Справа таксіста Лапы: экспертыза, якую чакалі паўтары месяцы, на пастаўленыя пытанні не адказала
У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 18 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
У якасці пацярпелых выступаюць два супрацоўнікі АМАПу - Арцём Логіш і Дзмітрый Конан.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Кедаль. Дзяржабвінаваўца - пракурор Георгій Смольскі.
Маніторынг судовага пасяджэння ажыццяўляе праваабаронца Раман Юргель.
Перапынак ад 24 снежня мінулага года быў абумоўлены неабходнасцю правядзення экспертызы відэазапісу інцыдэнта.
Па версіі абвінавачвання, Аляксей 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ўжыў гвалт над імі, то бок наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў Конана былі сінякі і ранкі: сінякі на локці і калене, драпіна на ілбе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя. Нагадаем, 11 жніўня каля плошчы Дзекабрыстаў машыну Аляксея спынілі супрацоўнікі АМАПу і жорстка затрымалі ўсю кампанію. Таксі сілавікі разбілі, людзей, якія знаходзяцца ўнутры, выцягнулі на дарогу і збілі.
Сёння ў судзе адбыўся допыт эксперта і павінен быць допыт сведкі Конана.
Допыт дзяржаўнага эксперта з Дзяржкамітэта судмедэкспертызы па Гродзенскай вобласці Андрэя Дзмітрова.
Суддзя зачытвае заключэнне ад 26.01.21 аб правядзенні фанетычнай экспертызы, у якой размовы на відэа файлах.
Суддзя: "Высновы экспертызы пацвярджаеце?”
- Так.
Адвакат запытваецца, у чым адрозненне адных дыферэнцыраваных рэплік таго дня ад іншых?
- Дыферэнцыяцыт, гэта тыя рэплікі якія ўзятыя і зразумелыя. Атрыбуціраваныя гэта якія прыналежаць рэплікам дыктара на запісу.
- А якія рэплікі належаць каму, хто знаходзіўся звонку і ўнутры памяшкання?
- Вызначыць немагчыма, бо немагчыма вызначыць адлегласць. Фразы асобных дыктараў да часовых прамежку не прывязвалася, бо не было такой задачы. Каб прывязаць - трэба правесці дадатковыя даследаванні.
Фанетычная экспертыза праводзілася па хадайніцтваў адваката, але ў заключэнні эксперта не была даследавана прыналежнасць галасоў – супрацоўнікам міліцыі, або людзям у чорным ў балаклавах, або сведкам, які здымалі падзеі з вакна кватэры.
Сведка, супрацоўнік міліцыі Конан ізноў не з'явіўся ў суд, перапынак 10 хвілін.
Што датычыць апытання яшчэ аднаго амапаўца - Конана, то ён у суд 18 лютага так і не з'явіўся. Пазней высветлілася, што Конан у камандзіроўцы.