«Вашыя праблемы да яек нейкае дачыненне маюць?" Як праходзіць допыт сведак па берасцейскай справе пудзілаў-рэек
У судзе Ленінскага раёна Берасця 20 красавіка працягнуўся разгляд крымінальнай справы за наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін (артыкул 309 Крымінальнага кодэксу), а таксама за развешванне пудзілаў у абласным цэнтры (ч. 2 артыкула 339 - хуліганства, здзйсненае групай асоб).
Усяго па справе праходзяць дзесяць чалавек.
Ім ставяцца ў віну некалькі эпізодаў: вывешванне пудзілаў у розных месцах горада, закідванне яйкамі і камянямі апорнага пункту міліцыі, падпал ноччу на бязлюднай вуліцы аўтамабільных пакрышак, размаляваны кіёск "Табакерка". Усё гэта расцэнена як "злоснае хуліганства" (ч. 2 арт. 339 КК), "асабліва злоснае хуліганства" (ч. 3 арт. 339 КК). Таксама ставіцца ў віну злачынства па ч. 1 ст. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў) за замыканне чыгуначных рэек металічнай дротам.
Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук.
На лаве падсудных:
Барынава Наталля была затрыманая 15.11.2020 года;
Сыраватка Вольга затрыманая 11.11.2020 года;
Сіліч Сяргей, Красоўскі Сяргей і Камбуль Яўген пад вартай знаходзяцца з 11.11.2020 года;
Сілюк Максім з 26.11.2020 года;
Пыцель Максім трапіў у СІЗА 15.12.2020 года.
Усе пералічаныя людзі па гэты дзень ўтрымліваюцца ў СІЗА-7.
Апроч гэтага на хатнім арышце з 25.01.2021 знаходзіцца Уладзімір Кацюбка, а на Аліну Муратаву такую ж меру стрымання наклалі днём пазней.
Суд распачаўся яшчэ 29 сакавіка, аднак тады стала вядома, што ў лік абвінавачваемых па гэтай справе дадалася яшчэ і Марына Сілёнак.
Апошнія некалькі дзён у судзе працягваўся допыт сведак, паведамляе тэлеграм-канал "Вясна-Брэст".
Першай паказанні давала жонка абвінавачанага Пыцеля Максіма. Са слоў жанчыны, яна са жніўня па сярэдзіну верасня адміністравала раённыя чаты, якія фігуруюць у справе. Пракурораў цікавілі нікнэймы абвінавачаных, іх актыўнасць, ці публікавалася ў дадзеных чатах інфармацыя "пратэстнага характару" і навіны з нагоды эпізодаў з покрыўкамі, пудзіламі і рэйкамі.
"З нагоды пратэстных акцый было паведамленне ад Камбуля Яўгена. Ён пытаўся, хто ўмее закручваць брлакаваць чыгуначеыя рэйкі, на што ўсе адказалі негатыўна", - распавядала Галіна Пыцель.
Сам Камбуль сказаў, што не пісаў дадзенае паведамленне і лічыць, што сведка можа памыляцца, бо яму няма чаго "пытацца ў людзей, недасведчаных, як гэта рабіць, калі я гэта сам ведаю".
Тлумачэнне Камбуля гучала лагічна: ён працаваў на чыгунцы, мог ведаць пра чыгуначную інфраструктуру больш за астатніх падсудных.
Саўчанка Святлана раней была падазраванай у гэтай справе, на судовым допыце прысутнічала з адвакаткай. З самага пачатку яна патлумачыла суду, што не хоча даваць паказанні, бо яны звязаны з абставінамі яе дзеянняў і могуць ёй нашкодзіць. Але суддзя патлумачыў, што ў цэлым жанчына не можа адмовіцца ад дачы паказанняў як сведка, толькі адмаўляцца адказваць на асобныя пытанні. І запэўніў, што раз з жанчыны знялі абвінавачванні, то зноўку іх прад'явіць за тыя ж самыя паказанні не змогуць.
Менавіта Саўчанка ўзяла з дому яйкі, якімі потым закідалі апорны пункт міліцыі. У сувязі з гэтым ад адвакаткі аднаго з абвінавачаных было пытанне:
- Вас не збянтэжыла просьба выйсці і вынесці яйкі?
- Не У мяне былі асабістыя праблемы, і я не завастрыла на гэтым увагу.
- Вашыя праблемы да яек нейкае дачыненне маюць?
- Не, не маюць.
Таксама Саўчанка заявіла, што на следстве давала паказанні пад ціскам. Са слоў Святланы, у ІЧУ гэта рабілі 4 аператыўных супрацоўніка, і следчаму Скогараву яна давала паказанні, надыктаваныя аператыўнікамі. Але суддзя Семянчук паставіў ёй такія паводзіны ў віну:
- Якім чынам гэтыя паказанні, прадыктаваныя аператыўнікам, паўплывалі на лёс, вашу ці кагосьці іншага?
- Я не ведаю, на чый лёс яны паўплывалі.
- А я вам скажу: вось [абвінавачаная] Сыраватка сядзіць. Вы тут стаіце, а яна там сядзіць, як актыўны ўдзельнік, таму што вашы паказанні пра гэта кажуць.
Затым суддзя і зусім сказаў, што Саўчанка проста "нагаварыла на аператыўнікаў, што яны здзейснілі злачынства".
Працаўніца камунальнага прадпрыемства Мельнікава Т. В., якая ў раёне 6 гадзін раніцы 23 кастрычніка выявіла пудзіла на мосце. Жанчына спалохалася, потым зразумела, што памеры смеццевых пакетаў, падвешаных на вяроўцы, не адпавядаюць росту дарослага чалавека:
Затым жанчына зняла смеццевыя пакеты і выкінула, перад гэтым сфатаграфаваўшы, каб паказаць калегу.
Астатнія сведкі - гэта чатыры работнікі чыгункі.
Судзяць дзесятак берасцейцаў за блакаванне чыгункі, пудзілы і падпалы аўтапакрышак
Усе яны сцвярджалі, што замыканне рэек не панесла цяжкіх наступстваў і не было небяспечным. Мела месца службовае тармажэнне, а не экстранае.
Еўтух С. П. адвозіў дачку ў гімназію, і каля 8 раніцы заўважыў пудзіла, якое вісела на пуцеправодах. Паведаміў пра яго ў міліцыю.
Сакалоўская С. В. ўбачыла пудзіла на вул. Сонечнай з надпісам "Мент" і выклікала міліцыю.
Участковы Комысаў К. А. пры заступленні на дзяжурства ў апорным пункце выявіў разбітае шкло і камяні ў кабінеце, а таксама на ралетах сляды ад яек.
Міліцыянты Дэпартамента аховы Нікалаюк А. і Дзяніс Алегавіч пры патруляванні ноччу выявілі на вуліцы Смірнова падпаленыя покрыўкі і паведамілі аб гэтым дыспетчару.
20 красавіка ў судзе таксама знаёміліся з матэрыяламі справы "пудзілаў-рэек-пакрышак"
Судовае следства амаль завершана.Потым наступіць стадыя судовых спрэчак (дзе дзяржабвінавачанне запытае тое ці іншае пакаранне).
Працяг суда прызначаны на 22 красавіка ў 10:00.