У Следчы камітэт на допыт выклікалі праваабаронцу Андрэя Палуду
На допыт у Следчы камітэт на 10 гадзін 19 сакавіка выкліканы яшчэ адзін сябра ПЦ “Вясна” – праваабаронца Андрэй Палуда.
Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Андрэй Палуда, які працуе ў “Вясне” з 2007 года, найперш вядомы як каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, прызнаны эксперт у гэтым накірунку як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Ён таксама спрычыніўся да адукацыйных праграм школ па правах чалавека розных узроўняў.
Напярэдадні допыту Андрэя Палуды, адзінаццаць міжнародных праваабарончых арганізацый уключаючы Amnesty International выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі ад беларускіх уладаў выконваць свае абавязацельствы паводле міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, спыніць пераследы праваабаронцаў і мірных грамадзянскіх актывістаў і вызваліць зняволеных па палітычных матывах.
Беларусь павінна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў. Сумесная заява
Амаль на працягу цэлага тыдня праваабаронцаў і валанцёраў “Вясны” з розных гарадоў Беларусі следчыя выклікаюць на допыты. Вядомы дзесятак такіх выпадкаў. Выклік Андрэя Палуды, відаць, далёка не апошні ў ланцугу масавага пераследу праваабаронцаў.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
З гэтай нагоды Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў правоў чалавека і дэмакратыі.
Чацверты дзень запар следчыя дапытваюць праваабаронцаў "Вясны"