Чацверты дзень запар следчыя дапытваюць праваабаронцаў "Вясны": каго сёння?
Следчыя дзеянні ў адносінах да сябраў і валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” не спыняюцца ні на дзень.
Допыты праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса - навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Сёння на допыты ў якасці падазраванага ў Следчы камітэт выкліканы праваабаронца Зміцер Салаўёў, у якасці сведак Алесь Дзергачоў (Смаргонь), Алесь Буракоў - старэйшы (Магілёў) і Уладзімір Малей, якога таксама дапыталі і ўчора.
Зміцера Салаўёва ўпершыню дапыталі яшчэ 1 сакавіка – у гэты дзень ён выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту.
Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў быў затрыманы зноў. Цяпер ён падазраваны па крымінальнай справе
Дзень таму, 17 сакавіка, на допыты ў якасці сведкаў выклікаліся праваабаронцы Леанід Свецік у Віцебску, Уладзімір Малей і Маргарыта Вялічкіна ў Брэсце, Сяржук Лацінскі ў Бабруйску. Яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў следства.
А 15 і 16 сакавіка на допыты выклікалі вядомага магілёўскага праваабаронцу Барыса Бухеля.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).
Мы ў чарговы раз заяўляем: рукі прэч ад "Вясны", рукі прэч ад вясноўцаў!