Для Віталя Шчэрбіча пракурор запрасіла 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму Дапоўнена
У судзе Заводскага раёна г. Мінска 7 і 8 красавіка працягнулася пасяджэнне па разглядзе крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Шчэрбіча, якога абвінавачваюць па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - падрыхтоўка да масавых беспарадкаў.
Справу разглядае суддзя Анжаліка Касцюкевіч, бок дзяржабвінавачання замест Крысціны Качанавай цяпер падтрымлівае пракурор Вольга Дзендзілевіч.
У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Віталём Шчэрбічам
"Празвала Віталя "плюшкін" альбо "хамяк". Аб чым казалі сведкі абароны?
У суд 7 красавіка ў якасці сведкаў былі выкліканы маці абвінавачанага і калега па працы.
Валянціна Шчэрбіч суду патлумачыла, што з Віталём у вельмі блізкіх і добрых адносінах, ён яе адзінае дзіця. У 90-ые гады яе муж купляў нейкі пнеўматычны пісталет, ён захоўваўся доўгі час у шафе, пасля смерці мужа ў 2017 годзе Валянціна з сынам разбірала яго рэчы, і Віталь забраў гэты пісталет сабе на памяць пра бацьку. Пра сына распавяла, што ён вырас у горадзе, захапляўся ваеннай тэматыкай, гісторыяй, удзельнічаў у рэканструкцыях, займаўся страйкболам. Да рэчаў ставіўся занадта беражліва - "ён плюшкін".
У лістападзе 2020 года Валянціна Шчэрбіч абмяркоўвала з сынам гібель Рамана Бандарэнкі па тэлефоне: жанчына была ў шоку, узбуджаным псіха-эмацыйным стане, плакала, казала, што ёй страшна, ніхто ні ад чаго не застрахаваны, любога бяда можа нагнаць.
"Вырвалася, што хоць ты пояс шахіда насі, на эмоцыях – што вырвалася, то вырвалася", – патлумачыла жанчына.
Запіс гэтай размовы знаходзіцца ў матэрыялах справы як доказ віны Віталя.
Сын спрабаваў супакойваць Валянціну, жанчына яму казала: "варожыя людзі, агрэсіўныя, надзеленыя ўладай забілі чалавека", на што ён адказаў – "раз варожыя – значыць трэба ставіцца як да ворагаў".
Маці палітвязня сцвярджала, што не мела нічога на мэце, была ва ўзбуджаным стане, баялася выйсці на вуліцу. У несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, па словах маці, Віталь Шчэрбіч не ўдзельнічаў, у яго двое маленькіх дзяцей, пастаянна знаходзіліся на сувязі –стэлефаноўваліся.
Наступнай у судзе выступіла калега палітвязня Ірына Крылова, якая распавяла, што ведае Віталя каля двух гадоў, можа ахарактарызаваць яго са станоўчага боку: не паліць, не ўжывае спіртныя напоі, не спазняецца на працу, добра ставіцца да калег, не канфліктны, заўсёды прыйдзе на дапамогу.
"Калі я ўладкавалася на працу, то празвала Віталя "плюшкін" альбо "хамяк". Я звярнула ўвагу на яго працоўны стол, ён адрозніваўся ад іншых сталоў: там было два кубкі, пластыкавы стаканчык, з якога ён мог піць гарбату месяц, складваў адпрацаваныя паперы ў абсалютна нікому непатрэбны архіў", – патлумачыла ў судзе Ірына Крылова.
Жанчына таксама распавяла, што на працы яны чыталі навіны, абмяркоўвалі мірныя пратэсты, у адзін з дзён Віталь дастаў з заплечніка металічны выраб, паказаў "у што могуць ператварыцца беспарадкі", сказаў, што знайшоў гэты выраб, і казаў у трэцяй асобе - "яны там раскідалі". Больш яны гэтую тэму не абмяркоўвалі, свайго стаўлення да пратэстаў абвінавачаны не выказваў, радыкальных заклікаў ад Шчэрбіча сведка не чула.
"Пояс шахіда надзець? Калі трэба – так". Тэлефонная размова з маці як доказ віны
Пасля гэтага суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы, сярод якіх пералік тэхнічных сродкаў, знойдзенных пры ператрусе дома: самаробныя піратэхнічныя вырабы, малаткі, пнеўматыка, абсталяванне для страйкбола, "вожыкі", патроны, дымавыя шашкі. Экспертыза не дала адназначнага адказу, што выяўленыя прадметы можна ўжываць пры масавых беспарадках: указана, што іх можна выкарыстоўваць пры гульнях, у бытавых мэтах, для забавы.
Таксама маецца інфармацыя аб тэлефонных злучэннях з мабільных нумароў, зарэгістраваных на Віталя Шчэрбіча, у перыяд з 1 студзеня па 24 снежня 2020 года. Следствам устаноўлена, што ўвечары 10 і ў ноч на 11 жніўня абаненцкі нумар, аформлены на абвінавачанага, знаходзіўся ў раёне вуліц Багдановіча, Харужай, Сурганава.
У судзе быў заслуханы запіс тэлефоннай размовы Віталя Шчэрбіча з мамай:
– Ну што зрабіць? Мы нічога не можам змяніць, ну забілі хлопца.
– Можам супраціўляцца, можна і трэба.
– Пояс шахіда надзець?
– Калі трэба – так.
– Ой.
– А ты разумееш, што з любым можа быць?
– Вядома, я плачу. Я ўвесь вечар плачу.
– Не плач, мам, не трэба плакаць. Я думаю, што на пахаванне прыйдуць усё. І вось гэтым [нецэнзурна] цяпер я не зайздрошчу. Вось гэта ўжо ўсё. Маё такое меркаванне. Пагледзім.
– Ясна.
– Мама, плакаць не трэба, проста запамінай, і асабіста для мяне любая [нецэнзурна] з чырвона-зялёнай анучай, якая за гэта ўсё... ну гэта вораг. Усе. Ніякіх "трэба выслухаць, трэба размаўляць" [неразборліва]. Колькі можна? Вось такія ў нас размовы. Не плач, мам.
Арышт быў накладзены на два аўтамабілі абвінавачанага, пнеўматычны пісталет, страйкбольны кулямёт, аэразольную прыладу, страйкбольную стрэльбу, страйкбольны аўтамат, страйкбольны гранатамёт і мабільны тэлефон.
Таксама ў матэрыялах справы знаходзяцца станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы, жыллёвага таварыства.
Адвакат звярнуў увагу суда, што ў 2015 годзе было закуплена 72 дымавыя шашкі, а канфіскавана было толькі 8 штук.
На пытанні суддзі аб прычынах "знаходжання ў эпіцэнтры падзеяў 10 жніўня" Віталь Шчэрбіч растлумачыў, што было шмат рознай інфармацыі, было незразумела, што дзеецца ў горадзе, проста хацеў паглядзець, што адбываецца – убачыць сваімі вачыма. Узяў з сабой тэлефон, абяцаў жонцы пастаянна тэлефанаваць – інфармаваць. Транспарт не хадзіў, пайшоў пешшу ў бок плошчы Бангалор. Людзей было шмат, машыны дзесьці ездзілі, дзесьці стаялі, па Багдановіча дайшоў да вуліцы Веры Харужай, потым прайшоў далей, але не дайшоў да Белай Вежы – на сустрэчу ішлі людзі і казалі, што наперадзе стаіць ачапленне, што магчыма будуць затрыманні, таму ён развярнуўся і пайшоў назад. Потым павярнуў у бок Камароўскага рынку. Час ад часу бачыў мікрааўтобусы, іх ехала даволі шмат, людзі пачалі разбягацца ў двары. Чуў ад мінакоў, што могуць хапаць людзей на тратуарах. Віталь таксама забег у двор, патэлефанаваў жонцы: там жыве сваяк, хацеў перачакаць у яго, таму што здалося, што на вуліцы становіцца небяспечна. Але яго дома не было, пасядзеў на лаўцы, пазней вырашыў, што няма сэнсу чакаць, зноў патэлефанаваў жонцы і пайшоў дадому дварамі праз вул. Кульман-Сурганава ў бок Някрасава, потым выйшаў да ул. Леаніда Бяды – і далей у бок дома. Чуў ззаду выбухі і бачыў ўспышкі, не пазней гадзіны ночы прыйшоў дадому.
Што рабіў 16 жніўня, 9 верасня і 27 верасня абвінавачаны не можа ўспомніць, сцвярджае, што ў гэтыя дні ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах не прымаў.
У сувязі з супярэчнасцямі ў паказаннях, дадзеных абвінавачаным на папярэднім следстве і ў судзе, быў абвешчаны пратакол допыта ад 23 лютага 2021 года.
Пытанне следчага: Ці састаіце ў чаце «Грамадзянскай самаабароны Беларусі»?
Адказ: Не магу дакладна сказаць, бо быў падпісаны на вялікую колькасць каналаў.
Пытанне: Патлумачце, ці размяшчалі вы такія паведамленні ў вышэй згаданым тэлеграм-чаце?
Адказ: Не, Не памятаю.
Пытанне: Вам на агляд прад'яўленыя паведамленні, якія вы размясцілі ў вышэй згаданым тэлеграм-чаце. Патлумачце змест наступных паведамленняў:
1. "Счэпку і сценку даводзіць да аўтаматызму".
2. Баюся, што частка ніколі не ўцячэ, а частка ўцячэ заўтра ж і …
3. Бл*, "акуратна" і паліць РУУС неяк можна сумясціць?
Адказ: Пад выразам №1 я меў на ўвазе, каб людзі не задавілі адзін аднаго ў натоўпе, г. зн. калі нешта адбудзецца і людзі пабягуць і хтосьці сутыкнецца, то каб ён не ўпаў. Выраз №2 я не магу патлумачыць, бо ён вырваны з кантэксту. У выразе №3 я хутчэй за ўсё камусьці проста адказваў, бо немагчыма паліць РУУС акуратна, больш падрабязна патлумачыць не магу, бо выраз вырваны з кантэксту.
Пазней па пытанні №3 Віталь удакладніў, што хутчэй за ўсё задаў пытанне карыстальніку, які размясціў паведамленне аб акуратным падпале РУУС, і хацеў сваім пытаннем паказаць абсурднасць яго прапановы, бо быў супраць дзеянняў падобнага характару.
Абвінавачаны растлумачыў суду, што следчы падчас допыту прад'явіла пратакол агляду, дзе паказала 3 або 4 паведамленні і сцвярджала, што гэта яго паведамленні.
"Таму я палічыў, што гэтыя паведамленні ўзятыя ў мяне з тэлефона, бо мне сказалі, што тэлефон ускрыюць і адтуль будзе ўсё вынята. Але я казаў, што не памятаю ні сам гэты канал, ні гэтыя паведамленні, які мог дзесьці размяшчаць", – распавёў Віталь Шчэрбіч.
Суд упіраў на тое, што палітвязень змяніў свае паказанні ў працэсе і адмаўляе названыя паведамленні, таму што даведаўся, што доступ да змесціва яго тэлефона не быў атрыманы, таксама ён "мэтанакіравана адмовіўся" даваць пароль ад свайго тэлефона.
– Хто з чырвона-зялёнымі анучамі для вас ворагі?
– Тыя людзі, якія забіваюць нашых суграмадзян з-за рознагалоссяў у колеры стужачак.
Адвакат прасіў далучыць да матэрыялаў справы відэаролік з адкрытых крыніц, дзе паказваецца, як страляе страйкбольны гранатамёт. Таксама хадайнічаў аб далучэнні комплекснага заключэння псіхолагаў-лінгвістаў з Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія па запыце абароны аналізавалі 43 паведамленні з матэрыялаў справы, што ставяцца ў віну Шчэрбічу, а таксама стэнаграму тэлефоннай размовы з мамай на прадмет ацэнкі наяўнасці ў дадзеных тэкстах і паведамленнях заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадкаў альбо выяўлення ў іх намеру ўдзельнічаць у такіх дзеяннях.
Спецыялісты прыйшлі да высновы, што даць ацэнку паведамленням з тэлеграму не ўяўляецца магчымым, бо яны адвольна сфармаваныя, не звязаныя паміж сабой, а любое пераўтварэнне тэксту пазбаўляе яго статусу доказу. Таксама ў іх адсутнічае прыкметы якіх-небудзь заклікаў да трэціх асобаў, у тым ліку да масавых беспарадкаў. У размове з маці таксама адсутнічаюць прыкметы аб намеры Шчэрбіча прыняць удзел у масавых беспарадках.
Суд заяўленыя хадайніцтвы задаволіў.
Як праходзілі спрэчкі бакоў
8 красавіка пракурор Вольга Дзендзілевіч выступіла ў спрэчках бакоў, дзе ўказала, што падчас аператыўных дзеянняў у телеграм-каналах былі выяўленыя найбольш радыкальныя асобы, таксама там меліся заклікі да масавых беспарадкаў. Абвінавачаны Віталь Шчэрбіч не аспрэчваў наяўнасць гэтых паведамленняў, не адмаўляў іх напісанне, даваў тлумачэнні па іх. Дадзеныя паведамленні абвінавачанага сведчаць аб намеры здзейсніць ім злачынства. Акрамя таго, на думку боку абвінавачвання, палітвязень ствараў прылады для здзяйснення масавых беспарадкаў, знаходзіўся ў тых месцах, дзе праводзіліся масавыя несанкцыянаваныя мітынгі. Пракурор мяркуе, што віна Віталя Шчэрбіча даказаная, і прасіла суд прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады з адбываннем ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама – спагнаць з абвінавачанага працэсуальныя выдаткі, маёмасць пакінуць пад арыштам да іх выплаты.
Адвакат палітвязня ў спрэчках указаў, што яго вінаватасць не даказаная, ёсць толькі спасылкі на паведамленні ў телеграм-канале, тэлефонная размова з мамай і прадметы, забраныя падчас ператрусу. Лічыць, што абвінавачванне будуецца на здагадках, у справе адсутнічаюць доказы віны Віталя Шчэрбіча: не зразумела, якія прадметы нібыта ён вырабіў, якія набыў, як падрыхтоўваў масавыя беспарадкі. Петарды захоўваліся на балконе, не даказана, што яны маглі быць выкарыстаныя; вінтоўка была няспраўная, пнеўматычны пісталет гэтак жа мог быць няспраўным, бо ён вельмі стары. У Віталя Шчэрбіча не былі знойдзеныя кулі для пісталета, страйкбольные шарыкі для такой зброі. На думку адваката, выкарыстоўваць зброю можна было хіба што як ударны інструмент.
У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што прадметы не маглі быць выкарыстаны па прызначэнні. Знойдзеныя патроны на Лініі Сталіна гэтак жа не маглі быць выкарыстаны, бо няма адпаведнай зброі для гэтага. Устаноўлена, што ўсё, акрамя "вожыкаў", было набыта законна і задоўга да падзей жніўня і наступных месяцаў 2020 года. Бытавая піратэхніка і іншыя прадметы адпавядаюць устаноўленым нормам. Бацька Шчэрбіча памёр у ліпені 2017 года, г. зн. у сярэдзіне сезону гульні ў страйкбол, ён цяжка перажыў смерць бацьки і не выязджаў на гульні, лагічна, што прылады засталіся. Факты выяўлення "вожыкаў" не былі абвергнутыя: калі прапаноўвалі адправіць справу на даследаванне, прасілі правесці паўторны агляд кватэры і гаража, скарга была перанакіраваная ў суд.
Гэтак жа абвінавачванне беспаспяхова спрабавала звязаць Шчэрбіча з тэлеграм-каналам "Грамадзянская самаабарона", там быў паказаны спосаб вырабу "вожыкаў". Аднак спосаб вырабу знойдзеных палітвязнем "вожыкаў" кардынальна адрозніваецца.
У папярэднія і наступныя дні пасля затрымання Шчэрбіча масавых беспарадкаў у горадзе не было.
Паведамленні ў тэлеграм-чаце не маюць прыкметаў доказаў, бо выразы вырваныя з кантэксту, не быў устаноўлены нікнэйм Шчэрбіча. Нават калі суд прыйдзе да высновы, што паведамленні належаць Шчарбічу, ні адно з іх не сведчыць аб падрыхтоўцы да беспарадкаў: у іх няма заклікаў, не вядзецца гаворкі аб супрацьпраўных дзеяннях, якія рэалізуюць масавыя беспарадкі.
Размова з нагоды смерці Рамана Бандарэнкі следства спрабуе вытлумачыць як прыкмету прадузятасці да дзяржсцягу і супрацоўнікаў МУС. Пратакол не можа быць прызнаны доказам, бо стэнаграма, якая знаходзіцца ў ім, скажае сэнс слоў падабароннага. Гэтак жа адвакат звяртае ўвагу, што парушаны КПК – няма пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Віталя Шчэрбіча.
Абвінавачванне просіць чатыры гады пазбаўлення волі толькі за падрыхтоўку, але столькі прызначаюць за ўдзел у масавых беспарадках. Абарона лічыць, што гэта вельмі суровае і не апраўданае пакаранне, а таксама, што Віталь Шчарбіч падлягае апраўданню.
У апошнім слове палітвязень сказаў:
"Я звычайны, законапаслухмяны чалавек. У маім жыцці на першым месцы – сям'я: жонка, якую я вельмі кахаю, двое маленькіх дзяцей, якіх я абажаю, мама. У мяне ёсць жыллё, машына, праца. Тое жыццё, якое я вёў, мяне цалкам задавальняла, хоць яго можна было назваць словамі "праца-дом". Я спакойны, адказны, ураўнаважаны чалавек. Увесь вольны час я праводзіў са сваёй сям'ёй, што мяне таксама задавальняла. Сярод маіх сяброў і знаёмых няма нікога, хто прытрымліваўся б нейкіх радыкальных поглядаў, я таксама такіх поглядаў не прытрымліваюся. У мяне не было прычын быць незадаволеным сваім жыццём, не было прычын прымаць які-небудзь удзел у масавых беспарадках – і ніколі гэтага не рабіў, і не збіраўся гэтага рабіць. Прашу ўлічыць мае словы пры прыняцці рашэння".
Прысуд будзе агучаны 9 красавіка ў 14.30.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс