Ні на дзень не спыняюцца следчыя дзеянні ў дачыненні да сябраў “Вясны”: аўторак – не выключэнне
На допыты ў Следчы камітэт працягваюць актыўна выклікаць праваабаронцаў і валанцёраў “Вясны”, а таксама і журналістаў па ўсёй краіне.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сёння, 23 сакавіка, следчымі будуць дапытаныя рэгіянальны прадстаўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” з Оршы Ігар Казмерчак і журналіст Алесь Сівы.
Сябра “Вясны” з Барысава Алега Мацкевіча гэтымі днямі паспелі дапытаць двойчы: першы раз 10 сакавіка, другі – у панядзелак, 22 сакавіка.
У пятніцу 19 сакавіка на допыт у Следчы камітэт выклікалася таксама і сябра ПЦ “Вясна” Наталля Сацункевіч.
Агулам, за мінулы тыдзень былі дапытаныя больш за дзесяць сябраў “Вясны” з Мінску, Берасця, Гародні, Віцебску, Бабруйску і іншых гарадоў.
“Мы катэгарычна супраць парушэння правоў сябраў нашай арганізацыі". У СК працягваюць дапытваць "вясноўцаў"
Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.
11 міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы Amnesty International, выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.
У Следчы камітэт у суботу выклікаюць гарадзенскіх праваабаронцаў