viasna on patreon

Пракурор просіць пакараць палітзняволенага барабаншчыка Санчука 6 гадамі калоніі

2021 2021-05-08T00:08:38+0300 2021-10-01T15:55:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sanchuk_90.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Маскоўскага раёна Мінска ўжо трэці тыдзень судзяць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. Яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). 7 траўня на працэсе палітвязня адбыліся судовыя спрэчкі. Пракурор Яўген Серакоў папрасіў суддзю Таццяну Пірожнікаву пакараць Санчука шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. "Вясна" назірае за гэтым працэсам і распавядае яго акалічнасці.

Аляксей Санчук. Скрыншот з навінаў АНТ
Аляксей Санчук. Скрыншот з навінаў АНТ

Нагадаем, у лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. Музыкаў адміністрацыйна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але адзін з затрыманых тады — Аляксей Санчук — пасля 15-сутачнага арышту так і не выйшаў на волю. Супраць яго распачалі крымінальную справу. На "пакаяльным відэа" АНТ Аляксей пасля затрымання толькі сказаў"Я вучыў рытм". Па словах іншых затрыманых музыкаў, пры затрыманні супрацоўнікі ГУБАЗіКа збівалі Аляксея і патрабавалі пароль ад тэлефона.

Жонка палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука: Дачка лічыць яго Героем

"Вясна" паразмаўляла з жонкай Аляксея, сабрала храналогію яго пераследу і распавядае, як барабаншчык стаў фігурантам крымінальнай справы па "пратэсным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

У чым абвінавачваюць барабаншчыка?

Аляксея Санчука абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Згодна з версіяй абвінавачвання, Аляксей Санчук "пад выглядам масавых мерапрыемстваў" у Мінску здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам УУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам. Гэтым ён здзейсніў злачынства, прадугледжаннае ч. 1 арт. 342 КК.

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 году Аляксей Санчук браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансавання пратэстаў.

За блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада «Мінсктранс» выставіў яму пазоў на суму 161 900 рублёў.

Таксама па версіі следства, ён "арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Яго абвінавачваюць у тым, што ён ажыццявіў навучанне асоб для ўдзелу ў масавых мерапрыемствах, здзяйснення гучных воплескаў рукамі, якія парушаюць спакой грамадзян. Гэта ч. 2 арт. 342 КК.

Па версіі абвінавачвання, з чэрвеня па лістапад 2020 года Санчук па папярэдняй змове з мэтай выказвання палітычных поглядаў стварыў тэлеграм-чат, які мае ў сваёй назве слова "Крыжыкі".

Па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) яго абвінавачваюць за тое, што ў яго падчас вобшуку былі знойдзеныя 67 небяспечных піратэхнічных вырабаў(кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), петарды, газавыя балончыкі, 18 лазерных указак, аптычная сістэма назірання, пнеўматычная стрэльба і іншае.

Санчук прызнаў сябе вінаватым па ч.1 і 2 арт. 342, а па ч. 3 арт. 293 і арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК — віну не прызнае.

Палітзняволенага барабаншчыка Санчука судзяць па некалькіх "пратэсных" артыкулах Крымінальнага кодэкса

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 30-гадовага палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука. У лістападзе ў Мінску на рэпетыцыі сілавікі затрымалі групу барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў.

"Хацелі паказаць, што мы адзін народ". Што казаў Санчук на судзе?

Дапытвалі Аляксея некалькі паседжанняў. Допыт ажыццяўляўся ў форме пытанняў ад пракурора.

На судзе агучвалі паказанні Аляксея, дадзеныя падчас следства, бо яны не супадаюць з тым, што ён казаў на судзе. Але Санчук заявіў на судзе, што не пагаджаецца з імі і не падтрымлівае, бо «ён такого не казаў».

«Заяўляю, што следчая прыспешвала мяне, канфіскоўвала матэрыялы падчас азнаямлення. Забірала ў мяне часткі матэрыялаў справы і казала, што я не маю права азнаямлівацца з матэрыяламі справы. Забараняла мне перапісваць дадзеныя матэрыялаў справы. Прашу браць пад увагу толькі допыты на судзе», — сказаў палітвязень на працэсе 7 траўня.

На пытанне пракурора пра блакаванне дарог Санчук адказваў наступнае:

«Мяне знаёмыя паклікалі прагуляцца, быў якраз выходны дзень. Мне было цікава, я ні разу такога не бачыў. Хацелі паказаць адзін аднаму, што мы адзіныя, мы адзін народ, мы хочам стабільнасці і мірнага неба над галавой. Я бачыў супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі, якія блакавалі рух яшчэ да таго месца, дзе праводзіўся Марш. Мне здаецца, гэта было зроблена, каб прадбачыць ДТЗ. Людзі не блакавалі грамадскі транспарт.

Бачыў супрацоўнікаў 1 лістапада. Да гэтага дня я ні разу не чуў патрабаванні разысціся. 1 лістапада пачуў і выканаў гэтае патрабаванне.  Мы пайшлі на бліжэйшы прыпынак і паехалі ў бок Лагойскага тракту. Там мне мая сяброўка дала маленькі лазер. Каб я пасвяціў куды-небудзь, каб мы сталі больш прыкметнымі і маглі сустрэць нашых знаёмых. Я пасвяціў на дрэва».

Аляксей Санчук заявіў на судзе, што на яго аказваўся ціск падчас азнаямлення з матэрыяламі справы. Таксама ён распавёў, што незадоўга да затрымання яму зрабілі аперацыю на вока, таму ён прасіў лекара ў следчы ізалятар. Са слязамі Аляксей распавёў, што яму яго не прадаставілі, а толькі прыспешвалі знаёміцца з матэрыяламі справы.

Аляксей Санчук адказваў адмоўна на пытанні дзяржаўнага абвінаваўца аб распаўсюду інфармацыі пра месцы збору Марша, распаўсюдзе “пратэснай” прадукцыі, фінансаванні чата, блакіроўкі дарог.

Пракурора таксама цікавіла, ці абмяркоўваў Санчук са сваім знаёмым гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супраціў. Аляксей адказваў, што яны “мірныя, і не хацелі прымяняць гвалт ні адной жывой істоты”.

Таксама дзяржабвінаваўца запытваўся ў Аляксея, ці збіраў ён грашовыя сродкі для перадач затрыманым, ці сам збіраў перадачы або проста перадавалі грошы. На што Санчук сказаў, што ён аддаваў грашыма.

Сярод рэчавых доказаў па справе ёсць музычныя калонкі. Пракурора цікавіла, ці выкарыстоўваліся яны на Маршах і велапрабегах, на што Санчук адказваў адмоўна.

Пры ператрусах у Аляксея былі знойдзеныя маркеры чырвонага колеру, сцягі, улёткі, «Честная газета», купюры з выявай Ціханоўскай, каляндарыкі «Страна для жизни», белыя бранзалеты, балоны з фарбай, газавыя балоны і іншыя рэчы “пратэснага толку” — гэта ўсё выкарыстоўвалася ў якасці доказаў віны Санчука па прад'яўленых абвінавачваннях.

Таксама сярод рэчавых доказаў фігуруе стрэльба для падводнага палявання, якое было знойдзена падчас ператрусу ў гаражы ў іншага чалавека, але на судзе Санчук заявіў, што ўпершыню бачыць яго, а «да гэтага ўпершыню прачытаў пры азнаямленні з матэрыяламі справы». На зброі не было адбіткаў Аляксея. Такая ж сітуацыя і з піратэхнікаў, якая выступае ў якасці доказаў віны Санчука.

Пракурор Яўген Серакоў папрасіў суддзю Таццяну Пірожнікав прызнаць Санчука вінаватым па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка дзеянняў, актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 293 (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках) і арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і пакараць Санчука шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

У апошнім слове Аляксей Санчук сказаў:

«Прашу прызначыць пакаранне, якое дазволіць мне бачыцца з сям'ёй. Прашу не пазбаўляць дзіця бацькі, маці — сына, жонку — мужа».

Прысуд па справе будзе абвешчаны 13 траўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства