viasna on patreon

У судзе па падпале "Табакеркі" ў Бабруйску перапынак праз каранавірус: адзін з абвінавачаных кантакт першага ўзроўню

2021 2021-04-22T22:09:00+0300 2021-04-23T12:01:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babruisk_sud_22.04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
У судзе Бабруйска. Фота "Вячэрні Бабруйск"

У судзе Бабруйска. Фота "Вячэрні Бабруйск"

У судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 22 красавіка павінна было працягнуцца пасяджэнне па крымінальнай справе аб падпале “Табакеркі”, размалёўванні рэкламных канструкцый, спыненні таварнага цягніка і прабітых колах ў аўтамабіля супрацоўніка міліцыі. Абвінавачанымі па справе праходзіць чатыры жыхара горада: Аляксандр НазаровічАляксандр Мар'ясаўАляксандр ГаўрылаўВіталь Васілевіч.

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі, дзяржабвінаваўца Наталля Лосева.

Як стала вядома праваабаронцам, працэс сёння не адбыўся праз тое, што адзін з абвінавачаных з’яўляецца кантактнай асобай 1 узроўню па COVID-19. Калі будзе прызначанае наступнае пасяджэнне – пакуль невядома.

На папярэднім пасяджэнні, якое прайшло 20 красавіка, адбыўся допыт па відэасувязі двух сведак з Магілёва: дырэктара і загадчыка гаспадаркі арганізацыі "Магілёў-тытунь” – філіала кампаніі, якая з’яўляецца ўласнікам сеткі кіёскаў “Табакерка”. Пра гэта піша “Вячэрні Бабруйск”.

Так, дырэктар Сяргей Балашэнка распавёў, што ў верасні-кастрычніку 2020 года акты вандалізму ў дачыненні да кіёскаў сеткі здзяйсняліся ледзь не штодня. Дзесьці пашкоджанні ліквідавалі сваімі сіламі, дзесьці - з дапамогай паслуг падрадчыка.

Адносна кіёскаў у Бабруйску, на лайтбоксы якіх адзін з абвінавачаных нанёс чырвоныя палосы, Сяргей Балашэнка акрэсліў суму шкоды - 8 рублёў 67 капеек. Яшчэ на этапе следства, гэтую шкоду абвінавачаныя пагасілі.

Сума шкоды ад падпалу кіёска - 682 рублі. І гэтую суму таксама ўжо пагасілі.

Другі сведка, загадчык гаспадаркі Сяргей Вараб'ёў адзначыў, што ў яго вядзенні – 430 гандлёвых аб'ектаў па Магілёўскай вобласці, і яму рэгулярна даводзіцца выязджаць у розныя гарады Магілёўшчыны для таго, каб займацца рамонтам або зафарбоўваннем.

- Людзі распісваюцца на кіёсках, пішуць нейкія словы, - распавёў ён. - Часам здаецца, што гэта робяць дзеці да дзесяці гадоў.

Ён растлумачыў, што шкоду ад фарбы, нанесенай на лайтбокс, складана падлічыць: справа ў тым, што фарбу змываюць растваральнікам, ад якога, у сваю чаргу, паверхня з глянцавай становіцца матавай. А гэта можа перашкодзіць размяшчэнню ўнутры канструкцыі рэкламнай інфармацыі.

У абаронцаў абвінавачаных узнікалі розныя пытанні да сведак. Напрыклад, ці пацярпеў тавар і абсталяванне ўнутры кіёска ў выніку падпалу? Аказалася, што маёмасць больш чым на 50 тысяч рублёў, якая знаходзіцца ўнутры кіёска, не пацярпела.

Прагучала, сярод іншага, і такое пытанне ад абаронцы: ці па ўсіх выпадках размалёўвання кіёскаў "Табакерка" ўзбуджаюцца крымінальныя справы? Сведка адказаў, што, вядома, не па ўсіх. Ён адзначыў, што яго і раней выклікалі на нейкія допыты, але не змог успомніць, калі гэта было і па якім эпізодзе.

Пасля допыту сведак у судзе зноў працягнулі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. Сярод іншага - расшыфроўку відэазапісу, які вёўся за "кантраляваным аб'ектам" - так у матэрыялах справы названы гараж падазраванага Назаровіча. Відэакамера была размешчаная ў памяшканні гаражу за 8 дзён да затрымання абвінавачаных.

У адзін з дзён Назаровіч распавядаў Гаўрылаву, як назіраў за супрацоўнікам міліцыі, які раніцай прабіў кола аўтамабіля аб падкладзеныя абвінавачанымі вострыя шыпы.

Таксама ў гаражы абмяркоўвалі падпал ці замалёўванне банару, вывешванне сцягу, нанясенне розных надпісаў, збіраюлі самаробныя прылады з гадзіннікавым механізмам.

- Паедзем паліць будку? – запытваў Мар’ясаў у Гаўрылава.

- Палі, я пакуль не буду, - адказвае Гаўрылаў.  

- Буду паліць, - кажа Назаровіч.

У памяшканні рыхтавалі гаручую сумесь, на вуліцы правяралі, як яна гарыць. Абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама, што падпалам “Табакерак” і нанясеннем графіці наўрад ці можна змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Рыхтавалі і выпрабоўвалі ўзрыў-пакеты.

Казалі і пра тое, што трэба ў гаражы паставіць датчык руху, жартавалі наконт датчыка і праслухоўкі.

Таксама з расшыфроўкі вынікае, што абвінавачаныя Мар'ясаў, Назаровіч і Васілевіч шмат казалі пра розную зброю, у тым ліку пра яе набыццё, пра гаручасць і іншых уласцівасці рэчываў і мэтазгоднасці іх выкарыстання. Вярталіся да ідэі падпалу абсталявання сістэмы "BelToll", але адмовіліся ад яе. Зразумела, што яны рыхтаваліся да падпалу, абмяркоўвалі матэрыялы і тое, як спрацуе іх прыстасаванне (называлі яго “пасылка”), але да пэўнага моманту не ведалі, што менавіта будуць падпальваць. У якасці жарту гучала нават фраза: "Окей, гугл, што падпаліць".

У Бабруйску судзяць чацвярых мужчын за падпал "Табакеркі", спыненне таварнага цягніка і прабітыя колы ў аўтамабіля

19 красавіка ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна прайшло другое пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да чацвярых жыхароў горада, якія абвінавачваюцца адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства