viasna on patreon

Затрыманні ў Беларусі ў нядзелю Дапоўнена

2021 2021-04-11T22:38:02+0300 2021-04-12T09:41:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/silaviki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу 11 красавіка: затрыманні, міліцэйскія агляды кватэраў актывістаў, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

У Мінску сёння ў раёне вуліцы Алібегава затрымалі 30-гадовага Паўла Іванова. Верагодна, прычынай затрымання стаў БЧБ-сцяг, які быў пры ім. З Маскоўскага РУУС яго даставілі на Акрэсціна.

Таксама сёння ў Мінску затрымалі Станіслава Кучынскага. Вядома толькі, што яго змясцілі на Акрэсціна. Прычына затрымання высвятляецца.


​​Праваабаронцу Таццяну Гацура-Яворскую перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

Тацяна Гацура - Яворская. Фота Радыё Свабода
Таццяна Гацура-Яворская. Фота: "Радыё Свабода"

"Яе справа ў працы, але сутнасць абвінавачванняў застаецца нявызначанай (а значыць, і артыкулы). Па крымінальнай справе абвінавачванні павінны быць прад'яўлены на працягу 10 сутак, так што чакаем да наступнага чацвярга. Цяпер Таня ў СІЗА на Валадарцы, перадачы перададзеныя, трохі выдыхаем", — пішуць яе калегі, перадае "Еўрарадыё".

Таццяна Гацура-Яворская, як адна з арганізатарак выставы, прысвечанай медыкам, "Машына дыхае, а я — не", пасля ператрусаў дома і на дачы была затрыманая 5 красавіка. Разам з іншымі супрацоўніцамі "Звяна" яе прызналі вінаватай у непадпарадкаванні міліцыі. Таццяне прысудзілі штраф у 50 базавых адзінак, але не выпусцілі з ізалятара на Акрэсціна праз 72 гадзіны.


Гродна

Як паведамляе "Белсат", у Гродне сёння пад час гандбольнага матчу «Кронан – СКА Мінск» ледзь не затрымалі дзяўчыну. Падстава – абарончы «бампер» на тэлефон з выяваю «Пагоні» Калі заўзятары вырашылі сфатаграфавацца, дзяўчына дастала тэлефон. «Пагоню» на тэлефоне заўважылі міліцыянты, падышлі да заўзятараў і сказалі, каб дзяўчына схавала тэлефон, іначай гэта будзе расцэнена, як пікет.

Таксама, падчас матчу быў затрыманы грамадскі актывіст Максім Губарэвіч. Падстава – нашыўка з Пагоняю. Максім быў дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС, пасля чаго, удома ў яго міліцыянты правялі агляд.


Салігорск

Сёння не выйшаў з "сутак" член Стачкама ААТ "Беларуськалій" Дзмітрый Літвін. Яго арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у марафоне ў падтрымку спартсменаў. Пасля суда Дзмітрыя перавезлі у ІЧУ Любаня адбываць пакаранне. Сёння мама, сябры і члены стачкі прыехалі ў Любань сустракаць стачкамаўца, але там яны дазналіся, што Дзмітрыя пазбавілі волі яшчэ на 11 сутак. Што стала падставай для гэтага адміністрацыйнага арышту – невядома.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства