viasna on patreon

Суд па справе сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Гомелі працягваецца, практычна без наведвальнікаў Дапоўнена

2021 2021-04-13T13:28:14+0300 2021-04-13T16:23:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kaneuskaja-sud-gomel-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 13 красавіка працягваецца разгляд крымінальнай справы, заведзенай на сябраў ініцыятыўнай групы кандыдаткі Святланы Ціханоўскай.

У дачыненні да палітвязняў Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна ўзбуджаныя крымінальныя справы па частцы 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках) і па артыкуле 292 Крымінальнага кодэксу - «захоп будынкаў», а  Юрый Уласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Дзяржаўныя абвінаваўцы на працэсе - Мікушаў і Астапенка.

Сёння, 13 красавіка, зноўку ніхто з групы падтрымкі палітзняволеных Юрыя Уласава, Аляксандра Шабаліна, Дзмітрыя Івашкова і Таццяны Канеўскай не змаглі патрапіць на чарговае судовае пасяджэнне.

Пусцілі толькі 4 сваякоў і аднаго сябра кагосці з абвінавачваемых.

Такім чынам, у вялікай залі быў толькі канвой і 5 наведвальнікаў. Сведкаў і сваякоў некалькі разоў правяралі, прымушалі здаваць у камеру захоўвання гуказапісваючыя прылады. Хаця па законе любы чалавек можа рабіць аўдыёзапіс адкрытага, судовага працэсу.

Гомель: Пачаўся суд над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай

На пачатку працэсу Юрый Уласаў заявіў адвод суддзі Хлышчанкову. Суддзя яго адхіліў. Сваякі абвінавачваемых кажуць, што і суддзя, і пракурор кажуць вельмі ціха, так што немагчыма нічога расчуць. Нават пасля іх просьбы казаць гучней, сітуацыя не палепшылася.

Сёння карэспандэнта газеты "Народная воля" Анатоля Гатоўчыца зноўку не пусцілі на працэс над даверанымі асобамі Ціханоўскай. Учора ён хадзіў да намесніка старшыні суду Шапіры і прасіў забяспечыць усё ж такі адкрытасць судовага працэсу. Вось як сп. Анатоль апісвае сваю размову з чыноўнікам.                                                                                                                                                                                                      

 "Я сказаў, што незалежную прэсу не пускаюць. Намеснік спаслаўся на адсутнасць вялікіх памяшканняў, пастанову Пленума ВС і ведамаснага загаду наконт мераў засцярогі ад СОVID-19. Парадак пропуску ў суды рэгулюе дэпартамент аховы МУС. Прапанаваў  яму мець у такім разе прэс-цэнтр, дзе журналісты маглі б хоць бы слухаць трансляцыю з судовага зала. Пагадзіўся, што прапанова слушная,  і ён давядзе гэта да ведама  кіраўніцтва, але вырашэнне не ад яго залежыць".

Бацька палітзняволенага Дзмітрыя Івашкова Мікалай паведаміў сайту "Гомельская вясна", што ён і яшчэ 4 наведвальнікаў суду над даверанымі асобамі Ціханоўскай  знаходзіліся ў зале 10 хвілінаў. Потым пачаўся допыт пацярпелых па справе Юрыя Уласава (супрацоўнікаў ДАІ і амапаўцаў) і сведкаў  і ўсіх папрасілі выйсці з залі паседжанняў. Як і ўчора усіх 5-х прымусілі здаць тэлефоны ў камеру захоўвання. Як і ўчора суддзя Хлышчанкоў казаў так ціха, што ніхто з наведвальнікаў нічога не мог пачуць.

Будзе дапоўнена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства