"Мы катэгарычна супраць парушэння правоў сябраў нашай арганізацыі". У СК працягваюць дапытваць "вясноўцаў"
Працягваюцца актыўныя следчыя дзеянні ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, што вядома пра выклікі сябраў арганізацыі на допыты ў Следчы камітэт у якасці сведак па ўсіх рэгіёнах краіны. Пад пагрозай крымінальнай адказнасці за адмову ў дачы паказанняў ці за дачу ілжывых сведчанняў ад людзей спрабуюць атрымаць інфармацыю аб дзейнасці арганізацыі.
“Пры гэтым, як вынікае з афіцыйных каментароў Следчага камітэта і МУС, фактычна ўсе сябры арганізацыі падазраюцца ў тым, што яны нібыта праз “Вясну” ажыцяўлялі пад відам праваабарончай дзейнасці фінансаванне незаконных пратэстных акцый.
У звязку з гэтым хацелася б нагадаць, што 27 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам краіны права не сведчыць супраць сябе самога”, - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца звяртае ўвагу, што ўсе сябры арганізацыі з’яўляюцца патэнцыйнымі падазраванамі, а значыць яны не могуць дапытвацца ў якасці сведкаў. Гэта наўпрост забаронена арт. 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
“Мы катэгарычна пратэстуем супраць парушэння правоў сябраў нашай арганізацыі і заклікаем да неадкладнага спынення крымінальнага пераследу “Вясны”. Мы лічым гэта ціскам і помстай Праваабрончаму цэнтру “Вясна” за актыўную шматгадовую праваабарончую дзейнасць. У тым ліку за нашую дзейнасць у перыяд вострага крызісу з правамі чалавека, які пачаўся з траўня мінулага года і працягваецца дагэтуль”.
Праваабаронцы па-ранейшаму патрабуюць вызвалення з-пад варты сябраў і валанцёраў “Вясны” Марфы Рабковай, Леаніда Судаленкі, Андрэя Чапюка і Таццяны Ласіцы, а таксама калегаў-праваабаронцаў з Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алега Граблеўскага і Сяргея Драздоўскага.
“Мы патрабуем неадкладнага спынення ціску на праваабаронцаў у звязку з ажыццяўленнем імі законнай лігітымнай праваабарончай дзейнасці”, - сказаў Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, на працягу папярэдняга тыдня праваабаронцаў і валанцёраў “Вясны” з розных гарадоў Беларусі следчыя выклікаюць на допыты. Вядомы дзесятак такіх выпадкаў.
16 лютага супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі каля 90 ператрусаў па месцы жыхарства сябраў ПЦ "Вясна", Незалежнага прафсаюза РЭП, а таксама прадстаўнікоў БАЖ. У МУС лічаць, што праваабаронцы і журналісты, "выступаючы замежнымі агентамі, арганізоўвалі і фінансавалі пратэсты пад прыкрыццём праваабарончай дзейнасці". Узбуджаная крымінальная справа па арт. 342 КК.
З гэтай нагоды Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.
11 міжнародных праваабарончых арганізацый, уключаючы Amnesty International, выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.
У Следчы камітэт у суботу выклікаюць гарадзенскіх праваабаронцаў
У Следчы камітэт на допыт выклікалі праваабаронцу Андрэя Палуду
Чацверты дзень запар следчыя дапытваюць праваабаронцаў "Вясны": каго сёння?