У Берасці вынесены прысуд за абразу супрацоўнікаў міліцыі
10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Берасця абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Уладзіслава Яршова. Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ (Знявага прадстаўніка ўлады) і прызначылі пакаранне ў выглядзе 2 гадоў "хатняй хіміі" (абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу).
Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган. Дзяржаўны абвінаваўца - пракурор Дайнека.
Паводле версіі абвінавачвання, Яршоў з "напарнікам" расклейвалі ўлёткі на жылых дамах па вуліцах Маскоўскай і Арлоўскай горада Берасця. На ўлётках размяшчаліся фатаграфіі міліцыянтаў і тэксты, "якія супярэчаць агульначалавечай маралі", "выяўленыя ў непрыстойнай форме", паведамляе тэлегам-канал "Вясна. Брэст".
Напрыклад, пра намесніка начальніка Ленінскага РАУС г. Брэста Мікалая Самасюка былі персанальныя дадзеныя і наступны тэкст:
"Кіраваў разгонам дэманстрацый і каардынаваў дзеянні ўсіх падраздзяленняў 9-12 чысла [жніўня 2020]. У аўтамабільных боксах на тэрыторыі аддзела збівалі людзей 10-11-12 чысла. Усё гэта па яго камандзе".
Пра іншага міліцыянта (пацярпелы Зміцер Крэчка) было такое паведамленне: "Карнікі Беларусі. Удзельнічаў у карных аперацыях падчас мірных акцый пратэстаў у Брэсце і Мінску».
Пра супрацоўніка Ленінскага РАУС Берасця Андрэя Хвесюка было паведамленне, дзе сярод іншага супрацоўніка апісалі словамі "капітан гестапа".
Таксама пацярпелымі па справе праходзілі міліцыянты Максім Міховіч і Дзяніс Шукаеў.
Судова-лінгвістычная экспертыза заключыла, што ўлёткі ўтрымлівалі "публічную абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў".
Пры гэтым суддзя Брэган таксама пастанавіў задаволіць пазовы кожнага з пацярпелых - міліцыянтаў. Уладзіслаў Яршоў павінен кампенсаваць маральную шкоду:
▪️ Мікалаю Самасюку - 1 000 рублёў;
▪️ Андрэю Хвесюку - 1 000 рублёў;
▪️ Дзмітрыю Крэчку - 1 000 рублёў;
▪️ Максіму Міховічу - 1 000 рублёў;
▪️ Дзянісу Шукаеву - 1 000 рублёў.