У Мінску пачаўся суд над палітвязнем Віталём Шчэрбічам
У судзе Заводскага раёна пачаўся працэс па справе Віталя Шчэрбіча, паведамляе TUT.BY. Дома ў мінчука знайшлі дымавыя шашкі, петарды, страйкбольную зброю. Шчэрбіч кажа, што набыў усё гэта больш пяці гадоў таму, выкарыстаў пры гульні ў страйкбол, аднак следства трактуе гэта як падрыхтоўку да масавых беспарадкаў. Віталь віну не прызнае, на акцыях пратэсту, па яго словах, не быў, затрымалі яго дома.
Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч. Бок абвінавачаньня прадстаўляе – Крысціна Качанава.
Віталь Шчарбіч да затрымання працаваў кладаўшчыком у прыватнай медыцынскай лабараторыі, раней судзімы не быў. Шмат гадоў займаўся страйкболам, цікавіўся ваеннай гісторыяй, вывучаў зброю, быў падпісаны на тэматычныя тэлеграм-каналы. Раніцай 17 лістапада 2020 года да яго дадому прыйшлі з ператрусам.
Дзяржабвінаваўца зачытала абвінавачванне, згодна з якім, Віталь Шчэрбіч наўмысна з 9 жніўня 2020 года і ў наступныя дні (да затрымання ў лістападзе) сумесна з неўстаноўленымі асобамі меў дачыненне да масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў Мінску і іншых неўстаноўленых месцах.
Па версіі следства, абвінавачваны набыў і дапрацаваў прадметы "для раз'юшанага натоўпу, арганізацыі пагромаў, падпалаў, супраціву законнай дзейнасці праваахоўных органаў, не давёў злачынны намер да канца па незалежных ад яго абставінах" (ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 КК, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў) і быў затрыманы адразу пасля ператрусу.
Дома ў Шчэрбіча былі выяўленыя дымавыя шашкі, петарды, "тарка саматужнай вытворчасці", аэразоль са слёзатачывым газам, пнеўматычны пісталет, халастыя патроны, страйкбольная зброя. Акрамя таго, канфіскавалі шэсць налепак з выявай "Пагоні", стужачку бел-чырвона-белага колеру, падставы для канфіскацыі не абвяшчаюцца.
З пісьмовых матэрыялаў справы вынікае, што на Шчэрбіча выйшлі падчас кампутарнай выведкі — аператыўнікі вывучалі "дэструктыўныя тэлеграм-каналы, дзе ўдзельнікі заклікалі да масавых беспарадкаў, блакавання дарог, гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і членаў іх сем'яў". У адным з такіх каналаў, сцвярджае следства, былі выяўленыя "дэструктыўныя" паведамленні з тэлефона Шчэрбіча і яшчэ 66 чалавек, дзеянні якіх трактуюць як злачынныя. Акрамя таго, па мабільным тэлефоне зафіксавана, што абвінавачаны ў жніўні і верасні 2020 года знаходзіўся ў месцах, дзе праходзілі "масавыя беспарадкі" (раён плошчы Бангалор, вуліцы Сурганава, Стэлы).
Сам абвінавачаны ў судзе заявіў, што віну не прызнае, дэструктыўныя каментары не пакідаў, у акцыях пратэсту ўдзелу не прымаў, не затрымліваўся і не быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
— Усе гэтыя прадметы былі канфіскаваныя ў мяне падчас ператрусу, — заявіў Шчарбіч. — Раніцай да мяне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, прад'явілі пастанову аб правядзенні ператрусу, спыталі, ці ёсць забароненыя прадметы, я сказаў, што не. Папрасілі паказаць, што ў мяне ёсць. Я патлумачыў, што займаюся гульнёй у страйкбол каля 10 гадоў. Адпаведна, у мяне ёсць амуніцыя. Я ўсё даставаў і паказваў супрацоўнікам. Усе гэтыя прадметы ў мяне канфіскаваныя.
— Сярод канфіскаваных прадметаў знаходзіцца аэразольная прылада "Піянер", якая змяшчае слёзатачывы газ, — звярнула ўвагу суддзя Анжэла Касцюкевіч.
— Набыў для абароны ад нападу сабак, — заявіў абвінавачаны. — Побач з домам лесапаркавая зона, быў выпадак, калі на нас з жонкай і дзецьмі напалі сабакі. Таму я браў аэразоль з сабой. Дома ён захоўваўся ў стале.
Што тычыцца канфіскаваных дымавых шашак, то іх Шчэрбіч, па яго словах, набыў гадоў пяць таму ў адной з крамаў пры распродажы армейскай маёмасці.
— Набывалася нашмат больш, большая частка была выкарыстаная на страйкболе, тыя, што засталіся ляжалі на балконе, — растлумачыў Віталь. — Петарды таксама прымяняюцца для імітацыі баявой абстаноўкі, набываліся даўно, з запасам, усё не выдаткаваў, захоўваў на балконе, высока на стэлажах, каб дзеці не дацягнуліся. Канфіскаваны кнот — гэта частка бытавой шашкі, якая выкарыстоўваецца для дэзінфекцыі і апрацоўкі памяшкання ад цвілі. Прадаецца ён у гаспадарчай краме. На дачы хацелі ўжыць. Шашка з кнотам гарыць парадку 6 гадзін, дым дэзінфікуе. Тарка — кавалак запалкавага карабку, для ўзгарання. Пнеўматычны пісталет застаўся ад бацькі, пасля яго смерці я захоўваў яго як памяць, даўно не браў у рукі, не ведаю, ці працоўны ён, куль ад яго не было. Халастыя патроны гадоў пяць таму знайшоў падчас гістарычнай рэканструкцыі на Лініі Сталіна.
У ходзе допыту Шчэрбіч звярнуў увагу, што частка страйкбольнай зброі была наогул непрыдатная для выкарыстання. Апошнія два гады Віталь, па яго словах, у страйкбол не гуляў. Цяжка перанёс смерць блізкага чалавека — было не да забаў, плюс былі фінансавыя цяжкасці. Таксама, адзначыў мужчына, у 2020 годзе большасць гульняў адмянялася, удзельнікі ведалі, што некаторыя групы страйкбалістаў затрымлівалі і не хацелі, каб праваахоўнікі іх няправільна зразумелі.
Асобны пытанне — знойдзеныя "вожыкі" пры ператрусе.
— У верасні я падабраў іх у двары дома па Лагойскім тракце, сабраў і забраў дадому. Калі падабраў, не хацеў выкідваць або здаваць у міліцыю, таму што зразумеў, што там засталіся мае адбіткі, не хацеў, каб мяне прыцягнулі да адказнасці. Ведаў, што іх захоўванне не парушае закон, а выкарыстоўваць не планаваў.
Аб знаходцы Шчэрбіч расказаў калегу па працы.
— Мы абмяркоўвалі падзеі ў краіне. І я сказаў, што не ўсе прытрымліваюцца мірных спосабаў, паказаў аднаго "вожыка", сказаў, што знайшоў на дарозе, якая вядзе да ДАІ Савецкага раёна.
— Вам было вядома, што на тэрыторыі Мінска праходзілі масавыя беспарадкі? Вы прымалі ў іх удзел? — спытала пракурор.
— Ведаю, але ўдзелу ў іх не прымаў.
— Як вы ставіцеся да масавых беспарадкаў на тэрыторыі Мінска?
— Разумею абурэнне людзей, але асабіста ніколі ў гэтым не ўдзельнічаў.
— Ці выказвалі вы сваё стаўленне, абурэнне дзеяннямі прадстаўнікоў улады?
— Не магу дакладна сказаць.
— Вам вядомая сітуацыя з гібеллю Рамана Бандарэнкі? — запытаў у абвінавачанага адвакат.
— Вядома, са сваякамі абмяркоўвалі — асабіста і па тэлефоне. Тады ўсё гэта абмяркоўвалі.
— У ходзе размовы па тэлефоне [негатыўныя] выказванні дапускалі? — працягнуў абаронца.
— Я знаходзіўся ў моцным эмацыйным узбуджэнні. З-за рознагалоссяў са стужачкамі забілі добрага хлопца. Спачатку збілі, потым кінулі ў машыну, а ў бальніцы ён памёр. Тады ні пра які крымінал не казалі, усё выглядала так, што закон не дзейнічае, што гэта можа адбыцца з любым чалавекам. Моцныя выразы дапускаў, мне іх потым прад'явілі на следстве — называў ворагамі і жывёлінамі тых, хто забіў чалавека.
Суддзя ўдакладніла ў абвінавачанага, у чым сэнс гульні ў страйкбол.
— Гэта ваенна-спартыўная гульня, якая максімальна набліжана да рэальнасці ў плане вонкавага выгляду, амуніцыі.
Таксама суддзя спытала, ці можна атрымаць цялесныя пашкоджанні пры гульні. Абвінавачаны распавёў аб правілах бяспекі, у першую чаргу аб абароне вачэй. Паводле яго слоў, пры выкананні правілаў, пагрозы для здароўя няма, сам ён за 10 гадоў траўмаў не атрымліваў.
— Давайце ўвойдзем у Інтэрнэт і атрымаем інфармацыю аб траўмах, якія можна атрымаць пры гульні ў страйкбол? — прапанавала Анжэла Касцюкевіч.
— Ёсць людзі, якія наўмысна парушаюць правілы, у такім выпадку, вядома, траўмы магчымыя, тым больш пры выкарыстанні "чырвоных" шароў з блізкай адлегласці.
Адвакат абвінавачанага звярнуў увагу, што ў матэрыялах справы адсутнічае пастанова аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Шчэрбіча, прасіў суд вярнуць справу ў пракуратуру для дапрацоўкі. Аднак дзяржабвінаваўца настойвала на адмове ў задавальненні хадайніцтва, суддзя Касцюкевіч заявіла, што на дадзенай стадыі не прадугледжана магчымасць вярнуць справу пракурору.
Суд над Віталём Шчэрбічам працягнецца 7 і 8 красавіка.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала мужчыну палітзняволеным.