Нешта пайшло не так: сведкі не з'явіліся, відэа сапсавалася. Судзяць Аляксандра Кісялёва
У судзе Жлобінскага раёна 11 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы палітвязня Аляксандра Кісялёва, якога абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Суддзя – Яўген Ерафееў. Абвінаваўца – пракурор Сцяпашкін.
Аляксандр Кісялёў – жыхар Жлобіна, які быў затрыманы і адміністрацыйна асуджаны за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту вечарам 9 і 11 жніўня. Пасля арышту на волю не выйшаў. Да суда быў змешчаны ў СІЗА №3 Гомеля.
Cёння ў судовым працэсе павінны былі дапытаць апошніх сведак, аднак на суд яны не з’явіліся. Пачалі праглядаць відэадоказы, аднак нешта не заладзілася: карцінка ёсць, гуку няма. Сталі наладжваць - гук з'явіўся, а выява знікла. Зноў наладзілі. На відэа нідзе не было бачна, што Кісялёў шпурляў камяні ў міліцэйскі транспарт ці яшчэ куды.
Да наступнага судовага пасяджэння суд павінен забяспечыць яўку неапытаных сведкаў.
У судзе абвешчаны перапынак да 24 лютага. Пачатак пасяджэння ў 10:30.
Допыт сведкаў па справе Аляксандра Кісялёва: відэазапісы не захаваліся, блытаніна ў пратаколе допыту