Пракурор просіць па 6 і 6 з паловай гадоў для давераных асоб Ціханоўскай з Гомеля Дапоўнена
27 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёну адбыліся судовыя спрэчкі па крымінальнай справе ў дачыненні давераных асоб Святланы Ціханоўскай — Таццяны Канеўскай, Юрыя Ўласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах па «захопе будынкаў».
Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Дзяржаўныя абвінаваўцы на працэсе - Мікушаў і Астапенка.
У дачыненні да палітвязняў Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна ўзбуджаныя крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) і па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).
Пракурор Дзяніс Мікушаў выказаўся, што віна чатырох жыхароў Гомля даказана цалкам. Ён запатрабаваў пакараць Юрыя Ўласава — 6 з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Таццяну Канеўскую — 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці паведамляе Радыё Свабода.
Адвакаты ў сваіх выступах зазначалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і на відэа, з якога вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы былі на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў.
Адвакаты звярталі ўвагу, што няма доказаў абвінавачаньня ў частцы таго, што абвінавачаныя «спрабавалі вербаваць былых сілавікоў», «планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі». Калі яны размаўлялі з Ціханоўскай пра грошы, то гаворка ішла пра фінансаванне цалкам легальнага пікету, заплянаванага на 7 жніўня.
Суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Ціханоўскай: абвінавачваныя скардяцца на фізічны і маральны ціск
З апошнім словам на сёняшнім паседжанні выступілі Таццяна Канеўская, Юрый Уласаў, Аляксандр Шабалін. Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны, піша "Гомельская Вясна".
У сваім апошнім слове палітзняволеная Таццяна Канеўская падзякавала ўсім беларусам за падтрымку і салідарнасць. Асаблівую падзяку яна выказала беларусам замежнікам. Агулам яна атрымала ад іх 1 тыс. лістоў са жніўня 2020 года. Усім адказала, апроч тых хто не пазначыў зваротны адрас. Сп. Таццяна падзякавала таксама адвакатам за працу, канваірам і супрацоўнікам СІЗА і ІЧУ за чалавечае стаўленне. Яна звярнулася да пракурораў і суддзі Хлышчанкова.
“Вы цудоўна разумееце, што гэтае вашае так званае абвінавачанне, доказы сфальсіфікаваны, – сказала Таццяна Канеўская. – Вы судзіце па сутнасці невінаватых. А вам, высокі суд, хачу сказаць наступнае: я не баюся тэрміна: шэсць гадоў нічога страшнага, але вы мусіце разумець, што ў мяне падрастае сын, у якім вы сваім абвінаваўчым прысудам выклічыце злобу, а яна пераўтворыцца ў агрэсію. Прыміце калі ласка правільнае рашэнне перадусім для самаго сябе, бо ў дадзенай сітуацыі – вырашаецца пытанне вашага гонару і годнасці, а не мой лёс і мой тэрмін”.
Юрый Уласаў таксама падчас апошняга слова падзякаваў беларусам, якія яго падтрымлівалі ў турме, праяўлялі салідарнасць, прысутным у зале, не гледзячы на тое, што ён нікога не ведае, апроч сваякоў, адвакатам.
“Я пачаў займацца палітыкай у 2019 годзе, – распавёў сп.Юрый, – быў даверанай асобай кандыдаткі ў дэпутаты парламенту Давыдавай у 2019 годзе і летась кандыдаткі на прэзідэнта Ціханоўскай. Падчас гэтых кампаній я асвятляў тыя праблемы, якія існуюць у нашым грамадстве, асабліва эканамічныя, прапаноўваў шляхі іх вырашэння. У сваіх учынках падчас кампаній і ў жыцці – першае чым я кіруюся – гэта законам. Тое, што мяне зрабілі злачынцам, крымінальнікам – абсурд, я добра ведаю і выбарчае і крымінальнае заканадаўства і перакананы, што дзейнічаў строга ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам”.
Палітзняволены Аляксандр Шабалін быў нешматслоўны, выказаў падзяку беларусам за падтрымку.
“Мы адчуваем вашую падтрымку, – сказаў Аляксандр, - і не думайце, што просты ліст, які вы мне даслалі для мяне не важны. Наадварот, ён для мяне і іншых зняволеных вялікая маральная падтрымка. Вам, высокі суд, я хачу сказаць, што пры прыняцці рашэння пра нашу вінаватасць ці невінаватасць вы мусіце ўлічыць, што нашая справа – палітычна матываваная, а несправедлівы прысуд выкліча рэзананс у грамадстве”.
Прысуд будзе агучаны 3 траўня. Пачатак пасяджэння ў 10-30.