“Міліцыя не павінна так біць дубінкай людзей”. Прысуд у Асіповічах за знявагу падпалкоўніка міліцыі
У судзе Асіповіцкага раёна 16 чэрвеня вынесены прысуд па крымінальнай справе за абразу супрацоўніка міліцыі (арт. 369 КК РБ). На лаве падсудных – жыхар аграгарадка Лапіч Генадзь Казючыц.
Справу разглядала суддзя Таццяна Сакратарова, дзяржабвінаваўца - Святлана Андрыеўская.
Пацярпелы супрацоўнік міліцыі Цімур Пахоменка сам звярнуўся ў суд Асіповічскага раёна з наступнай іскавай заявай:
“9 лістапада, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, з дапамогай інтэрнэт-мэсэнджара Тэлеграм у сувязі з выкананнем мною службовых абавязкаў, Генадзь Казючыц размясціў у агульным доступе для іншых карыстальнікаў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці і ганіць мае гонар і годнасць. Супрацьпраўнымі дзеяннямі мне былі нанесеныя пакуты і маральная шкода, якія выявіліся ў агульнадаступнасці фраз і выразаў, якія сталі вядомыя маім сябрам і знаёмым, сваякам. У сувязі з чым я адчуваю пачуццё сораму, парушэнне сну, што безумоўна адбівалася на маёй службовай дзейнасці, сістэматычнае знаходжанне ў прыгнечаным стане з-за ўбачанага і прачытанага. Названыя абставіны глыбока перажывалі мае блізкія і сваякі. Кампенсацыю маральнай шкоды я ацэньваю ў суму 5.000 рублёў.”
Абвінавачаны Казючыц віну прызнаў, пазоў прызнае часткова. На суму каля тысячы рублёў, паколькі не мае працы.
Згодна з абвінавачаннем, Казючыц Генадзь, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады - начальніка аддзела аховы правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Магілёва падпалкоўніка міліцыі Пахоменка, з мэтай падрыву аўтарытэту дзяржаўнай улады ў прыніжэнні гонару і годнасці, у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў публічна абразіў яго пры наступных абставінах. Так, 9 лістапада 2020, знаходзячыся па месцы свайго жыхарства, з дапамогай мабільнага тэлефона ў раней апублікаваным у групе "Народны прысуд" сацыяльнай сеткі Фэйсбук надпісу, зрабіў каментар з абразамі, якія змяшчаюць негатыўную ацэнку ў адрас Пахоменка.
Тым самым публічна ў непрыстойнай форме абразіў, прынізіўшы гонар і годнасць у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.
Генадзь Казючыц працаваў трэнерам-выкладчыкам ДЮСШ ў Асіповічах, але пасля затрымання і паказу яго па тэлевізары, быў звольнены з працы. Мае дзяцей.
Тлумачыць, што ў сацыяльнай сетцы ўбачыў відэа, на якім супрацоўнікі міліцыі праходзіць каля затрыманых людзей, якія стаялі каля сценкі і збівае іх дубінкай.
- Міліцыя не павінна так біць проста дубінкай”, - кажа Казючыц.
- Вам асабіста вядомыя такія факты? – пытаецца суддзя.
- Там было ўсё відаць.
- Што там было відаць?
- Там чалавека збівалі. Нельга так.
Пацярпелы Пахоменка ў судзе блытаецца з месцам і часам размяшчэння каментару і кажа, што было шмат абразаў і негатыўных каментароў.
Дарэчы, Пахоменка з'яўляецца пацярпелым па парадку 10 крымінальных спраў.
Дзякуючы гэтым каментарам ён стаў практычна медыйнай асобай. Непрыемна яму чытаць і чуць ад родных і знаёмых словы аб тым, кім цябе лічаць.
З большасцю сяброў і знаёмых спыніў зносіны ў сувязі з гэтым.
Некаторыя каментары былі пра фізічнай пагрозе і ліквідацыі. Быў вымушаны адправіць дзіця ў іншае дзяржава на вучобу.
Кожны дзень пазнаюць у горадзе.
Пастанова суда: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).
Таксама прызнаць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў і 87 рублёў судовых выдаткаў. Тэлефоны пакінуць пад арыштам да пагашэння прызначаных сум.