Абвешчаны прысуд Уладзіміру Жыхару, які нібыта адабраў у амапаўца траўматычны пісталет і адвалтузіў яшчэ некалькіх
Суд Савецкага раёна Мінска 30 красавіка вынес прысуд Уладзіміру Жыхару, які нібыта пад час маршу на Дразды выхапіў у супрацоўніка міліцыі траўматычны пісталет “Аса” і нанёс цялесныя пашкоджанні некалькім амапаўцам.
Жыхара абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- частка 1 артыкула 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
- артыкул 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
- частка 2 артыкула 206 КК (рабаванне, спалучанае з гвалтам, альбо з пагрозай прымянення такога гвалту).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. Дзяржабвінаваўца - пракурор Анастасся Маліко.
Па справе праходзілі восем пацярпелых супрацоўнікаў амапу: Дзямідаў, Кісялёў, Анатоль Грыбоўскі, Дзмітрый Колчын, Андрэй Назараў, Іван Леснікоў, Сяргей Бурак, і Крукаў.
Па матэрыялах следства, 13 верасня Жыхар з групай асоб удзельнічаў ў парушэнні грамадскага парадку (парушэнне працы транспарту, перашкаджалі працаваць цырульні “Кот Матроскін”, Фікс-Прайсу, Белфармацыі), тым самым абмежавалі права грамадзян на свабодную працу і адпачынак.
Па дарозе ў Дразды, па Ціхаму завулку каля дома 6, маючы ідэю прымянення гвалту да супрацоўніка амапу Грыбоўскага, схапіў яго і паспрабаваў выцягнуць з аўтамабіля. Пагражаў прымяненнем гвалту камандзіру Бураку, Дзяміду, Кісялёву, Крукаву з мэтай перашкодзіць іх абавязкам. Спрабаваў таксама выхапіць траўматычны пісталет.
"Хочацца верыць, што некалі краіна стане свабоднай". Апошняе слова Уладзіміра Жыхара ў судзе
Пракурор Анастасія Маліко запрасіла для Жыхара пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Прадстаўнік прадпрыемства “Мінсктранс” прад’явіў Жыхару матэрыяльную шкоду з-за перабояў у працы грамадскага транспарту ў памеры 30 тысяч 1 рубель 82 капейкі.
У сваім апошнім слове Жыхар сказаў, што ў нас адабралі права абараняць сваё жыццё і што хочацца верыць, што некалі краіна стане свабоднай і наш народ будзе жыць на сваёй зямлі.
Суддзя Якунчыхін абвясціў прысуд: прызнаць вінаватым па арт. 342 КК і прызначыць пакаранне тэрмінам тры гады абмежавання волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу, па арт. 364 КК - чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і па арт. 206 КК - два гады калоніі агульнага рэжыму.
У сукупнасці, шляхам частковага накладання, прызначыць канчатковае пакаранне - пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Кампенсацыі маральнай шкоды:
Грыбоўскаму – 1 000 рублёў;
Дзямідаву – 1 000 рублёў;
Кісялёву – 1 000 рублёў;
Крукаву – 1 000 рублёў;
Бураку – 1 000 рублёў;
Леснікаву – 3 000 рублёў;
Колчыну – 1 000 рублёў.
Таксама суд прызнаў права “Мінсктранса” аб спагнанні з Жыхара матэрыяльнай шкоды ў памеры 30 тысяч 1 рубель 82 капейкі ў грамадзянскім працэсе.