Мінск: за "вусатага таракана" пракурор просіць год "хатняй хіміі" Дапоўнена
У судзе Першамайскага раёна Мінска 22 красавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на 30-гадовую Вольгу Насыр. Яе абвінавачваюць у публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (частка 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядае суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца - пракурор Ганна Лапянок.
Да суда жанчына знаходзілася пад падпіскай аб невыездзе. Раней яна прымала ўдзел у масавым мерапыемстве 23 студзеня і была затрыманая на трое сутак.
Згодна з матэрыяламі справы Вольга Насыр у адным з Telegram-каналаў размясціла ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Гэтая інфармацыя стала даступная неабмежаванаму кола карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт. Сярод іншага назвала яго "вусатым тараканам".
Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры Першамайскага раёна Мінска прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб'ектыўным даследаванні абставінаў злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй зробленага па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Вольга разведзеная, мае дзіця 9 гадоў. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.
Віну прызнае цалкам, у здзейсненым раскайваецца, кажа, што трэба было прытрымаць эмоцыі.
У вольны час пісала ў телеграм чатах. Пасля прачытаных навін не магла стрымаць сябе. У верасні пісала ў групе Менск 97, затрымалі 22.01.2021 г.
Сёння на судовым пасяджэнні дзяржабвінаваўца запрасіў для Вольгі абмежаванне волі тэрмінам на адзін 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Прысуд будзе абвешчаны ў 9-05 23 красавіка.
Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь караецца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.