Мужчыну асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за тое, што на акцыі схапіўся за дубінку амапаўца

2021 2021-05-13T17:33:16+0300 2021-05-13T17:34:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/4_kastr_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна прайшоў разгляд крымінальнай справы супраць 55-гадовага Анатоля Пятроўскага, абвінавачанага па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі на акцыі пратэсту. Справу разглядала суддзя Наталля Бугук. Яна прысудзіла мужчыне тры гады "хатняй хіміі".

Паводле абвінавачвання, падчас акцыі пратэсту, якая праходзіла ў Мінску на праспекце Пераможцаў 4 кастрычніка, Пятроўскі, перажываючы пачуццё помсты, здзейсніў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўніка АМАПа Зюкіна, а менавіта схапіў яго гумовую дубінку і ажыццявіў рывок, тым самым прычыніўшы яму фізічны боль.

Пасля гэтага на мужчыну завялі крымінальную справу па артыкуле аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК) і па артыкуле аб актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). 29 сакавіка крымінальная справа аб «групавых дзеяннях» было спынена з-за адсутнасці доказаў. Да суда мужчына знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.

Акцыя пратэсту ў Мінску, Фота TUT.BY
Акцыя пратэсту ў Мінску, Фота TUT.BY

Пятроўскі прызнаў сваю віну, за выключэннем таго, што адчуваў пачуццё помсты, так як пацярпелага амапаўца ён раней не ведаў.

На судзе абвінавачаны распавёў, што ў той дзень ішоў у кінатэатр "Масква", але на праспекце ўбачыў счэпку пратэстоўцаў. Ён падышоў бліжэй і стаў сведкам таго, як амапавец замахнуўся на дзяўчыну. Ён падумаў, што той хоча стукнуць яе па галаве дубінкай. Тады Пятроўскі схапіўся адной рукой за дубінку са спіны амапаўца і пацягнуў яе (у другой руцэ Пятроўскага была бутэлька з вадой). Затым яго затрымалі і адвялі ў аўтазак.

Па словах Пятроўскага, ён паддаўся імгненнаму пачуццю, абараняючы дзяўчыну. Ён прынёс прабачэнні пацярпеламу.

Пацярпелы амапавец Зюкін адмаўляў той факт, што ён замахнуўся на дзяўчыну. Ён распавёў, што ў той дзень супрацоўнікі АМАПу затрымлівалі пратэстоўцаў, бо тыя, па яго словах, кідалі ў іх бутэлькі і распылілі ў бок супрацоўнікаў газ.

Прадстаўнік дзяржабвінавачання Язерскі падчас спрэчак пагадзіўся з тым, што матыў помсты ў Пятроўскага адсутнічаў. Таксама ён прыняў да ўвагі, што абвінавачаны характарызуецца станоўча па месцы працы, што яго сын вучыцца ва ўніверсітэце на другім курсе на бюджэтным аддзяленні, што ён не паліць і мае захворванне сэрца (гіпертанія 2 ступені). Язерскі папрасіў суд не пазбаўляць яго свабоды і прымяніць пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Абаронца Пятроўскага папрасіў вынесці яму мінімальна магчымае пакаранне.

13 траўня суддзя Наталля Бугук абвясціла прысуд паводле справы: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Столькі, колькі напярэдадні запытаў пракурор. Таксама суд вынес прыватную пастанову ў адрас працадаўцы Пятроўскага аб тым, што адной з умоў здзяйснення Пятроўскім злачынства стаў недастаткова высокі ўзровень арганізацыяй правядзення выхаваўча-прафілактычнай працы з супрацоўнікамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства