Следчыя дзеянні па справе "Вясны" працягваюцца: на допыты выклікаюць грамадскіх актывістаў і журналістаў
Яшчэ і дагэтуль працягваюцца допыты ў Следчым камітэце сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, валанцёраў, журналістаў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сёння, 1 красавіка, на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці выклікалі ў якасці сведкі грамадскага актывіста Анатоля Паплаўнага.
У Магілёве на допыт выклікаюць таксама и незалежную журналістку Крысціну Барысаву.
А ў апошні дзень сакавіка ў Мінску следчымі быў дапытаны юрыст "Вясны" Аляксей Лойка.
Па справе "Вясны" на допыты выклікаюць і праваабаронцаў, і журналістаў, і палітыкаў
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.