Палітвязня Аляксандра Троцкага, асуджанага да 10 гадоў зняволення, перавялі ў магілёўскую турму яшчэ да апеляцыі
Палітзняволенага 45-гадовага бізнэсмена Аляксандра Троцкага, асуджанага 5 сакавіка Мінгарсудом за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) да 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, перавялі з мінскага СІЗА №1 у магілёўскую турму №4. Апеляцыйную скаргу на прысуд Троцкага будуць разглядаць толькі 15 чэрвеня ў Вярхоўным судзе. Вядома, што палітвязня перыядычна змяшчаюць у карцар і блакуюць перапіску з роднымі. Пра гэта "Вясне" паведамілі сваякі палітвязня.
Як распавялі сваякі Аляксандра Троцкага, доўгі час яны не маглі даведацца, дзе ён знаходзіцца. Акрамя таго, палітвязня змяшчалі ў карцар, але ні прычыны спагнання, ні яго тэрміны сваякі даведацца не могуць.
Таксама Аляксандру не аддаюць лісты ад жонкі і дзяцей. Палітвязень не атрымліваў ад родных карэспандэнцыю амаль два месяцы. Пра гэта ён сама напісаў у нядаўнім лісце родным. Пры гэтым, падкрэсліў, што ад іншых сваякоў і людзей яму аддаюць некаторыя лісты.
Сваякі Аляксандра таксама адзначаюць, што да яго ўжо пяць месяцаў не можа патрапіць натарыус. Без засведчаных Аляксандрам дакументаў ягоная фірма не можа функцыянаваць у нармальным рэжыме.
Суд па прысуду абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.
"Шкоду яшчэ не выплацілі. Чакаем апеляцыю і збіраем па-ціху грошы, хаця бацька прасіў па магчымасці не плаціць", — распавёў сын Аляксандра.
Нагадаем, Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнэсмена Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачвання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Па словах Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ "дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся прама ў галаву", пасля гэтага ён з'ехаў з месца. Пасля затрымання Троцкага моцна збілі. З чэрапна-мазгавой траўмай пад канвоем і ў кайданках ён правёў у шпіталі тры тыдні. Затым Аляксандра Троцкага перавялі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК). Але перад перадачай справы ў пракуратуру следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш жорсткае — замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў.Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Аляксандра вінаватым па арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў прасіў пакараць Троцкага 11 гадамі калоніі. Гэта рэкордны тэрмін зняволення для затрыманага падчас пратэстаў. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.
|
Падрабязнасці пра суд над Аляксандрам Троцкім мы пісалі тут:
За наезд на ДАІішніка пракурор просіць пакараць Аляксандра Троцкага 11 гадамі калоніі
Без відэадоказаў і па намаляваных схемах АМАПаўцаў. Як судзяць за наезд на ДАІшніка мінчука, якому пагражае да 25 гадоў калоніі
"Супрацоўнік ДАІ дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок". Мінчука судзяць за замах на забойства супрацоўніка