viasna on patreon

Два гады калоніі запрасілі для Максіма Ялканава за размовы па тэлефоне і паездку з сябрамі ў Гомель

2021 2021-06-14T14:03:56+0300 2021-06-18T16:42:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/elkanov_maxim_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе па справе Максіма Ялканава. Фота "Палеская Вясна"

У судзе па справе Максіма Ялканава. Фота "Палеская Вясна"

Суд Цэнтральнага раёна г. Гомеля 14 чэрвеня працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава, якога вінавацяць у арганізацыі групавых, што груба парушаюць грамадскі парадак. Пра гэта піша "Палеская Вясна".

Справу вядзе суддзя Сяргей Салоўскі. Дзяржаўны абвінаваўца – намесніца пракурора Ірына Курбацкая.

Нагадаем, палітвязня затрымалі 9 сакавіка проста з працы. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта 10 жніўня мінулага года арганізаваў у Рэчыцы і Гомелі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Сваю віну на папярэднім следстве і на судовым паседжанні ён прызнаў цалкам.

Як высветлілася падчас судовых паседжанняў, арганізацыя гэтых групавых парушэнняў парадку палягала ў тым, што Ялканаў 10 жніўня патэлефанаваў некалькім сваім сябрам і знаёмым і прапанаваў ім прайсціся ўвечары ў цэнтр Рэчыцы альбо з’ездзіць у Гомель, каб падтрымаць пратэст супраць непрапарцыйна жорсткіх дзеянняў сілавікоў ва многіх гарадах Беларусі і пабачыць, што будзе адбывацца ў Рэчыцы альбо Гомелі.

Жыхара Рэчыцы судзяць за тое, што сабраў знаёмых і паехаў з імі ў Гомель 10 жніўня

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачалі судзіць жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава. Яго абвінавачваюць ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) па падзеях 10 жніўня.

Пры гэтым у Рэчыцы аніякіх парушэнняў так званага парадку не адбывалася. А ў Гомелі пяцёра хлопцаў, пакінуўшы свой аўтамабіль на паркоўцы побач з вуліцай Савецкай, паспелі прайсці толькі некалькі сотняў метраў і таксама не бачылі аніякіх парушэнняў парадку. Іх затрымалі праз некалькі хвілін, адвезлі ў Навабеліцкі РАУС, дзе пратрымалі да 4 гадзін раніцы. Чацвярых з іх адпусцілі, а аднаго зняволілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У судовых спрэчках, якія адбыліся 14 чэрвеня, намесніца пракурора горада Гомеля Ірына Курбацкая сцвярджала, што віна Максіма Ялканава ў здзяйсненні тых дзеянняў, якія яму інкрымінуюць, даказваецца прызнальнымі паказаннямі самога абвінавачанага, а таксама запісамі тэлефонных размоваў і дэталізацыяй злучэнняў, паказаннямі сведкаў.

Паводле Ірыны Курбацкай, злачынствам, якое нібыта здзейсніў Ялканаў, з’яўляецца тое, што «ён стэлефаноўвашся са сваімі знаёмымі і калегамі, казаў, што трэба выйсці, што збіраецца шмат людзей, каб ніхто не баяўся, і ў выпадку, калі будуць біць, дык мы таксама будзем біць». Пры гэтым, як сказала дзяржабвінаваўца, у выпадку чаго, і ён, і ягоныя таварышы, павінны былі аказваць супраціў супрацоўнікам міліцыі, а супраціў, адпаведна, выражаецца ў гвалце. Арганізацыя, на думку пракуроркі, таксама палягае ў тым, што Ялканаў устанавіў месца збору групы – альтанка на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы.

Прапануючы ехаць у Гомель, паводле пракуроркі, Ялканаў усведамляў, што акцыя, на якую збіраліся ехаць рэчычане, несанкцыянаваная. І, хаця, паўдзельнічаць у ёй Ялканаву з сябрамі не ўдалося, гэта не адмяняе здзейсненае ім.

Узгадала дзяржабвінаваўца і тое, што Ялканаў належыць да руху футбольных заўзятараў (паводле Курбацкай - «фанатаў»). 

«Футбольныя фанаты маюць непрыязнае стаўленне да ўлады», – сказала Ірына Курбацкая.

Пракурорка адзначыла, што на яе погляд, Ялканаў цалкам шчыра не спрабаваў сыйсці ад адказнасці і распавёў, як усё было.

«Падставаў не давяраць паказанням ягоным у мяне няма, прымусу да іх ні на следстве, ні ў судзе не выкрыта. Таму хочацца спадзявацца, што на сёняшні дзень ён шчыра ўсвядоміў усё, што здзейснена», – сказала Ірына Курбацкая.

Тым не менш, яна папрасіла суд пакараць Ялканава двума гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму, а таксама канфіскаваць ягоны тэлефон, як прыладу, з дапамогай якой было здзейснена «злачынства».

Дзяржаўная адвакатка Валянціна Катко, якая абараняе Ялканава, пагадзілася, што віна Ялканава ў здзяйсненні дзеянняў, якія складаюць фармальны бок злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, даказаная. Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што Ялканаў сам прызнае сваю віну і ад самага свайго затрымання раскайваецца ў здзейсненым.

Але, адвакатка не пагадзілася з меркаваннем абвінавачвання, што, каб Ялканаву выправіцца, ён павінен два гады знаходзіцца ў ізаляцыі ад маці і ад грамадства. 

«Што ён там можа выправіць?» – спытала адвакатка.

Валянціна Катко таксама выказала меркаванне, што абвінавачванне запытала такую суворую меру пакарання не столькі для Ялканава, колькі для іншых грамадзян. Але яна звярнулася да суда з прапановай ужыць у межах санкцыі артыкула пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Суддзя Сяргей Салоўскіпасля сканчэння спрэчак абвясціў перапынак у судовым пасежанні «для падрыхтоўкі абвінавачанага да апошняга слова». Максім Ялканаў выступіць з ім у 10 гадзін раніцы 18 чэрвеня. 

"Апаненцікі едуць". У судзе над Максімам Ялканавым з Рэчыцы дапыталі сведкаў

На працягу трох судовых пасяджэнняў праходзіў допыт сведкаў. Усе, каго дапытвалі – сябры Ялканава, якія былі разам з ім 10 жніўня 2020 года.

Максім Ялканаў быў прызнаны палітзняволеным. Падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства