У Брэсце пачаўся суд над другой партыяй абвінавачаных па "пінскай справе"
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 31 траўня распачаўся разгляд крымінальнай справы па масавых беспарадках у Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года ў дачынні да ячшэ 11 чалавек.
Справу вядзе суддзя Вера Філонік. Бок дзяржабвінавачвання прадстаўляюць Міхаіл Дайнэка і Сцяпан Ляшок.
На лаве падсудных мужчыны:
- Волкаў Сяргей
- Германовіч Леанід
- Колб Валянцін
- Лапух Аляксандр
- Мацук Андрэй
- Хаміцэвіч Уладзімір
- Хвескавец Андрэй
- Цібец Сяргей
- Шаламіцкі Аляксандр
- Шаламіцкі Сяргей
- Шандыба Аляксандр
Сёння ў залю суда патрапілі не ўсе жадаючыя, нават шмат родных абвінавачаных на працэс не пусцілі. Таксама вядома, што Уладзімір Хаміцэвіч не знаходзіўся пад вартай, у суд не з’явіўся.
Паводле абвінавачвання, усе мужчыны нібыта ўзялі ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), якія былі спалучаныя з гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, пагромах і знішчэнні маёмасці каля будынка Пінскага райвыканкама, чым груба парушылі грамадскі парадак. Пратэстоўцы наносілі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі: дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных плітаў, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля гэтага былі знішчаныя і пашкоджаныя транспартныя сродкі і іншая маёмасць, якая належыла АУС, фізічным і юрыдычным асобам.
У выніку пацярпелымі па справе прызнаныя 109 супрацоўнікаў міліцыі, якім былі прычыненыя лёгкія цялесныя пашкоджанні, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя.
Толькі Леанід Германовіч прызнаў віну цалкам, астатнія абвінавачаныя – прызналі віну часткова.
Суд пастанавіў парадак разгляду справы: спачатку дапытаюць пацярпелых і сведкаў, потым будуць выступаць абвінавачаныя.
Інфармацыя будзе дапоўненая
Нагадаем, першай частцы абвінавачаных па гэтай справе суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў.
14 палітвязняў "пінскай справы" пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў