У Мінску судзяць мужчыну, які ўдарыў па камеры назірання каля ІЧУ на Акрэсціна
У судзе Першамайскага раёна Мінска чацвёртага траўня разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да Яўгена Рапіна, які абвінавачваецца паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за тое, што ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла памочнік пракурора Зубко. Да суда абвінавачаны Рапін знаходзіўся пад асабістым паручыцельствам, на пасяджэнне з'явіўся па позве.
Паводле абвінавачвання, падчас несанкцыянаванай акцыі пратэсту 4 кастрычніка па маршруце Няміга, вул. Кальварыйская, праспекты Пераможцаў, Жукава, Дзяржынскага, Пушкінска, Машэрава Яўген Рапін у стане алкагольнага ап'янення для выказвання сваіх палітычных поглядаў далучыўся да групы грамадзян, публічна выкрыкваў лозунгі, ажыццяўляў гучныя воплескі рукамі, неаднаразова адмовіўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў аховы правапарадку, наўмысна перашкаджаў руху транспарту. Таксама па адрасе 1-ы завулак Акрэсціна ён нанёс два ўдары па вонкавай камеры ізалятара часовага ўтрымання.
Памочнік пракурора Зубко хадайнічала аб далучэнні да справы іскавай заявы «Мінсктранс» на пакрыццё матэрыяльнага ўрону ў памеры 18 624 рублёў 45 капеек.
Яўген Рапін працуе на рынку ў Ждановічах грузчыкам, жанаты, бацька трох маленькіх дзяцей (малодшы нарадзіўся тры тыдні таму). Раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах, а таксама па артыкуле аб ілжывым даносе.
Ён распавёў, што ва «ВКонтакте» на старонцы «Радыё свабода» даведаўся аб зборы пратэстоўцаў каля Стэлы. Рапін прызнаў, што перад акцыяй разам з сябрам Вадзімам і братам выпілі на траіх бутэльку гарэлкі. Яны прайшліся маршам са Стэлы да ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там ён убачыў раней невядомага яму маладога чалавека, які заклейваў камеры налепкі з выявай Лукашэнкі. Гэта быў Ігар Пражэннікаў (ужо асуджаны па падобнай справе на 1,5 года калоніі, прызнаны палітвязням, - Заўв.). Ігар прапанаваў Яўгену збіць камеры, і той, не падумаўшы, пагадзіўся. Ігар і яшчэ адзін чалавек падсадзілі яго, каб ён ударыў палкай па камеры. Яўген ударыў, але пашкоджанняў не было. Пазней у парку каля Акрэсціна ён сустрэў сябра, і там іх затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пасля затрымання Рапін атрымаў 14 сутак арышту.
Заляпляў відэакамеры каля ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. У Мінску судзяць 21-гадовага палітвязня
На судзе Рапін адзначыў, што на пратэсты больш выходзіць не плануе. Ён цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся. Таксама ён прызнаў пазоў ад "Мінсктранса" і паабяцаў яго выплаціць.
У якасці сведкі на пасяджэнні выступіў брат Рапіна. Ён пацвердзіў, што да акцыі сустракаўся з Яўгенам і сябрам, а затым паехаў на футбол. Пра тое, што рабіў далей Яўген, ён нічога не ведае.
Былі зачытаныя пісьмовыя паказанні супрацоўніка ІЧУ на Акрэсціна Івана Пятроўскага. Ён пацвердзіў, што бачыў у акно КПП, як Рапін пачаў праводзіць маніпуляцыі з камерай, але збіць не змог. Таксама бачыў, як заляпляюць камеры налепкамі, з-за чаго агляд быў абмежаваны. Але ў выніку камеры не былі пашкоджаныя.
Пасля вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы, скрыншотаў і відэазапісаў з камер вонкавага назірання і тэлеграм-каналаў дзяржабвінаваўца Зубко запытала для Рапіна тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Рапін, у сваю чаргу, папрасіў даць яму мінімальны шанец выправіцца без абмежавання волі.
Прысуд па справе будзе абвешчаны ў 10.20 6 траўня.