viasna on patreon

Паэту-пчаляру Міколу Папеку ў «справе берасцейскага карагоду» змянілі статус

2021 2021-02-18T07:17:00+0300 2021-02-18T08:23:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/papeka-mikalai.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Папека. Фота: Брэсцкая газета

Мікалай Папека. Фота: Брэсцкая газета

Паэту-пчаляру Міколу Папеку ў «справе берасцейскага карагоду» змянілі статус з падазраванага на абвінавачанага па арт.  342 КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пра гэта паведамляе "Новы Час".

Сам Мікола Папека пацвердзіў: «Так, сёння ў Следчым камітэце Ленінскага раёна Брэста. Дакументы былі па-руску, дык запатрабаваў перакладу. Да пятніцы 19 лютага падрыхтуюць, буду знаёміцца, з адвакатам».

Са слоў спадара Папекі, адвакат у яго валодае беларускай мовай у поўным аб’ёме.

"Для Брэста гэта рэдкасць вялікая, каб людзі з праваахоўных структур, суддзі, пракурорскія работнікі ўжывалі нашу мову. Неяк дзіўна, усё-ткі абласны цэнтр, 330 тысяч насельніцтва, і такі катастрафічны стан у выкананні гэтай часткі беларускай Канстытуцыі".

Мікола Папека — індывідуальны прадпрымальнік з Лінова каля Пружан. Мае пасеку пчол. Вядомы таксама як краязнаўца і паэт. Заснаваў сваю Мядовую прэмію. 16 кілаграмаў мёду ўручаў беларускім і замежным літаратарам ужо 19 разоў.

Суды па «справе карагоду» ідуць цяпер у Брэсце. 13 верасня 2020 года пасля таго, як грамадзянам перакрылі доступ на плошчу Леніна, дзе пратэстоўцы супраць скандальных прэзідэнцкіх выбараў збіраліся раней, яны рушылі цэнтральнымі вуліцамі да скрыжавання праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў і там перакрылі рух транспарту. У цэнтры скрыжавання зладзілі карагод, танцавалі і спявалі. Праваахоўнікі разагналі пратэсную акцыю пры дапамозе вадамёта.

Абвінавачаных у справе некалькі дзясяткаў. Яны падзеленыя на тры групы. Людзей вінавацяць паводле артыкула 342 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Паводле ўласнай інфармацыі, дзяржаўныя абвінаваўцы ў судах патрабуюць ад паўтара да двух гадоў так званай «хіміі» — абмежаванне волі з накіраваннем або без (так званая «хатняя хімія») у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства