viasna on patreon

У Бабруйску судзяць чацвярых мужчын за падпал "Табакеркі", спыненне таварнага цягніка і прабітыя колы ў аўтамабіля

2021 2021-04-19T21:43:33+0300 2021-04-23T12:01:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_bobruysk_podzhog_tabakerki_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cуд у Бабруйску. Фота TUT.BY

Cуд у Бабруйску. Фота TUT.BY

19 красавіка ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна прайшло другое пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да чацвярых жыхароў горада, якія абвінавачваюцца адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: за падпал "Табакеркі", размалёўванне рэкламных канструкцый, спыненне таварнага цягніка і прабітыя колы ў аўтамабіля. Пра гэта піша "Вячэрні Бабруйск". 

Справу разглядае суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі, дзяржабвінаваўца Наталля Лосева.

На лаве падсудных – чацвёра мужчын ва ўзросце ад 27 да 39 гадоў: Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар'ясаў, Аляксандр Гаўрылаў, Віталь Васілевіч. Трое з іх знаходзяцца пад вартай з 10 кастрычніка, Аляксандр Гаўрылаў быў адпушчаны з ІЧУ пасля 18 сутак арышту. 

У чым абвінавачваюць бабруйчан?

Першае судовае пасяджэнне адбылося 12 красавіка. Як піша TUT.BY, згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 30 верасня на 1 кастрычніка трое бабруйчан — Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Мар'ясаў і Віталь Васілевіч — на чыгуначным перагоне каля станцыі Ясень Асіповіцкага раёна аблілі бензінам і падпалілі рыззё, што прывяло да спынення таварнага цягніка. Мужчынам прад'явілі абвінавачванні ў здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 КК — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый. Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле — да трох гадоў пазбаўлення волі.

У ноч з 4 на 5 кастрычніка Назаровіч, Мар'ясаў, Васілевіч і Гаўрылаў вярталіся на машыне дадому з гаража, дзе час ад часу збіраліся і абмяркоўвалі палітычную сітуацыю ў краіне. Аляксандр Гаўрылаў прыхапіў з сабой з гаража, які належыць Назаровічу, балончык з чырвонай фарбай, якой пасля нанёс папярочныя палосы на трох белых лайтбоксах. Канструкцыі былі размешчаныя на прыпынках у раёне вуліц Крылова, Гогаля, Гагарына. Гаўрылаў прасіў некалькі разоў спыніць машыну і выходзіў, але навошта — сваім спадарожнікам не паведамляў. Сам абвінавачваны патлумачыў: ён зрабіў гэта, каб «атрымаць бел-чырвона-белы сцяг». Абвінавачванне кваліфікавала гэты ўчынак паводле арт. 341 КК — апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (караюцца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам). Шкода, на думку дзяржабвінаваўцы Наталлі Лосева, склала 8 рублёў 67 капеек.

У гэтую ж ноч Гаўрылаў і Назаровіч падклалі пад колы аўтамабіля Geely, які належыць міліцыянеру групы затрымання Бабруйскага аддзела дэпартамента аховы, два вострых металічных шыпа. Уладальнік машыны Юрый Гардзееў, выязджаючы раніцай са двара, прабіў адно кола, знайшоў шыпы і выклікаў міліцыю. Шкода была ацэненая ў 100 рублёў, абвінавачванне кваліфікавала дзеянні бабруйчан па ч. 3 арт. 339 — асабліва злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб (максімальны тэрмін пакарання — да дзесяці гадоў пазбаўлення волі).

У ноч з 9 на 10 кастрычніка Назаровіч, Мар'ясаў і Васілевіч падпалілі ларок "Табакерка" на вуліцы Валадарскага, выкарыстоўваючы самаробную запальную прыладу з гадзінным механізмам, якую, як сцвярджае следства, некалькі дзён выраблялі ў гаражы. У выніку тавары і інвентар, якія знаходзяцца ўнутры ларка, не пацярпелі, шкода ад вонкавых пашкоджанняў канструкцыі была ацэненая 600 рублёў. Дзеянні бабруйчан кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 218 КК — наўмыснае пашкоджанне або знішчэнне маёмасці ў асабліва буйных памерах (да 12 гадоў пазбаўлення волі) і паводле ч. 1 арт. 14 КК — замах на злачынства.

Дзяржабвінаваўца сцвярджае, што, калі б не дзеянні супрацоўнікаў МНС, ларок і яго змесціва маглі згарэць, тады сума шкоды склала б каля 50 тысяч рублёў. Аляксандр Гаўрылаў ў падпале не ўдзельнічаў, але, мяркуе следства, ведаў пра тое, што намышляюць яго знаёмыя. Таму ён праходзіць у справе як абвінавачаны па ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб дакладна вядомым цяжкім ці асабліва цяжкім злачынстве, якое рыхтуецца (да двух гадоў пазбаўлення волі).

Таксама тром мужчынам — Назаровічу, Мар'ясаву і Васілевічу — прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 295-3 наконт дзеянняў з прадметамі на аснове выкарыстання гаручых рэчываў (да пяці гадоў пазбаўлення волі). Гэта адзіны артыкул, з абвінавачваннямі па якім падазраваныя цалкам згодныя.

Што кажуць абвінавачаныя?

Памочнік пракурора Наталля Лосева заявіла, што віна чатырох бабруйчан цалкам даказаная, аднак абвінавачаныя з такой трактоўкай не згодныя. Падчас допыту ў судзе яны патлумачылі свае дзеянні па кожнаму эпізоду.

Так, Гаўрылаў заявіў, што толькі меркаваў магчымасць падпалу "Табакеркі", але не ведаў часу і месца здзяйснення злачынства. Назаровіч падкрэсліў, што ў спыненні таварнага цягніку не было злога намеру і жадання нашкодзіць людзям, проста такім чынам мужчыны выказвалі сваю нязгоду з затрыманнем удзельнікаў мірных пратэстаў.

— Спецыяльна выбралі ўчастак далей ад вёскі, дачакаліся таварнага цягніку, а не пасажырскага, падпалілі рыззё на чыгуначным палатне. Цягнік ішоў на павароце павольна, машыніст яго спыніў, затушыў агонь і паехаў далей. Не было ніякага экстранага тармажэння, спыненне заняло 5-8 хвілін.

Таксама Назаровіч падкрэсліў, што пры падпале кіёска не было намеру знішчыць тавар, таму спецыяльна выбіралася "Табакерка" са спадзістым дахам і антывандальнай абаронай.

— Разлічвалі, што гаручая сумесь палыхне і пральецца на зямлю. Спецыяльна выбіралі такі раён, каб паблізу не было жылых дамоў.

Распавядаючы пра ідэю падкласці вострыя шыпы пад колы аўтамабіля супрацоўніка аддзела Дэпартамента аховы, падсудныя заявілі, што іх дзеянні сталі адказам на масавыя затрыманні людзей падчас мірнай акцыі пратэсту 4 кастрычніка. У Бабруйску, нагадаем, у гэты дзень былі затрыманыя больш за 30 чалавек, чацвёра з якіх — журналісты.

Назаровіч растлумачыў, што асабістыя дадзеныя мужчыны даведаўся ў адным з тэлеграм-каналаў. Маўляў, гаворка ішла пра амапаўца, які ўдзельнічаў у збіваннях і затрыманнях удзельнікаў акцыі.

Дарэчы, пацярпелы Гардзееў заявіў, што нікога не затрымліваў, у яго "зусім іншыя задачы і абавязкі". Да абвінавачаных, якія цалкам пакрылі матэрыяльную шкоду, у яго прэтэнзій няма.

— Вялікі дзякуй, пацаны, што хоць не спалілі машыну, — заявіў пацярпелы, дадаўшы, што "хлопцы проста загуляліся ў партызан".

Усе чацвёра абвінавачаныя кажуць, што раскайваюцца ў тым, што здзейснілі, і цяпер бы наўрад ці гэта паўтарылі. Таксама яны распавялі, што пасля затрымання і дастаўкі ва УУС ноччу 10 кастрычніка іх збівалі некалькі гадзін, прымушаючы зрабіць прызнанні на відэакамеру. Вынікі медыцынскага агляду аднаго з абвінавачаных былі далучаныя да матэрыялаў справы.

Аб чым казалі сведкі на другім пасяджэнні? 

У судовым пасяджэнні 19 красавіка па відэасувязі дапыталі сведак, якія знаходзяцца ў Гомелі — машыніста таго самага цягніка і яго памочніка. Яны распавялі, што ўначы 3 верасня ехалі па маршруце Гомель-Асіповічы, і на перагоне Мірадзіна-Татарка, недалёка ад станцыі Ясень убачылі на шляхах, што нешта свеціцца. Спачатку машыніст Васіль Грабцэвіч падумаў, што святло наперадзе — гэта пражэктары сустрэчнага цягніка, але па меры набліжэння стала зразумела, што на шляхах нешта гарыць. Прыйшлося прыбегнуць да службовага тармажэння, але не экстранага, адзначаюць сведкі. Экстранна тармазіць не прыйшлося, бо агонь заўважылі загадзя.

Агонь патушыў памочнік машыніста, гэта заняло, па яго словах, каля дзвюх хвілін. Пасля гэтага згарэлае рыззё прыбралі са шляхоў, і цягнік працягнуў рух. Спыненне, па словах машыніста, склала каля 10 хвілін. Па шляху руху цягнік нагнаў свой графік і прыбыў у Асіповічы без спазненняў. Аднак сведка Грабцэвіч адзначае, што цягнік мог бы атрымаць пашкоджанні, калі б не паспеў затармазіць і праехаўся па падпаленым рыззі.

У судзе таксама выступіў сведка Алег Дзмітрук, намеснік начальніка аддзела крымінальнага вышуку. Па яго словах, чацвёра абвінавачаных трапілі ў поле зроку крымінальнага вышуку, бо планавалі шэраг злачынстваў "з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў горадзе і застрашвання супрацоўнікаў міліцыі". Сведка заявіў, што сярод іншага абвінавачаныя планавалі атруціць калодзежы з вадой, пашкодзіць камеру "BelToll" і абстраляць з самаробнага абсталявання вокны будынка міліцыі.

Дзмітрук удзельнічаў у затрыманні Мар'ясава, Назаровіча, Васілевіча ноччу пасля падпалу кіёска, калі абвінавачаныя выязджалі з ГСК на машыне Аляксандра Мар'ясава. Гаўрылава затрымалі асобна, раніцай наступнага дня. Абвінавачаных затрымлівалі з прыцягненнем супрацоўнікаў АМАПа і прымяненнем спецсродкаў, але без прымянення фізічнай сілы, растлумачыў сведка.

Адвакат Аляксандра Назаровіча спытаў, адкуль пад вачыма ў падабароннага на відэазапісе, зробленым пасля затрымання, сінякі. Дзмітрук сказаў, што яму пра гэта нічога не вядома.

Акрамя таго, сведка вызначыў Назаровіча як кіраўніка злачыннай групоўкі. Ён матываваў гэта тым, што той меў больш астатніх навыкаў і ведаў для таго, каб вырабіць прыладу з гадзінным механізмам, якая сама ўзгараецца.

— Ён даваў камусьці заданні, размяркоўваў нейкім чынам ролі? - удакладніў адвакат абвінавачанага.

Сведка растлумачыў, што Назаровіч кіраваў працэсам вырабу прылады, тлумачыў іншым, што і як рабіць.

У судзе прыступілі да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. З іх вынікае, што ў абвінавачаных прайшлі ператрусы, канфіскаваная атрыбутыка, улёткі, іншая друкаваная прадукцыя і тэхніка. У гаражы ў Назаровіча — запалкавая сера, якую выкарыстоўвалі для вырабу прылады, драўляны прыклад, прыцэлы і запчасткі ад вінтоўкі.

На пытанне суддзі, навошта мужчыну прыцэлы, прыклад і запчасткі, Назаровіч растлумачыў:

— Захапляюся стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі, гэта не забаронена. А запчасткі — ад заводской вінтоўкі, якую прынялі за самаробную. А яна заводская.

У судзе абвешчаны перапынак, наступнае пасяджэнне прызначанае на 10.00 20 красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства