viasna on patreon

Гамяльчук, якога этапавалі ў адным "стакане" з Віхорам: "У Сашы пачаўся псіхоз, каб яго супакоіць, да нас пырснулі пярцовы газ"

2021 2021-03-26T14:00:00+0300 2022-08-12T09:29:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vihor_sasha_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25-гадовы жыхар Гомеля Аляксандр Віхор памёр у ноч з 11 на 12 жніўня ў рэанімацыі туберкулезнай бальніцы Гомеля, куды яго прывезлі з СІЗА пасля неаднаразовых збіванняў увечары пасля затрымання. Следчы адразу заявіў бацькам, што ў іх сына была перадазіроўка наркотыкамі, хоць потым іншы следчы папрасіў прабачэння за гэтыя словы — у афіцыйнай экспертызе напісана, што ні алкаголю, ні наркотыкаў у крыві Сашы не было. 16 лютага Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці паведаміла, што прычына смерці гамяльчука — "захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія раптам абвастрыліся". На гэтай падставе СК адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Віхора. Таксама заяўляецца, што ў сувязі са смерцю Аляксандра "ў чыіх-небудзь дзеяннях не было ўстаноўлена ніякага злачынства".

Паведамляецца, што падчас праверкі следчыя ўзялі тлумачэнні ў 90 чалавек, уключаючы відавочцаў затрымання гамяльчука, а таксама якія знаходзіліся з ім у СІЗА і АУС, работнікаў суда і ўстановаў аховы здароўя. Вывучаныя і відэазапісы, дзе зафіксаваныя падзеі з удзелам хлопца. Праведзена 18 розных экспертыз, а таксама іншыя мерапрыемствы для ўстанаўлення абставінаў здарэння.

"Вясна" паразмаўляла з гамяльчуком Радзівонам Бегляком, якога 11 жніўня сілавікі этапавалі ў гомельскае СІЗА ў адным "стакане" спецтранспарту АМАПу з Аляксандрам Віхорам. Мужчына распавёў, як паводзіў сябе хлопец у апошнія гадзіны жыцця, што рабілі пры гэтым сілавікі і што адбывалася з Аляксандрам у гэты час.

Аляксандр Віхор. Фота з сямейнага архіва
Аляксандр Віхор. Фота з сямейнага архіва

Храналогія падзей з Аляксандрам Віхорам:

  • Увечары 9 жніўня Аляксандр Віхор ішоў на спатканне з дзяўчынай у Гомелі. На плошчы Леніна яго затрымаў АМАП.
  • УСК: Затым яго даставілі ў РАУС Чыгуначнага раёна, потым — у ізалятар часовага ўтрымання, дзе скаргаў на стан здароўя хлопец не прад'яўляў.
  • 11 жніўня суд Чыгуначнага раёну асудзіў Сашу па арт. 23.34 КаАП на 10 сутак арышту.
  • Пасля суда хлопца даставілі ў спартзалу РАУС Чыгуначнага раёна, а затым у СІЗА.
  • У ноч з 11 на 12 жніўня Аляксандра адвезлі ў псіхіятрычную бальніцу, якія адмовіліся шпіталізаваць яго.
  • Туды выклікалі хуткую, супрацоўнікі якой запісалі, што "пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме". Сашу даставілі ў бліжэйшую бальніцу з рэанімацыяй.
  • У рэанімацыі туберкулёзнай бальніцы Аляксандру Віхору ставілі дыягназы "закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаннем" і "кома трэцяй ступені".
  • У 3:35 12 жніўня Саша памёр.
  • Каля 12 гадзін 12 жніўня пачалося ўскрыццё хлопца. Але бацькам аб смерці сына адразу не сказалі, хоць яго асоба была ўстаноўлена.
  • 12 жніўня кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС паведамілі маці Сашы, што яе сын памёр. Адразу следчы сказаў ёй, што ў сына была перадазіроўка наркотыкамі. Пазней папрасілі прабачэння і сказалі, што гэта не так.
  • У афіцыйнай экспертызе напісана, што ні алкаголю, ні наркотыкаў у крыві Сашы не было. Эксперты апісалі і зафіксавалі пашкоджанні на целе — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але там жа адзначылі, што траўмы і пераломы не маюць дачынення да прычын смерці.
  • 16 лютага СК заявіў, што Аляксандр "памёр праз захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія рапатм абвастрыліся". Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена.

Гамяльчука Радзівона Бегляка затрымалі ў цэнтры Гомеля ўвечары 10 жніўня. Пасля шматлікіх "этапаў", здзекаў і зневажанняў з боку сілавікоў мужчыну на наступны дзень у судзе Чыгуначнага раёна асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага Радзівона, як і многіх затрыманых, змясцілі ў спартзалу Чыгуначнага РАУС. Там сярод затрыманых ён і ўбачыў Аляксандра Віхора.

"У гэты дзень нас ужо не білі — білі ў папярэдні. Як была справа: нас прывезлі ["пасля абеду"], пасадзілі, і мы там дзесьці, напэўна, гадзін да дзевяці проста сядзелі і чакалі. Нам давалі хадзіць у туалет, была вада пітная, можна было папіць. І напэўна як нармальна ставіліся, усё было добра да дзевяці гадзін, калі літаральна на вачах, за секунду людзі памяняліся. Яны пачалі крычаць, тыпу зноў “Тварам, мордай у падлогу!", "Ляглі ў шэрагі!" — распавядае Радзівон пра ўмовы ўтрымання ў Чыгуначным РАУСе Гомеля 11 жніўня.

"У Сашы ад гэтага стрэсу пачаўся нервовы зрыў"

У такім становішчы на падлозе затрыманых трымалі каля дзвюх гадзін. Радзівон успамінае, як у гэты час паводзіў сябе Аляксандр Віхор:

"Там [у спартзале] быў хлопец, Саша Віхор, ён быў як раз у гэтым памяшканні. Быў разам з намі, у гэтай жа партыі. У яго ад гэтага стрэсу пачаўся нервовы зрыў, ён не зусім сябе адэкватна вёў, іх не слухаўся. І калі ён павярнуўся і пачаў нешта там... клікаць маму і нешта там, каб яго выпусцілі. Тады да яго падляцелі і пачалі яго біць так, што гэта было проста жэсць... Па-мойму, былі два чалавекі з дубінкамі, якія збівалі яго з усёй сілы".

"Мы ляжалі, напэўна, гадзіны дзве, пакуль яны заводзілі новых хлопцаў. Але стаўленне да новых было значна больш жорсткае, чым было стаўленне да нас у папярэдні дзень. Таму што нас калі там білі на гэтай пляцоўцы літаральна секунд 10-15 кожнага, то гэтых хлопцаў — іх проста забівалі... Па адчуваннях, гэта былі значна больш моцныя людзі, якія іх білі, і яны білі іх нагамі, іх білі дубінамі, іх білі рукамі. Прычым, з такім гукам і з такой сілай, што там аж падлога траслася. Людзі крычалі, ад болю крычалі, іх усё роўна пры гэтым білі. Гэта быў проста жах. Іх там літаральна ледзь не забівалі да смерці", — працягвае распавядаць Радзівон пра тое, што адбывалася ўвечары 11 жніўня ў спартзале Чыгуначнага РАУС.

"Было вельмі душна і практычна няма чым дыхаць"

Затым Радзівона і іншых затрыманых этапавалі ў гомельскае СІЗА, таму што ІЧУ быў перапоўнены. Падчас этапавання Радзівона змясцілі ў адзін адсек з Аляксандрам Віхорам.

"Гэта быў мікрааўтобус, але з такімі ж адсекамі, як аўтазак. Гэта значыць, там былі асобныя адсекі з глухімі металічнымі сценамі, у якіх людзі сядзелі. У дзвярах была толькі маленькая дзірачка, праз якую паступала паветра. Там было каля чатырох адсекаў рознага памеру. Колькі залазіла [людзей] — столькі залазіла.

У мяне быў адсек зусім, вельмі маленькі, вось нас туды з Сашам улезла двое. Больш проста фізічна не ўлезла. Там была толькі такая маленькая дзірачка, у якую паступала паветра. Было вельмі душна і практычна няма чым дыхаць. Там людзі сядзелі літаральна адзін у аднаго на шыі. Скажам так, піхалі, як селядцоў у бочкі", — распавядае мужчына. 

Затрыманне Аляксандра трапіла ў аб'ектыў фатографа TUT.BY. Фота: Сяргей Камякоў
Затрыманне Аляксандра трапіла ў аб'ектыў фатографа TUT.BY. Фота: Сяргей Камякоў

"У Сашы пачаўся псіхоз: ён думаў, што гэта бабуля з ім гуляе ці бацькі"

Паводле ацэнкі Радзівона, этапаванне заняло каля гадзіны. Увесь гэты час ён правёў з Аляксандрам Віхорам у цесным "стакане" без паветра і святла. Яны былі там удвох.

"У Сашы пачаўся псіхоз, ён там біўся і крычаў, хацеў, каб яго выпусцілі. Ён думаў, што гэта бабуля з ім гуляе ці нейкія бацькі. Яны [супрацоўнікі], каб яго супакоіць, да нас у гэты адсек пырснулі з балончыка пярцовым газам.

Калі нас вось толькі пагрузілі, — ён быў там першы, мяне потым да яго падсадзілі. Ён пачаў крычаць, там цёмна было, замкнёнае памяшканне, няма паветра. І калі ён пачаў крычаць, да нас пырснулі такім балончыкам", — успамінае Радзівон.

"Сашу Віхора пакінулі і сказалі ахове, што гэта "ваш кліент”

Калі прыехалі да СІЗА, па словах мужчыны, са спецтранспарту затрыманых па адным выводзілі праз "калідор" міліцыянтаў. Аддавалі рэчы і пачыналі крычаць, каб хутчэй беглі, інакш "будуць біць". Пасля гэтага затрыманым загадалі пастроіцца ў шарэнгу ў калідоры СІЗА. Як успамінае Радзівон, на гэтым этапе людзей не збівалі, але, пры гэтым, Аляксандра Віхора перадалі па асобнай працэдуры:

"Нас усіх разгрузілі, а Сашу Віхора пакінулі і сказалі ахове, што гэта тыпу "ваш кліент" — у такім сэнсе, што гэтага наркамана трэба тыпу збіць," правучыць " яго. Яны думалі, што ў яго "адхадняк" ад наркотыкаў".

Па словах Радзівона, ні ў РУУС, ні ў СІЗА лекара не было.

Гэта быў апошні раз, калі Радзівон бачыў Сашу. Праз дзве-тры гадзіны хлопца прывезлі ў псіхіятрычную бальніцу практычна ў коме. Супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыехалі на выклік, напісалі: "Пацыент ляжаў на падлозе, скаргаў не выказваў, быў у коме". Аляксандра даставілі ў туберкулёзны шпіталь, дзе была бліжэйшая рэанімацыя, але было ўжо позна. Там яму ставілі дыягназы: "закрытая чэрапна-мазгавая траўма пад пытаннем" і "кома трэцяй ступені".

У 3:35 12 жніўня Саша памёр.

Каля 12 гадзін 12 жніўня пачалося ўскрыццё хлопца. Бацькам аб смерці сына адразу не сказалі, хоць яго асоба была ўстаноўлена. Следчы адразу заявіў бацькам, што ў іх сына была перадазіроўка наркотыкамі, хоць потым іншы следчы папрасіў прабачэння за гэтыя словы — у афіцыйнай экспертызе напісана, што ні алкаголю, ні наркотыкаў у крыві Сашы не было. Затое эксперты апісалі і зафіксавалі пашкоджанні на целе — траўмы, гематомы, пераломы рэбраў і грудзіны. Але там жа напісалі, што траўмы і пераломы не маюць дачынення да прычын смерці. 

Затрыманы з РАУС: Саша паводзіў сябе неадэкватна, яго калаціла

Радзівон — не адзіны сведка, які распавядае аб нервовым зрыве Аляксандра Віхора 10-12 жніўня. Раней яшчэ адзін мужчына распавядаў пра гэтыя падзеі TUT.BY:

"Увечары 9-га нас завезлі ў спартзалу Чыгуначнага РАУС. Там было каля 30 чалавек. Саша быў ужо там. Усю ноч нас афармлялі. Міліцыя карэктна сябе паводзіла, проста складалі пратаколы. Раніцай нас завезлі ў ІЧУ, потым — у суд. І вось пасля суда з Сашам стала дзеяцца нядобрае. Хоць, потым кажуць, што яшчэ і ў камеры з ім ужо адбывалася дзіўнае. Саша паводзіў сябе неадэкватна, яго калаціла. Пасля суда нас хацелі везці ў ІЧУ, але адвезлі зноў у спартзалу РАУС. Там Саша стаў зусім губляцца. Прасіў грошай на праезд, каб даехаць да дома, уставаў, спрабаваў выйсці з залы. Побач сядзеў студэнт з Туркменістана — 3-і курс медуніверсітэта, ён сказаў, што Сашы трэба ў бальніцу, яму трэба тэрмінова аказваць дапамогу".

Па словах мужчыны, ён казаў міліцыянтам аб тым, што Саша мае патрэбу ў дапамозе. Але хуткую так ніхто і не выклікаў.

"Увечары нас загрузілі ў машыну, Сашу пасадзілі ў "стакан" — і там ён проста схадзіў з розуму. Крычаў, шумеў, клікаў бацькоў. Ужо, здаецца, і міліцыянты зразумелі, што з ім — нешта не тое. "Палячылі" газавым балончыкам. Потым нас вывелі, яго пакінулі".


Упраўленне Следчага камітэта паведамляе, што следчыя ўстанавілі факт распаўсюду недакладных звестак гамяльчанкай 1970 года нараджэння, якая прысутнічала пры затрыманні Аляксандра.

"15 жніўня каля будынка Гомельскага аблвыканкама яна заяўляла праз гучнагаварыцель, што пры затрыманні хлопца супрацоўнікі міліцыі білі яго дубінкамі. Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і абвяргаецца відэазапісамі і тлумачэннямі відавочцаў", — падкрэслілі ва УСК.

СК заявіў, што яе дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства