Справа гальшанскага "тэрарыста": у камеру змясцілі "падсаднога", каб справакаваць на размову
У суддзе Смаргонскага раёна 10 лютага працягваўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на жыхара Гальшанаў Івана Вярбіцкага. Яго вінавацяць адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў.
Справу разглядае суддзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Сяргей Кавальчук.
Як паведамляла пракуратура Ашмянскага раёна, згодна з матэрыяламі справы 14 кастрычніка 2020 года ў мэтах дэстабілізацыі грамадскага парадку грамадзянін размясціў у адной з груп Telegram-канала тэкставыя паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі да пашкоджання «кактэйлямі Молатава» будынка КДБ і падпалу пракуратуры Ашмянскага раёна.
У гэты ж дзень і ў тым жа Telegram-чаце пад нікам «Dimon D» ён размясціў паведамленне з заклікамі да пашкоджання і знішчэння маёмасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў шляхам падпалу транспартных сродкаў, якія належаць ім.
Спрабуючы пасля перашкодзіць расследаванню крымінальнай справы, абвінавачаны наўмысна разарваў прад'яўленую яму для азнаямлення пастанову следчага аб правядзенні ператрусу па месцы яго жыхарства.
10 лютага сведкі не з'явіліся на судовае пасяджэнне
У судзе павінны былі заслухоўваць паказанні трох сведак, але ніхто іх іх не з'явіўся на пасяджэнне, піша "Рэгіянальная газета".
Суддзя разбірала напісаныя ад рукі паказанні сведкі Віткоўскай. 21 кастрычніка да Віткоўскай на вуліцы падышоў малады чалавек, які папрасіў яе пабыць у панятых. Віткоўская бачыла, як Вярбіцкі разарваў нейкую паперу, пасля чаго яна вярнулася дадому. У ператрусе яна ўдзелу не прымала.
Сведка Шнэк - родная сястра абвінавачанага. Яна папрасіла суд выкарыстоўваць яе паказанні, якія яна дала на папярэднім следстве. Шнэк тлумачыла ў іх, што пра крымінальную справу брата даведалася праз сайт МУС. Сястра абвінавачанага мяркуе, што порах і патроны, якія знайшлі падчас ператрусу, маглі належаць бацьку ці брату. Яны былі паляўнічымі.
Апошні раз у доме бацькоў у Гальшанах Шнэк была ў гадавіну смерці бацькі ў 2016 годзе. Цяпер жыве ў Мінску. З братам не кантактуе, характарызуе яго як творчую асобу, якую мала хвалююць бытавыя праблемы.
Сведка Шульжыцкі таксама не зьявіўся ў суд. Пытанне аб яго яўцы падчас пасяджэння не разглядалі.
«Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ». У Смаргоні пачаўся суд над гальшанскім “тэрарыстам”
Вярбіцкаму у камеру пасадзілі чалавека, каб даведацца аб справе
У крымінальнай справе Вярбіцкага тры тамы. У абвінавачанага падчас ператрусу канфіскавалі сістэмны блок, два ноўтбукі, чатыры мабільных тэлефона, дзве флэшкі, два знешніх дыска, фотаапарат. Экспертыза паказала, што адзін з тэлефонных нумароў быў прывязаны да тэлеграм-акаўнта, з якога Вярбіцкі напісаў каментары ў чатах «Ашмяны» і «Астравец для жыцця». Гэтыя каментары і сталі асновай для крымінальнай справы.
У яго доме ў Гальшанах знайшлі порах і некалькі дзясяткаў патронаў. На ёмістасцях, у якіх знаходзіўся порах, знайшлі сляды рук. Іх немагчыма ідэнтыфікаваць.
У матэрыялах справы ёсць характарыстыкі На Івана Вярбіцкага. У характарыстыцы сельсавета напісана, што абвінавачаны не меў зносіны з аднавяскоўцамі і быў скрытны, таму яго характарызуюць нездавальняюча. Адвакат пратэставаў, таму што нездавальняючая характарыстыка нічым не пацвярджаецца. Характарыстыку са школы не далі, таму як дакументы таго часу страцілі. У характарыстыцы Ашмянскага РАУС сказана, што Вярбіцкага за п'янствам не заўважалі.
У яўцы з павіннай Вярбіцкі раскайваўся і дадаваў, што пісаў у тэлеграм-каналах з мэтай "тролінга" і каб выклікаць дыскусію.
У матэрыялах справы ёсць інфармацыя пра аператыўную дзейнасць, якая праводзіцца ў дачыненні да абвінавачанага. Аказалася, што ў камеру да Вярбіцкага ў ізалятары часовага ўтрымання Ашмянскага РАУС спецыяльнага пасадзілі чалавека, які распытваў яго пра крымінальную справу. Вярбіцкі распавёў яму, што «троліў " і няўдала пажартаваў у тэлеграме.
- Гэтага чалавека пасадзілі да мяне ў камеру на тры дні. Першы дзень я з ім увогуле не размаўляў, а пасля ён пачаў правакаваць. Казаў, чаму мы з шарыкамі ў Менску выходзілі, трэба было інакш вырашаць. Спрабаваў у мяне даведацца пра маё справа, – распавёў Вярбіцкі на судзе.
У судзе не ўключылася відэа, таму разгляд справы перанеслі
У судзе павінны былі глядзець відэа з уручэння пастановы аб ператрусе і відэа ператрусу. Адзін з дыскаў з матэрыялаў справы не ўключыўся, таму суддзя вырашыла працягнуць разгляд 11 лютага.
11 лютага ў судзе выступіць сведка, які прысутнічаў падчас ператрусу ў доме Вярбіцкага.