"Справа Белгазпрамбанка": палітвязень Віктар Бабарыка не прызнае віну і заявіў адвод складу суда
У Мінску 22 і 23 сакавіка пасля месячнага перапынку аднавіўся суд над Віктарам Бабарыкам і топ-мэнэджарамі Белгазпрамбанка. Незалежную прэсу па-ранейшаму не пускаюць на суд — гэтак жа было і на першых паседжаннях. Прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных і расійскіх СМІ трапляюць у судовую залю без праблем. Палітзняволены экс-прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка не прызнаў віну і заявіў адвод суддзі Ігару Любавіцкаму.
Нагадаем, суд над топ-мэнэджарамі "Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў "адмыванні" сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК, Аляксей Задойка (былы першы намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Кірыл Бадзей (в. а. старшыні праўлення Белгазпрамбанка пасля сыходу Бабарыка), Сяргей Шабан (намеснік старшыні праўлення Белгазпрамбанка), Дзмітрый Кузьміч (намеснік старшыні праўлення банка), Аляксандр Ільясюк (намеснік старшыні праўлення банка), Сяргей Дабралёт (былы намеснік старшыні праўлення банка) абвінавачваюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк (заснавальнік кампаніі «Активлизинг») абвінавачваецца ў дачы хабару паўторна альбо ў буйным памеры. З Бадзеем, Дабралетам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабанам, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
22 сакавіка скончылі зачытванне абвінавачванняў. Віктар Бабарыка заявіў, што не прызнае віны ў злачынствах, у якіх яго вінавацяць. Усе астатнія сем абвінавачаных віну прызналі.
Падчас працэсу 23 сакавіка былому банкіру не далі выступіць з заявай, хоць такая магчымасьць прадугледжана законам, паведамляе Tut.by.
«Вы не даяце мне выказаць свае думкі па сутнасці працэсу. Адпаведна, парушаеце маё права. У гэтай сітуацыі суд не можа лічыцца неперадузятым», — сказаў ён.
У сувязі з гэтым Віктар Бабарыка заявіў адвод суддзі. Абарона Віктара Бабарыкі таксама падтрымала адвод.
«На сённяшнім пасяджэнні мы назіраем сітуацыю, калі абвінавачаны не мае магчымасці рэалізаваць сваё права на зварот да суду з пісьмовай заявай. А ягоныя абаронцы не могуць заявіць хадайніцтва аб выкананнi працэсуальных дзеянняў», — адзначылі адвакаты.
Напярэдадні абарона заяўляла, што Віктару Бабарыку знарок не даюць магчымасці даць паказанні раней за іншых фігурантаў. Гэта дазволіла выказаць сумневы ў бесстароннасці суду.
Дзяржаўны абвінаваўца хадайніцтва не падтрымаў, іншыя абвінавачаныя пакінулі рашэнне на меркаванне суду. У выніку заяву адхілілі.
Абвінавачанне прапанавала наступны парадак: дапытаць усіх фігурантаў, у апошнюю чаргу — Віктара Бабарыку. Потым перайсці да сведак і нарэшце даследаваць пісьмовыя матэрыялы справы.
У сваю чаргу абаронцы экс-банкіра і ён сам лічаць, што неабходна пачаць допыт з яго, паколькі менавіта ён абвінавачваецца ў «стварэнні арганізаванай злачыннай групы».
Адвакаты іншых абвінавачаных падтрымалі той парадак, які прапанавала абарона Віктара Бабарыка.