У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 13 чалавек за "масавыя беспарадкі" пасля выбараў
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 7 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справе аб масавых беспарадках пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) супраць другой партыі берасцейцаў. Месяц таму суддзя Вера Філонік асудзіла па гэтай справе дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гады калоніі. Сёння судзяць адразу 13 чалавек: падлеткаў, былога дэсантніка, 18-гадовую дзяўчыну. Усім абвінавачаным пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", на паседжанне збіралася трапіць каля 80 чалавек, аднак у залю патрапілі толькі шэсць наведвальнікаў: журналіст, бабуля аднаго абвінавачанага, па аднаму прадстаўніку для дваіх непаўналетніх і яшчэ двое сваякоў.
Каго судзяць у гэты раз?
На лаве падсудных — 13 чалавек. З іх двое — непаўналетнія. Таксама ў гэтай партыі судзяць 18-гадовую Віталію Бандарэнку, якую збіраліся судзіць месяц таму, але на суд яна не з’явілася тады, бо з’ехала за мяжу. Калі вярнулася, каб пабачыць свайго каханага перад калоніяй (непаўнагадовага Дзяніса Хазея асудзілі на 3 гады выхавай калоніі), яе затрымалі і змясцілі ў СІЗА №7.
Спіс абвінавачаных:
- 18-гадовая палітзняволеная Віталія Бандарэнка
- 26-гадовы былы дэсантнік Дзяніс Марусевіч
- 22-гадовы Уладзімір Рубашэўскі
- 21-гадовы Марк Салонікаў
- 27-гадовы Віктар Панцялееў
- 20-гадовы Даніла Бандарук
- 32-гадовы Вячаслаў Касцючык
- 20-гадовы Максім Зіневіч
- 24-гадовы Міхаіл Калішук
- Аляксандр Вінярскі
- Эдуард Кудынюк
- Андрэй Грышчук
- Сімон Канцэвіч
Усе абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. 20-гадовы Данііл Бандарук яшчэ абвінавачваецца ў хуліганстве: па версіі пракуратуры, 9 жніўня ён ударыў рукой па грузавым аўтамабілі МАЗ і разбіў бакавое люстэрка.
Трое падсудных цалкам пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем, сямёра — часткова. Віталія Бандарэнка, Данііл Бандарук і Марк Салонікаў віну не прызналі.
«Масавыя беспарадкі» на дзве гадзіны. Што вядома пра крымінальную справу за 10 жніўня ў Брэсце?
У чым іх абвінавачваюць?
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавіка. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў галіне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх —пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
Усе пацярпелыя адмовіліся ад пазоваў аб кампенсацыі маральнай або маёмаснай шкоды да абвінавачаных.
У судзе вырашылі спачатку дапытаць пацярпелых і сведак, а затым — абвінавачаных.
Што кажуць пацярпелыя міліцыянты на судзе?
Частка пацярпелых выступаюць у судзе з асобнага пакоя пад выдуманымі імёнамі і прозвішчамі. Іх галасы змененыя.
Як піша TUT.BY, да перапынку выступілі два супрацоўнікі міліцыі. Яны паведамілі, што 10 жніўня паступіла паведамленне аб тым, што на праспекце Машэрава, каля харчовай крамы "Меркурый", іх калегам неабходна падмацаванне. Да прыезду падмогі там было каля 30 міліцыянтаў і 400 пратэстоўцаў.
«Мы паспрабавалі выстраіцца ў ланцуг для выцяснення натоўпу ў бок Кобрынскага моста, але колькасць асоб, якія ўжывалі гвалт, пераважала, таму чакалі падмацаванне. З боку гэтых асоб прымянялася насілле: білі па шчытах рукамі, нагамі. Хто канкрэтна, я не бачыў», — распавёў пацярпелы-супрацоўнік Ленінскага РАУС, які стаяў у першай шарэнзе.
Па словах сілавіка, падчас супрацьстаяння яму некалькі разоў ударылі па шчыту, а ў галёнка трапіў цверды прадмет. На наступны дзень яму зрабілі здымак у бальніцы. Лекары дыягнаставалі удар і адправілі на бальнічны.
Падчас супрацьстаяння з аднаго боку выкарыстоўваліся спецсродкі, з другога — ляцелі камяні, урны, бутэлькі, палкі, феерверкі. Каля 00.00 пратэстоўцаў выціснулі з праспекта Машэрава.
Адзін з дапытаных пацярпелых пытанне аб пакаранні для абвінавачаных пакінуў на меркаванне суда, другі папрасіў пазбавіць іх волі.
Нагадаем, суд над першай групай абвінавачаных завяршыўся 10 сакавіка. Усіх прызналі вінаватымі. Непаўналетнім Сяргею Гацкевічу і Дзянісу Хазею далі па 3 гады выхаваўчай калоніі. Астатніх адправілі ў калонію ўзмоцненага рэжыму: Іллю Мігно і Цімура Рызапура — на чатыры з паловай гады, Сяргея Салоху, Аляксандра Драздова, Ягора і Віталя Пракапчукоў — на 4 гады, Сяргея Крыўчэню — на тры з паловай.
У Брэсце на 3-4,5 гады калоніі асудзілі дзевяць чалавек па справе аб масавых беспарадках 10 жніўня