Пракуратура прасіла змякчыць прысуд 21-гадоваму палітвязню Лакішыку. Мінгарсуд адмовіў, але пералічыў тэрмін пакарання
23 чэрвеня Прэзідыўм Мінскага гарадскога суда разглядзеў пратэст пракурора Мінска аб змякчэнні прысуду 21-гадоваму палітвязню Антону Лакішыку. 18 лістапада хлопца асудзілі на тры гады калоніі за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэкса) на акцыі 14 чэрвеня. Пракурор прасіў зменшыць тэрмін пазбаўлення волі палітвязню з трох да двух гадоў калоніі. Пратэст у судзе падтрымліваў першы намеснік пракурора горада Мінска Аляксандр Карповіч. Прэзідыўм не прыслухаўся да пракурора і не задаволіў пратэст. Але ў гэтым жа паседжанні Антону пералічылі тэрмін адбыцця пакарання згодна з апошнімі зменамамі ў Крымінальны кодэкс. Такім чынам, 129 дзён Антона ў СІЗА ператварыліся ў 193,5 дзён у калоніі агульнага рэжыму. Атрымліваецца, што 21-гадовы палітвязень агулам адбыў 328,5 дзён з прысуджаных трох гадоў пазбаўлення волі.
За што асудзілі Антона?
Суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня 18 лістапада асудзіла Антона Лакішыка за напад на АМАПаўца Яўгена Дудкіна 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Хлопец уступіў у патасоўку з АМАПаўцам, калі тыя пачалі выхопліваць і затрымліваць пратэстоўцаў, калі апошнія сталі ў счэпку. Антона затрымалі 23 ліпеня на працы і абралі меру стрымання – утрыманне пад вартай. 21-гадовы хлопец прабыў у СІЗА №1 у Мінску каля двух месяцаў – да 8 верасня. Антона выпусцілі на волю, змяніўшы яму стрымання на падпіску аб нявыездзе. У суд Антон прыходзіў самастойна.
Супрацоўнік АМАПу не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы. Антон кампенсаваў яму маральную шкоду ў тысячу рублёў. Хлопец цалкам прызнаў сваю віну. Негледзячы на гэта, яму прызначылі тое пакаранне, якое прасіў пракурор – тры гады калоніі агульнага рэжыму. Антона арыштавалі ў залі суда.
Мінчаніна асудзілі на тры гады калоніі за напад на АМАПаўца 14 ліпеня на "Нямізе"
8 лютага Антона Лакішыка перавялі для адбыцця тэрміна ў папраўчую калонію №2 у Бабруйску, дзе ён знаходзіцца і цяпер. 1 чэрвеня стала вядома, што Антона змясцілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар) на два ці тры тыдні. Прычына дысцыплінарнага спагнання невядомая.
На апеляцыі пракурорка прапаноўвала знізіць пакаранне
Мінскі гарадскі суд 9 лютага разгледзеў апеляцыйную скаргу Антона Лакішыка. На ягоную думку пакаранне ў тры гады калоніі занадта суровае за штуршок супрацоўніка АМАПу. Старшынёй калегі па справе выступала суддзя Мінгарсуда Тамара Унукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Антона Лакішыка і прапанавала суду змяніць прысуд Цэнтральнага суда і знізіць пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Аднак суд пакінуў прысуд без зменаў. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Лакішыка і прапанавала суду змяніць прысуд Цэнтральнага суда і знізіць пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Аднак суд пакінуў прысуд без зменаў.
Пералічылі тэрміны адбыцця пакарання. Што адбывалася на судзе 23 чэрвеня?
Пракурор Мінска падаў пратэст на прысуд Антона Лакішыка ў парадку нагляду. Яго разглядаў 23 чэрвеня Прэзідыўм Мінскага гарадскога суда. У яго склад уваходзілі старшыня суда Павел Каршуновіч, намесніца старшыні суда Таццяна Тупік, першы намеснік старшыні суда Сяргей Нікалаеў, намесніца старшыні суда Вольга Рамашэўская, суддзі Аксана Дубоўская і Інна Яблакава. У разглядзе пратэсту прымаў удзел першы намеснік пракурора горада Мінска Аляксандр Карповіч, які падтрымаў пратэст пракурора Мінска аб змякчэнні прысуду палітвязню.
У пратэсце прасілі змяніць прысуд і апеляцыйнае вызначэнне. У прэтэсце адзначылі, Лакішык упершыню прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, кампенсаваў шкоду, прызнаў віну, раскаяўся. Пракуратура прасіла аб зніжэнні тэрміну пазбаўлення волі Антону з трох да двух гадоў.
Прэзідыум Мінгарсуда пакінуў у частцы пратэсту прысуд Цэнтральнага суда Мінска і апеляцыйнае вызначэнне без зменаў. Але зрабіў пералік тэрміна адбыцця пакарання згодна з апошнімі зменамі ў Крымінальны кодэкс.
Так, Антону залічылі кожны дзень пад вартай у СІЗА з 23 ліпеня па 8 верасня 2020 года (47 дзён) і з 18 лістапада 2020 года па 8 лютага 2021 года (82 дні) як 1,5 дні пазбаўлення волі. Такім чынам, 129 дзён Антона ў СІЗА ператварыліся ў 193,5 дзён у калоніі агульнага рэжыму. Атрымліваецца, што 21-гадовы палітвязень агулам адбыў 328,5 дзён з прысуджаных трох гадоў.
Запрацавалі новыя правілы заліку тэрміну знаходжання пад вартай у тэрмін адбыцця пакарання