Праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў быў затрыманы зноў. Цяпер ён падазраваны па крымінальнай справе Дапоўнена
Увечары першага сакавіка ў Мінску быў затрыманы праваабаронца і сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зміцер Салаўёў, які напярэдадні выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту. Яго даставілі ў Следчы камітэт, дзе дапыталі ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Пасля допыту Змітра адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Нагадаем, што падчас масавага нападу на праваабаронцаў і журналістаў 16 лютага ў дом Змітра Салаўёва пад Мінскам уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа і правялі ператрус, канфіскавалі тэхніку. Ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ.
Пасля ператрусу праваабаронца быў затрыманы. Пры затрыманні і ў мікрааўтобусе па дарозе ў ІЧУ яго збівалі.
18 лютага Салаўёў быў асуджаны на 12 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. На яго доме ўбудаваны бетонны барэльеф з "Пагоняй", і суддзя суда Мінскага раёна Анжаліка Казлова палічыла гэта пікетаваннем. 28 лютага яго вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання.
Дапоўнена. Другога сакавіка ў Мінскім абласным судзе прайшоў разгляд скаргі Зміцера Салаўёва на рашэнне суда Мінскага раёна наконт яго адміністрацыйнага арышту. Суддзя Тулейка не задаволіў скаргу, пастанова суда Мінскага раёна пакінута ў сіле.
Ранішні напад на журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне.
Праваабаронцу "Вясны" пакаралі 12 суткамі арышту.