“Цынічная выява ў выглядзе бусла" і эстэтыка платоў. Суд над скідзельскай мастачкай і яе памочнікам
У судзе Гарадзенскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы жыхароў Скідзеля Крысціны Палтавец і Андрэя Апанасовіча. Абодвух вінавацяць паводле артыкулу 341 КК РБ (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
Справу разглядае старшыня Гарадзенскага раённага суду Ганна Чылека. Дзяржабвінаваўца -пракурор Марына Цярэшка.
Па інфармацыі “Гарадзенскай Вясны”, у справе фігуруе каля 20 розных эпізодаў. Пачынаючы з канца жніўня і да 21 снежня 2020 года мастачка Крысціна Палтавец у розных месцах Скідзеля, а таксама на прыпынках і мастах Гарадзенскага раёну, у вёсках і мястэчках Саволеўка, Бірулічы, Сухаўляны, Абухава, Азёры выконвала мастацкія малюнкі з рознымі выявамі. Пры тым ніякіх гвалтоўных заклікаў ці непрыстойнасцяў яна не малявала. Наадварот, мастачка нават замалявала некалькі нецэнзурных напісаў на аб’ектах.
Палтавец позна ўвечары ездзіла пераважна на ровары ў розныя кропкі згаданых месцаў і рабіла разнастайныя выявы буслоў, катоў, дзяўчын з бел-чырвона-белымі валасамі, герба “Пагоні”, бел-чырвона-белая ялінкі, былі таксама напісы салідарнасці “Жыве Беларусь!”, “Далучайся!”, “Я выхожу”, выява Рамана Бандарэнкі.
З канца восені ў некаторыя месцы Палтавец падвозіў на сваёй асабістай машыне Андрэй Апанасовіч. Так у снежні яны здзейснілі тры супольныя выезды, пры тым Апанасовіч толькі падвозіў Палтавец, але не дапамагаў ёй у маляванні.
Агулам абодвум абвінавачаным налічылі 596 рублёў 21 капейку – на гэтую суму нібыта былі нанесеныя страты розным дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам. Гэтая сума выплачана абвінавачанымі яшчэ да суду.
10 снежня у працэсе прайшоў допыт абвінавачаных. Пракурор Цярэшка доўга зачытвала пералік эпізодаў справы з характэрнымі фармулёўкамі кшталту “циничное изображение в виде аиста”, “чем существенно снизила эстетические характеристики стены забора” і т. п.
Сёння, 11 лютага, у судзе адбываецца допыт сведак па справе.
Будзе дапоўнена.