Мікіце Самарыну, які падчас пратэстаў заступіўся за азотаўца, прызначылі новае пакаранне
Мікіце Самарыну 25 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе прызначылі новае пакаранне — два з паловай гады пазбаўлення волі замест чатырох гадоў «хіміі».
Па інфармацыі hrodna.life, справу 23 сакавіка разгледзела судовая калегія ў складзе суддзяў Андрэя Ліхача, Уладзіміра Яўхуты і Валерыя Раманоўскага і вынесла рашэнне 25 сакавіка.
Суму кампенсацыі пацярпеламу амапаўцу Білідзе павялічылі - з 500 да 2000 рублёў.
Сам Мікіта ў суд не з’явіўся. Ён накіраваў ліст праз сябра. У ім ён распавёў, што паводле яго інфармацыі, у зале суду планавалі адвольныя затрыманні, што пагражала яму і прысутным. У будынку суда сапраўды знаходзіліся сілавікі.
Як ішоў разгляд справы
Мікіта 23 сакавіка хадайнічаў аб пераносе пасяджэння ў сувязі з амбулаторным лячэннем. Таксама ён хацеў адмовіцца ад адваката, бо планаваў абараняць сябе сам. «У мяне няма даверу да гэтага абаронцы. Яна не можам прадстаўляць мае інтарэсы — мы нават не размаўлялі з нагоды справы», — сказаў Мікіта. Адвакат падтрымала хадайніцтва, пракурор палічыла довады неабгрунтаванымі. Суд хадайніцтва не задаволіў.
Справа Мікіты Самарына
Мікіту Самарына, якога абвінавачвалі ў распыленні газу ў твар амапаўцу 25 жніўня паводле арт. 364 КК, асудзілі 11 снежня на чатыры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Самарын таксама абавязаны выплаціць 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды супрацоўніку АМАП. Мікіту вызвалілі ў зале суда — змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
Пасля затрымання 5 кастрычніка Мікіту Самарына кінулі ў мікрааўтобус у кайданках, зацягнутых вышэй кісцяў на запясце — у яго засталіся шнары ад рэзаных ран. Прама ў аўтобусе Самарыну нажом абрэзалі доўгія валасы. У Галоўным упраўленні па арганізаванай злачыннасці яму загадалі даць паказанні пад пагрозай вывезці ў лес і завядзеннем крымінальнай справы на затрыманага з ім сябра.
Чатыры гады "хіміі" гарадзенскаму аўтарэстаўратару Мікіту Самарыну
Пракурор: прысуд занадта мяккі
Прысуд варта змяніць, таму што ён занадта мяккі, пакаранне не адпавядае цяжару злачынства і асобе абвінавачанага, распавяла ў судзе пракурор. Суд не ўлічыў ступень грамадскай небяспекі злачынства. На думку пракурора, Самарын свядома падвышаў узровень напружанасці ў грамадстве, распальваў нянавісць да супрацоўнікаў УУС, дэстабілізаваў палітычную абстаноўку ў краіне, падрываў аўтарытэт улады.
Пракурор прапанавала прызначыць Самарыну чатыры гады турмы і заключыць яго пад варту.
Суд не ўлічыў характар прычыненых пацярпеламу амапаўцу Білідзе фізічных і маральных пакут. Яму варта выплаціць не 500, а 2000 рублёў, лічыць пракурор.
Самарын: прысуд незаконны
Мікіта прысуд палічыў незаконным, папрасіў яго адмяніць і накіраваць на перагляд у суд першай інстанцыі з іншым складам суддзяў альбо альбо вярнуць у пракуратуру на даследаванне.
Суд не ўлічыў фізічны і псіхалагічны стан Самарына пры затрыманні, лічыць ён. Па яго словах, яму пагражалі і шантажавалі. Мікіта адзначыў, што міліцыянты перавысілі паўнамоцтвы, што пацвярджаецца медаглядам і звесткамі сябра, якога затрымалі разам з ім. Па гэтых фактах Мікіта звяртаўся ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС РБ, Галоўнае ўпраўленне СК, Галоўнае ўпраўленне КДБ, Савет Бяспекі, Генеральную пракуратуру РБ, Адміністрацыю прэзідэнта РБ. Заявы адусюль накіравалі на разгляд ва Ўпраўленне СК Гродзенскай вобласці. 5 студзеня 2021 года Мікіце адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы.
Пацярпелы амапавец Біліда 25 жніўня пры першасным звароце да медыкаў сказаў, што сам распыліў сабе газ у вочы, распавёў Самарын, спасылаючыся на матэрыялы справы. Пазней ён падаў заяву аб атрыманні цялесных пашкоджанняў пры службе.
Суд не ўлічыў паказанні сведак, якія давалі паказанні на карысць Самарына, а некаторыя сведкі прысутнічалі на судовым разглядзе да дачы паказанняў, сцвярджае гродзенец. Тэлефон Мікіты, які нібыта вярнулі маці, яна не атрымала, успомніў Самарын.