ААН: Органы папярэдняга расследавання Беларусі атрымалі 4644 скаргі аб прымяненні сілы і спецсродкаў сілавікамі
Органы папярэдняга расследавання Беларусі атрымалі 4644 скаргі аб прымяненні фізічнай сілы і спецсродкаў прадстаўнікамі МУС, якія разганялі несанкцыянаваныя пратэсты. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыйнай запісцы, якую атрымалі прадстаўнікі ААН ад беларускіх уладаў, піша TUT.BY.
Дадзеныя агучыла Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, выступаючы на 46-й сесіі Савета ААН па правах чалавека з дакладам па Беларусі.
— Інфармацыйная запіска ўрада ў сувязі з нашым дакладам, якую мы атрымалі 10 лютага, кажа пра тое, што "органы папярэдняга расследавання атрымалі 4644 скаргі аб ужыванні фізічнай сілы і спецсродкаў прадстаўнікамі МУС, якія разганялі несанкцыянаваныя пратэсты". Аднак там жа гаворыцца, што 1050 гэтых скаргаў было адхілена. Таксама там не даецца інфармацыя аб тым, у дачыненні да колькіх прадстаўнікоў сіл бяспекі былі праведзены расследаванні або высунутыя абвінавачванні ў празмерным ужыванні сілы. Паводле інфармацыі з іншых крыніц, мы прыйшлі да высновы, што ніводная са скаргаў не прывяла да адкрыцця крымінальнай справы, — заявіла Бачэлет.
Вярхоўны камісар падкрэсліла, што сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца: урад па-ранейшаму разганяе пратэсты. Таксама ў ААН занепакоеныя заканадаўчымі папраўкамі, якія цяпер рыхтуюцца, для таго каб забяспечыць больш суровыя пакаранні за ўдзел у мірных пратэстах.
— Я ўстрывожаная ростам колькасці нападаў на журналістаў, праваабаронцаў як у індывідуальным парадку, так і на арганізацыі. На мінулым тыдні прайшлі ператрусы ў Беларускай асацыяцыі журналістаў і праваабарончым цэнтры "Вясна" ў сувязі з крымінальнымі расследаваннямі масавых беспарадкаў, — сказала камісар.
Бачэлет заклікала ўлады краіны выконваць "усе праваабарончыя абавязанні". Яна заявіла, што ўсе затрыманыя за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў павінны быць вызваленыя.
— Эфектыўнае, годнае даверу, дбайнае расследаванне павінна быць праведзена па ўсіх выпадках сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, а вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці. Неабходна неадкладна спыніць палітыку запалохвання і нападак на грамадзянскую супольнасць і журналістаў, — сказала прадстаўніца ААН.