіч на момант напісання каментара.
Суд вынес пастанову аб прызначэнні псіхолага-псіхалагічнай экспертызы і абвяшчэнні перапынку на нявызначаны час.