viasna on patreon

Заляпляў відэакамеры каля ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. У Мінску судзяць 21-гадовага палітвязня Фота

2021 2021-02-09T19:10:00+0300 2021-02-09T19:04:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/igar_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 9 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць 21-гадовага палітвязня Ігара Пражэннікава. Яго абвінавачваюць у тым, што ён 4 кастрычніка на "Маршы вызвалення палітвязняў" блакаваў рух счэпкамі, заляпляў налепкамі камеры відэаназірання каля ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, чым прыпыніў працу гэтых ўстановаў, блакаваў рух спецтранспартам на Акрэсціна. Таксама Ігара абвінавачваюць у прыпыненні руху ў Мінску 4 кастрычніка блізу 50 транспартных сродкаў. «Мінсктранс» выставіў пазоў амаль у 19 тысяч рублёў. Справу палітвязня разглядае суддзя Юлія Чыж. "Вясна" назірае за гэтым судовым працэсам і распавядае абставіны гэтай справы.

igar_viasna.jpg
Палітвязень Ігар Пражэннікаў. Фота: spring96.org

Не выйшаў пасля "сутак"

Сам Ігар нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Марыупаль Данецкай вобласці. Потым ён пераехаў у Магілёў, дзе скончыў палітэхнічны каледж па спецыяльнасці "праграміст". Апошнія некалькі гадоў ён жыў і працаваў у Мінску. Апошняе месца працы: колл-цэнтр у піцэрыі. 

Ігара Пражэннікава затрымалі 4 кастрычніка каля дома пасля "Маршу вызвалення палітвязняў". На яго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па арт. 23. 34 КаАП і асудзілі на 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

У дзень затрымання прэс-служба МУС апублікавала з Ігарам прызнальнае відэа:

МУС паведаміла, што "супрацоўнікі ГУБАЗіК устанавілі асобы тых, хто адзначыўся актыўнымі супрацьпраўнымі дзеяннямі падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Мінску".

"Маладыя людзі (ад 21 да 30 гадоў) каардынавалі натоўп, а таксама ўдзельнічалі ў счэпцы і блакаванні дарожнага руху. Яшчэ два 21-гадовыя хлопцы з Нясвіжа і Магілёва падазраюцца ў тым, што заляпілі аб'ектыў камеры вонкавага назірання на будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў", – паведамлялі ў ведамстве, у тым ліку, пра Ігара.

Пасля адбыцця 13-сутачнага арышту Ігара Пражэннікава не адпусцілі, так як яго затрымалі ўжо ў рамках крымінальнай справы па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). З ізалятара на Акрэсціна яго перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага. За кратамі Ігар знаходзіцца ўжо чатыры месяцы.

У чым вінавацяць хлопца?

Дзяржаўнае абвінавачванне па гэтай справе ў судзе падтрымлівае намесніца пракурора Фрунзенскага раёна Крысціна Асран. Ігара Пражэннікава абвінавачваюць у тым, што ён 4 кастрычніка на працягу трох гадзін у мэтах выканання публічных заклікаў з 9 жніўня ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у сетцы-інтэрнэт, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А менавіта, Ігара абвінавачваюць у тым, што ён з групай асоб выкрыкваў лозунгі, стаяў у счэпцы на Пушкінскай і Міхалова, пляскаў у далоні, неаднаразова адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, наўмысна перашкаджаў рух транспарту і працы прадпрыемстваў. 

Пракурорка зачытала з абвінавачвання, што дзеяннямі Ігара і іншых асоб 4 кастрычніка быў прыпынены рух каля 50 транспартных сродкаў. Па разліках «Мінсктранса» шкода склаў 18 624 рублёў 45 капеек. У матэрыялах справы на такую суму быў заяўлены пазоў. Акрамя таго, асноўнае, у чым абвінавачваюць Пражэннікава – гэта заклейванне відэакамер каля ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна:

"...Пражэннікаў прыпадняў неўстаноўленую асобу, пасля чаго гэтая асоба нанесла два ўдары неўстаноўленымі ў ходзе следства прадметамі па камерах вонкавага відэаназірання, а затым Пражэннікаў, працягваючы свае групавыя дзеянні, заляпіў самаклейнай паперай адну з вонкавых камер, размешчаных каля брамы, агляднае акно дзверы і акно кантрольна-прапускнога пунктат ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, тым самым зачыніўшы агляд падзеяў, якія адбываюцца дзеянні з боку мітынгоўцаў, абмежаваў магчымасць супрацоўнікам ЦІП і ІЧУ ацэньваць сітуацыю, якая склалася, і аператыўна рэагаваць на яе змяненне".

Таксама Ігара Пражэннікава абвінавачваюць у блакаванні ўезду і выезду спецсродкаў з тэрыторыі ЦІП і ІЧУ.

Віну Ігар прызнаў у поўным аб'ёме. На думку пракуроркі Асран віна Пражэннікава пацвярджаецца яго паказаннямі, сведкавымі паказаннямі, аглядам месца здарэння, відэазапісамі, а таксама фота, дзе Ігар стаіць у счэпцы. 

Ігар Пражэннікаў першы злева
Ігар Пражэннікаў першы злева

"Хацеў даведацца, ці будуць перавыбары". Што кажа на судзе палітвязень?

"У 14:30 я выйшаў з дому і пайшоў на стэлу. Я не ведаў, што ёсць мітынг. Але як не ведаў... Я ведаў, што кожную нядзелю каля Стэлы праходзіць у Мінску мітынг. Я хацеў даведацца, чым усё скончыцца: ці будуць перавыбары. У верасні я 2 разы ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах. Першы раз я пайшоў з цікаўнасці: я такога ніколі не бачыў у жыцці. Другі раз я сустрэў натоўп, калі вяртаўся з рынку.

4 кастрычніка з дому на Каменнай Горцы я даехаў да Пушкінскай. Я ўбачыў у інтэрнэце, як на выбарах бюлетэні ўкідваюць за кандыдатаў. Не ведаю за якіх. Быў не задаволены, адчуваў сябе падманутым. Я 4 кастрычніка хацеў выказаць сваю пазіцыю, што быў падманутым", – распавядае Ігар.

Пракурорка задавала шмат пытанняў, ці ўпэўнены Пражэннікаў у сапраўднасці відэазапісаў і як гэта звязана з падзеямі 4 кастрычніка. Ігар патлумачыў, што ў жніўні ён мог удзельнічаць у масавых мерапрыемствах, таму што ён кожны дзень працаваў.

"Я хацеў паглядзець, як гэта, калі 100 тысяч чалавек выходзяць на вуліцу"

Па словах Ігара, на Пушкінскай ён сустрэў шматтысячны натоўп на праезнай частцы.

"Мэтанакіравана ў нікога не было мэты перашкаджаць транспарту. Але каму трэба было, той праехаў. На маю думку, хто хацеў праехаць, той праехаў. Я ў той момант не задумваўся, ці перашкаджаю я транспарту".

Пракурорка пытаецца ў Ігара, ці разумеў ён адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 

"Я хацеў паглядзець, як гэта, калі 100 тысяч чалавек выходзяць на вуліцу! Я не хацеў чытаць гэта з газет або TUT.BY. Я хацеў убачыць гэта на свае вочы, разумееце?"

Па словах Ігара, у натоўпе яму было нязручна ісці. Потым нехта крыкнуў на Пушкінскай: "Хлопцы, давайце ў счэпку!" Як кажа Ігар, ён хацеў ісці ў першым шэрагу. Яму было так камфортна і цікава. У счэпку сталі 20 чалавек, у тым ліку Ігар. 

Як распавядае Ігар, ён крычаў толькі адзін лозунг: "Аўтазакі ў аўтазак". Пракурорка запытваецца, ці толькі гэта крычаў ён з лозунгаў:

"У мяне і так звязкі слабыя. Што я буду горла ірваць, лозунгі гарлані. Людзі таксама пракрычалі і супакоіліся: што яны не людзі 2 гадзіны крычаць?

Ну Вы ўяўляеце, што ў чатах куча інфармацыі? Калі я быў ва Украіне з 5 жніўня да 5 верасня, то чуў, што ў Беларусі такое адбываецца! На вуліцах ва Украіне ўсе казалі, што ў Беларусі нешта адбываецца, якога ніколі не было. Тады я падпісаўся ў тэлеграме на Нехту і "Беларусь галаўнога мозгу".

Пражэннікаў патлумачыў у судзе, што ён адтуль і ведаў, што кожную нядзелю праходзіць мітынг каля стэлы. Ён не мог адказаць на пытанне пракуроркі, чым адрозніваецца несанкцыянаванае масавае мерапрыемства ад дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 

"Выбачайце, але я ж не стварыў гэты натоўп і не павёў яго па дарозе. Я не бачу небяспекі ў тым, што не ездзіць грамадскі транспарт".

Ігар распавядае, што калі яны падыходзілі да ІЧУ на Акрэсціна, то ён нават не ведаў, што гэта за будынак. Ён спытаў у незнаёмай жанчыны, яна распавяла яму, што гэта турма.

"Я ішоў паглядзець, што гэта такое. Хацеў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю". 

Пракурорка Крысціна Асрян. Фота: spring96.org
Пракурорка Крысціна Асран. Фота: spring96.org

"Я не кожны дзень хаджу да турмы"

Калі прыйшлі ў дворык да ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, Ігар пачаў аглядаць будынак: яму было цікава.

"Я не кожны дзень хаджу да турмы. Мне было цікава. Зверху на даху будынка быў хлопец у балаклаве, ён здымаў усё на камеру. Было напружанне. Гэта ж турма: людзі баяліся. Людзі крычалі таму хлопцу ў балаклаве: "Прыгай!" Потым ён сышоў. Людзі пачалі расклейваць і раздаваць БЧБ-налепкі".

Па словах Ігара, нейкі незнаёмы хлопец прапанаваў яму такую налепку памерам 6х4 сантыметраў наляпіць на камеру над дзвярыма ЦІП:

"Ну гэта яркае месца. Я падняў руку і наляпіў яе на відэааб'ектыў камеры. Я наляпіў налепку — стаў любавацца ёй. Для мяне гэта здавалася яркім месцам: наклеіў для прыгажосці".

"Ну папрасіў аб дапамозе — што мне ў дапамозе чалавеку адмаўляць?" 

Ігар тлумачыць, што ён не думаў, што гэта абмяжуе агляд супрацоўнікам ЦІП. Потым да яго падышоў хлопец і папрасіў падсадзіць яго да відэакамеры:

"Ну папрасіў аб дапамозе — што мне ў дапамозе чалавеку адмаўляць? Чалавек быў добры на твар, ён мне спадабаўся. Я падсадзіў хлопца, але ён пачаў біць металічным прутам па камеры каля брамы ЦІП".

Калі Ігар пачуў два ўдары, то ён спусціў хлопца:

"Я сказаў "Не, хопіць! Ён хацеў збіць камеру. Але я не ведаю, што ён хацеў зрабіць: можа павыпендрывацца, паказаць, які ён круты.

Зразумейце, я наклеіў сваю налепку і любаваўся ёй. Але прута гэтага ў яго не заўважыў — я быў у сваіх думках".

Ігар таксама паперай заляпіў вочка ў дзверы КПП ЦІП. Яму паперу перадаў незнаёмы хлопец. Аказалася, што гэта была ўлётка. Гэта была "ўлётка з хлопцам, які загінуў ад дзеянняў міліцыянта" [з выявай Мікітам Крыўцовым].

"Атрымалася нейкая бессэнсоўнасць"

Пракурорка пытаецца, чаму Ігар вырашыў заляпіць акно КПП. Ён распавёў, што яму спадабалася гэта месца. Таксама па словах Ігара, ён расклеіў усе чатыры налепкі і тыя, што засталіся ўлёткі. Ігар распавёў, што заляпіў акенца КПП, дзе сядзеў дзяжурны: 

"Таму што ён сядзеў расслаблены: глядзеў і смяяўся. У мяне гэта выклікала незадаволенасць: "На табе налепку тады!" Гэта была эмоцыя. Я не магу кантраляваць гэтыя эмоцыі.

Потым я хадзіў глядзеў на гэта: атрымалася нейкая бессэнсоўнасць. Але здзіраць ужо не стаў".  

Потым Ігар сышоў з пратэстоўцамі, але вярнуўся праз некаторы час з іншай хваляй пратэстоўцаў і ўбачыў, што налепкі ўжо прыбралі. Па словах Пражэннікава, ён узрадаваўся гэтаму.

Суддзя Юлія Чыж. Фота: spring96.org
Суддзя Юлія Чыж. Фота: spring96.org

"За мной бягуць невядомыя людзі ў балаклавах і крычаць мацюкамі"

Затрымалі Ігара ўжо каля дома 4 кастрычніка, калі ён выйшаў у краму. Паводле яго слоў пад'ехаў мікрааўтобус, адтуль выбеглі супрацоўнікі ў балаклавах:

"Яны закрычалі: "Стаяць, бл*ць!" І я пабег! Таму што за мной бягуць невядомыя людзі ў балаклавах і крычаць мацюкамі. Побач са мной бегла 15-гадовая дзяўчына, я ўзяў яе сумку, каб ёй удалося ўцячы. Ну я не ўцёк".

Пры сабе ў Ігара не было ні тэлефона, ні партфеля: толькі сумка 15-гадовай дзяўчыны, дзе была яе касметыка і дакументы. Пракурорка задае шмат пытанняў, чаму ж Ігар не браў з сабой тэлефон на мітынг. Ён патлумачыў, што ў яго маленькія кішэні: ён не браў нават грошай. Тэлефон не браў, таму што баяўся страціць яго ці выкрадуць.

Пасля затрымання Ігара зноў прывезлі ў ІЧУ: ужо трэці раз за дзень. Ігара асудзілі там па арт. 23.34 КаАП на 13 сутак. Ігар сказаў, што раскайваецца ў зробленым.

"Я зрабіў высновы і паспрабую ў будучыні закон не парушаць".

Пражэннікаў растлумачыў, што ў сваіх дзеяннях мог паддацца настрою натоўпу.

"Для мяне важней сям'я", — паглядзеў на маму, якая заплакала ў гэты момант.

У судзе даследуюцца пісьмовыя матэрыялы справы і відэазапісы. Пракурорка зачытала заклік на "Марш вызвалення палітвязняў" 4 кастрычніка, які быў размешчаны ў телеграм-канале Нехты.

Судовае пасяджэнне працягнецца 16 лютага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства