Без сведак і адным днём. Як праходзіць суд над Святланай Брацянковай
У судзе Кастрычніцкага раёна г. Мінска 18 сакавіка пачаўся працэс па справе Святланы Брацянковай, якую абвінавачваюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК).
Справу разглядае суддзя Вольга Няборская, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае пракурор Віктар Завадзіч.
Жанчына не пад вартай, яна адмовілася ад адваката і абараняе сябе сама.
Паводле абвінавачвання, Святлана Брацянкова прыняла актыўны ўдзел у некалькіх несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах – 16 жніўня, 23 жніўня і 6 верасня, дзе гучна пляскала ў ладкі, выходзіла на праезную частку і перашкаджала руху грамадскага транспарту па вуліцах Няміга, Валадарскага, Леніна, праспекце Незалежнасці, чым груба парушыла грамадскі парадак і спакой грамадзянаў. Яе дзеянні кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Сваю віну жанчына не прызнала. Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы даведалася з дасланага па пошце ліста.
Удакладніла, што сапраўды выходзіла на мітынгі, знаходзілася ў натоўпе людзей, але не ў першых шэрагах. 16 жніўня жанчына прыехала на Нямігу на маршрутцы, паднялася на праспект, людзей было шмат. Пачула заклікі ісці да СІЗА па вул. Валадарскага, раней не ведала, дзе гэта і што там знаходзіцца, ішла разам з усімі па тратуары, пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе, бачыла, што іншыя людзі знаходзіліся на праезнай частцы. Кажа, што лозунгі не выкрыквала, у ладкі не пляскала.
Не адмаўляе таго, што выходзіла на пратэсныя акцыі і ў іншыя дні: даведалася, што людзі выходзяць, і гэта яе ўразіла. 16 жніўня выйшла з цікаўнасці, у іншыя дні – таму, што "ўсе выходзілі".
На акцыях не чула папярэджанняў ад супрацоўнікаў міліцыі аб неабходнасці разысціся, наогул не бачыла міліцыі, было шмат людзей. Аб плануемых мітынгах чытала ў інтэрнэце.
Пракурор яшчэ раз удакладніў, ці выкрыквала Святлана Брацянкова лозунгі. Жанчына адказала адмоўна.
– Чаму?
– Мне гэта было нецікава. Я слухала, як граюць барабаншчыкі, убачыла пудзіла, чалавека на хадулях і з касой і ішла за імі паглядзець. Гэта мне было цікава.
Сцвярджае, што супрацоўнікаў бачыла толькі каля Стэлы, падыходзіла паглядзець, што за форменнае абмундзіраванне ў іх, але ніякіх патрабаванняў або папярэджанняў ад іх не чула.
Абвінавачаная кажа, што больш хадзіла і вышуквала ўсякія цікавыя і незвычайныя актыўнасці.
23 жніўня Святлана зноў выйшла на мітынг і прайшла амаль па тым жа маршруце.
Затрымалі Святлану Брацянкову 6 верасня. Разам з іншымі ўдзельнікамі яна дайшла да Палаца прэзідэнта, зайшла ў парк даведацца пра катамараны, у туалет і перакусіць. Потым вярнулася назад, убачыла мігаючыя агні на машынах, стала страшна і вырашыла сыходзіць дадому. Потым паехалі аўтазакі, выбеглі людзі ў чорным, людзі пабеглі, і яна разам з імі. Убачыла хлопчыка, які бег, быў ўвесь чырвоны і вельмі напалоханы, ён упаў, жанчына дапамагла яму падняцца, і яны пайшлі разам. У нейкі момант да яе падышоў высокі мужчына з блакітнымі вачыма і рудымі вейкамі, узяў яе пад руку і павёў яе і хлопчыка ў аўтазак. Па шляху ўбачыла, як "чорныя" цягнуць па зямлі дзяўчыну без прытомнасці. У гэты момант Святлана не можа працягваць казаць, яна плача.
У аўтазаку ў затрыманай спыталі, ці яе хлопчык, потым іх перасадзілі ў сіні мікрааўтобус і павезлі ў цэнтральнае РУУС. Хлопчыка, якому, як аказалася, было 12 гадоў, яна больш не бачыла.
У РУУС у Святланы Брацянковай патрабавалі тэлефон, але яна не аддавала. Тады міліцыянты прыгразілі, што зараз яе распрануць і прымусяць прысядаць. Жанчына спалохалася і аддала тэлефон.
Пасля гэтага яе перавезлі на Акрэсціна, потым быў суд, які арыштаваў Святлану на 8 сутак. Пазней яе перавялі з ЦІП у ІЧУ Жодзіна.
Пракурор сваімі пытаннямі дамогся таго, што абвінавачаная прызнае, што людзі перакрывалі дарогу грамадскаму транспарту, але не яна асабіста.
– Ва ўсіх трох эпізодах вы ішлі разам з людзьмі. Вы можаце апісаць, дзе канкрэтна ў натоўпе вы ішлі? Калі вы падышлі да Стэлы, перад вамі былі людзі?
– Калі падышла да "дрота" на Стэле, людзі былі за мной.
– То бок, вы былі ў ліку першых?
– Атрымліваецца так.
– Вы прызнаеце, што выходзілі на праезную частку?
– Так, часам выходзіла.
Пасля зачытвання пісьмовых тлумачэнняў, дадзеных падчас папярэдняга следства, дзяржабвінаваўца робіць упор на тое, што Святлана Брацянкова разумела, што ўдзельнічае ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, калі яе затрымалі, і таксама яна разумела, што могуць затрымаць.
Віктар Завадзіч удакладніў, ці разумела падсудная, што яе затрымліваў супрацоўнік міліцыі. Жанчына адказала, што не, бо ён быў ва ўсім чорным без апазнавальных знакаў. Кажа, што ў той момант разумела, што людзі ў зялёнай уніформе – вайскоўцы, а хто быў у чорным – яна не ведала.
У пісьмовых тлумачэннях у пратаколе допыту пазначана, што Святлана прызнае, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, на судзе – яна сцвярджае, што не разумела тады, што мітынгі не санкцыянаваныя. Жанчына шчыра адказвае, што не бачыць у сваіх дзеяннях складу злачынства.
Суддзя і дзяржабвінаваўца сваімі пытаннямі дамагаюцца таго, каб падсудная прызнала сваю віну. Святлана Барцянкова згаджаецца, што ўдзельнічала ў мітынгах, але толькі не прызнае выкрыкванне лозунгаў і воплескі рукамі, кажа, што злачынства не здзяйсняла.
Сведкі-міліцыянты на судовае пасяджэнне не з'явіліся: Прановіч знаходзіцца ў адпачынку з 15 па 28 сакавіка, а Зуй – часова непрацаздольны і з'явіцца на працэс не можа.
Пасля абедзеннага перапынку ў судзе былі агучаныя пісьмовыя матэрыялы справы і прайшлі спрэчкі бакоў.
У матэрыялах справы ёсць звесткі ад Мінсктранс аб шкодзе, нанесенай спыненнем руху грамадскага транспарту: за 6 верасня ў памеры 30 687 рублёў, за 16 жніўня – 8 168 рублёў, за 23 жніўня – 5 772 рублёў.
Частка запісаў у справе грунтуецца на фота і відэа, выяўленых з канфіскаванага тэлефона падсуднай.
Падчас спрэчкі бакоў Віктар Завадзіч палічыў, што віна Святланы Брацянковай у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, даказаная паказаннямі абвінавачванай і пісьмовымі матэрыяламі справы. Аднак мяркуе, што варта выключыць з абвінавачвання ўказанні на тое, што падсудная рабіла гучныя воплескі рукамі і выкрыквала лозунгі, як тыя, што не знайшлі свайго пацверджання падчас судовага следства.
Прасіў суд прызнаць Святлану Брацянкову вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у парпаўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады.
Ад апошняга слова абвінавачаная адмовілася.
Прысуд будзе агучаны ў 14.30 гадзін 19 сакавіка.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс