viasna on patreon

Чатыры пазовы і тры крымінальныя артыкулы. Пачаўся суд над Вадзімам Луковічам, дзе пацярпелыя — супрацоўнікі ДАІ

2021 2021-03-09T18:04:11+0300 2022-12-19T11:50:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_centralny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна горада Менска 9 сакавіка пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў дачыненні да 42-гадовага мінчука Вадзіма Луковіча. Сярод пацярпелых — два супрацоўнікі ДАІ, машына якіх праехала міма Луковіча ў ноч з 9 жніўня на 10 жніўня 2020 года, а той пакінуў на ёй свае адбіткі. На судовае пасяджэнне Уладзімір дастаўлены пад канвоем (з 21 студзеня 2021 года ён знаходзіцца пад вартай) , і абвінавачваюць яго адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ:

  • частка 1 артыкула 342 КК РБ (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • артыкул 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
  • частка 1 артыкула 218 КК РБ (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

Працэс вядзе суддзя Юлія Густыр. У якасці дзяржабвінаваўцы выступае Арцём Цвяткоў. "Вясна" прасачыла за гэтым судовым пасяджэннем.

Абвінавачванне

Паводле абвінавачання, Вадзім Луковіч, ведаючы пра несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, якія плануюцца ў Мінску, 10 жніўня а 00:40 прыбыў на вуліцу Багдановіча, дзе з мэтай пратэсту, накіраванага на ўнутранае напружанне ў грамадстве, далучыўся да групы грамадзян, якая выкрыквала гучныя лозунгі, пляскала рукамі і выйшла на праезную частку каля скрыжавання дарогі вуліц Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Старажоўскай. Яны адмовіліся пакінуць праезную частку, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту. Луковіч таксама ў прамежак з 00: 40 да 00: 45, адчуваючы азлобленасць у дачыненні да ДАІ, наўмысна пагражаў ім. Закідваў рознымі прадметамі, у тым ліку бутэлькамі, іх аўтамабіль, а таксама наносіў па ім удары рукамі і нагамі. З-за гэтага на аўтамабілі засталіся пашкоджанні ў выглядзе дэфармацыі дзвярэй, а таксама сарваны бампер з мацаваннем.

Абвінавачаны

Вадзім Луковіч сказаў, што віну прызнае часткова, а дакладней — толькі факт таго, што ён там знаходзіўся.

Абвінавачаны распавёў, што 9 жніўня вяртаўся дадому на сваім аўтамабілі — ён дапамагаў сябру чыніць машыну, бо добра ў гэтым разбіраецца. Убачыўшы, што горад перакрыты міліцыяй, ён прыняў рашэнне пакінуць сваю машыну на Нямізе і далей перасоўвацца пешшу ў бок вуліцы Сурганавай, дзе і знаходзіцца яго дом. У той момант, калі Вадзім пачаў пераходзіць дарогу ў раёне скрыжавання вуліцы Максіма Багдановіча, пад'ехаў аўтамабіль ДАІ. У гэты час на праезнай частцы знаходзіліся ўдзельнікі "масавага мерапрыемства" — яны пачалі стукаць па аўтамабілі, а Уладзімір ненаўмысна апынуўся сярод іх. У нейкі момант яго незнарок штурхнулі людзі, якія знаходзяцца за яго спіной — таму ён падаўся наперад і мог выпадкова абаперціся на машыну ДАІ, каб не ўпасці. Менавіта такім чынам, як мяркуецца абаронай Луковіча, ён мог пакінуць адбіткі сваіх пальцаў на машыне.

Адказваючы на пытанні дзяржабвінавачання і суддзі, Вадзім адзначыў, што ў той дзень не меў намеру ўдзельнічаць ні ў якіх масавых мерапрыемствах, руху транспарту не блакаваў, непрыязнасць да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не адчувае. Акрамя таго, Уладзімір не прызнае пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды аўтамабілю ДАІ памерам у 2052 беларускія рублі, а таксама пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды двум пацярпелым супрацоўнікам ДАІ.

Пацярпелыя і іх маральныя пакуты

Пацярпелыя супрацоўнікі ДАІ капітан міліцыі Аляксей Раманоўскі і старэйшы лейтэнант Радкевіч. Менавіта яны знаходзіліся ўнутры той машыны, якую сустрэў Луковіч. Самога Луковіча абодва пацярпелых не памятаюць.

"[У той момант] я адчуваў асцярогі за сваё жыццё, — распавёў пра свае ўспаміны Раманоўскі. —  Праз гукаўзмацняльнік я прасіў людзей разысціся, спыніць супрацьпраўныя дзеянні і і пакінуць праезную частку. Паглядзеў, што людзі не рэагуюць, уключыў першую перадачу і пачаў рухацца наперад. Людзі пачалі расступацца, і мы з'ехалі".

Усе гэтыя падзеі доўжыліся "паўтары хвіліны, можа адну", адзначыў Раманоўскі — хоць ён не ўпэўнены, ці правільна ўсё памятае. Радкевіч жа сказаў, што ўсё доўжылася секунд 20. Абодва пацярпелыя падалі пазоў у дачыненні да Луковіча на пакрыццё іх маральнай шкоды: Раманоўскі — на 500 беларускіх рублёў, а Радкевіч — на 400.

"На працягу ўсяго часу [я адчуваў] эмацыйныя перажыванні, — патлумачыў сваю пазіцыю па пазове Раманоўскі. — Дрэнны сон, дзесьці хваляванне пастаянна нейкае прысутнічае, што магло б скончыцца горш... лічу, што калі б мы выйшлі з гэтага аўтамабіля, то мне б былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні".

Радкевіч жа растлумачыў, што адчуваў маральныя пакуты:

"Парушыўся сон, не спаў каля двух начэй, што адбілася на маёй службовай дзейнасці, на сабранасці, вяласць пастаянная…”

На пытанне суддзі аб тым, ці прымалі пацярпелыя з-за гэтага нейкія медыцынскія прэпараты, Раманоўскі сказаў "не", а Радкевіч — што прымаў толькі "валяр'янку".

Абаронца Луковіча ўдакладніў: чаму пацярпелыя тлумачаць свае маральныя пакуты упэўненасцю ў тым, што пратэстоўцы абавязкова ўжылі б да іх гвалт? Напрыклад, фортачка побач з Раманоўскі была адкрыта — але ніхто не зрабіў спробу яго ўдарыць. Такім чынам, мэтай  пратэстоўцаў было толькі нанясенне маёмаснай шкоды машыне. Тое ж пытанне абаронца задаў Радкевічу.

"Гледзячы ў вочы і бачачы іх агрэсію ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС, проста так без жадання прычыніць нейкую шкоду людзі не стануць біць службовы транспарт", — растлумачыў Радкевіч.

"Я ўсё роўна не зразумеў, чаму ўдары па аўтамабілі разумеюцца вамі як пагроза прычынення вам цялесных пашкоджанняў, а не проста як прычыненне шкоды аўтамабілю, — адзначыў абаронца. — Вы чулі пагрозы прымянення да вас гвалту?”

"Не", — адказаў Радкевіч.


* Адзначым, што і Раманоўскі, і Радкевіч выступілі пацярпелымі па крымінальнай справе Івана Канявегі. Яго абвінавацілі паводле таго ж эпізоду і па тых жа трох артыкулах, што і Вадзіма Луковіча. Родныя Івана заплацілі Раманоўскаму і Радкевічу маральную шкоду агульным памерам у 900 рублёў. Івана ж асудзілі на тры гады калоніі.

Спрабаваў спыніць машыну ДАІ, каб яна не заехала ў людзей. На тры гады асудзілі прадпрымальніка Івана Канявегу

У судзе Заводскага раёна Мінска разглядзелі крымінальную справа ў дачыненні да Івана Канявегі — індывідуальнага прадпрымальніка, дырэктара канцэртнага агенцтва Horse&Vega. З 17 снежня 2020 год ён знаходзіўся пад вартай.


Хадайніцтва дзяржабвінаваўцы і закрыццё часткі судовага пасяджэння

Дзяржабвінаваўца прапанаваў да справы дадаць яшчэ адзін пазоў — ад "Мінсктранса", і спагнаць з Луковіча кампенсацыю шкоды памерам у 1279 беларускіх рублёў. Прычына — з-за перакрытага руху грамадскі транспарт затрымаўся. У пазове пазначаны прамежак часу з 23 гадзін 9 жніўня па 1:00 10 жніўня.

Акрамя таго, дзяржабвінаваўца прапанаваў зрабіць частку судовага пасяджэння закрытым, паколькі там плануюцца разглядаць матэрыялы справы, якія ўтрымліваюць "інфармацыйную прадукцыю з тэлеграм-канала NEXTA, прызнанага экстрэмісцкім". Суд задаволіў гэтую пастанову, таму гэтую частку судовага працэсу "Вясна" не змагла адманіторыць.

Працяг судовага працэсу над Уладзімірам Луковічам запланаваны на 15 сакавіка ў 11:00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства