viasna on patreon

Мінск: прадпрымальніка з Брэста судзяць за выдаленыя ім праз 10 хвілін паведамленні

2021 2021-04-07T16:46:38+0300 2021-04-07T16:48:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_admin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У судзе Першамайскага раёну Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка, цырульніка з Брэсту 31-гадовага Андрэя Сачанкі па артыкулах 364 і 366 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядае суддзя А. Кулік. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае Лапёнак

У чым абвінавачваюць?

Андрэя Сачанку абвінавачваюць у тым, што ў жніўні і верасні ў сацыяльнай сетцы Вконтакте ён напісаў паведамленні з пагрозамі гвалту дваім супрацоўнікам АМАП Віктару Краўчуку і Руслану Кавальчуку, бацькам ваеннага Дзяніса Патрушава і выкладчыку МДЛУ Ігару Пучэні. У выніку гэтага ён "парушыў псіхалагічны і душэўны спакой" пацярпелых.  

Па словах дзяржабвінавачання, віна Сачанкі пацвярджаецца словамі абвінавачанага, пацярпелых, сведак, матрэрыяламі справы: скрыншотамі паведамленняў, якія дасылаў Сачанка, каментарыі абвінавачанага ў сацыяльных сетках.

Што кажа абвінавачаны?

Андрэй Сачанка распавёў, што 11 жніўня ягонага брата затрымалі ў кафэ, з маці груба абыйшліся ў РАУС, яна хвалявалася, бо ніхто не казаў ёй, дзе сын. Таму калі з'явіўся інтэрнэт, ён на эмоцыях напісаў каментары. Адзначыў, што цягам 5-10 хвілін выдаліў іх, а потым — і акаўнт Вконтакте. Яго затрымалі шостага студзеня ў Брэсце, дзе ён жыве, і прывезлі ў Першамайскі РУУС у Менску. 

Ён поўнасцю прызнаў віну па абодвух артыкулах, з СІЗА дасылаў пацярпелым лісты з прабачэннямі. На судзе Сачанка адзначыў, што яму "украй сорамна за дасланыя паведамленні".  "Я разумею, што паведамленні маглі быць успрынятыя як рэальныя пагрозы, але я і не думаў учыняць ніякіх рэальных дзеянняў. Мэты у мяне не было — былі эмоцыі", — адзначыў ён. Летам у Андрэя было запланаванае вяселле.

Што кажуць пацярпелыя?

Руслан Кавальчук адзначыў, што ў жніўні на яго старонку Вконтакте сталі прыходзіць пагрозы, але ён не памятае, ці быў сярод іх профіль абвінавачанага: скрыншоты з пагрозамі ён даслаў с заявай у Следчы камітэт. Ён запрасіў кампенсацыю маральнай шкоды — дзве тысячы рублёў, бо "жонка ўсё ж хвалявалася і ўспрымала пагрозы сур'ёзна". Лістоў ад абвінавачанага ён не атрымліваў. Андрэй Сачанка гатовы задаволіць пазоў.

Сяргей і Наталля Патрушавы пацвердзілі атрыманне паведамленняў з пагрозамі гвалту з профіля абвінавачанага. Наталля ўспрыняла іх як рэальныя і хвалявалася за сына. Сяргей на судзе засведчыў, што не хваляваўся наконт паведамленняў, аднак падчас папярэдняга следства заяўляў, што хваляваўся за ўсю сям'ю. Супярэчнасці ён патлумачыў, што не хваляваўся за сябе — больш за жонку і сына. Кампенсацыю маральнай шкоды Патрушавы не заявілі. 

Ігара Пучэні на паседжанні не было праз уважлівыя абставіны: у зачытаных на судзе сведчаннях ён пацвердзіў пагрозы ад акаўнта абвінавачанага і ўспрыняў іх як рэальныя. Кампенсацыю шкоды ён не заявіў. 

Андрэй Сачанка на паседжанні прынёс прабачэнні ўсім пацярпелым: усе іх прынялі.

Наступнае паседжанне па справе адбудзецца дзявятага красавіка ў 10.30. Адбудуцца спрэчкі бакоў. "Вясна" працягвае назіраць за працэсам з дапамогай валанцёраў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства