Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Арцёмам Саўчуком
Другога лютага суд Фрунзенскага раёна пачаў разглядаць справу 30-гадовага палітвязня Арцёма Саўчука. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляе Аліна Касьянчык.15 студзеня сябра Арцёма, палітвязня Арцёма Хвашчэўскага, з якім яны былі ў той вечар, асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу таксама разглядала Юлія Блізнюк.
Арцёма Саўчука вінавацяць у тым, што дзясятага жніўня ён груба парушаў грамадскі парадак, блакіраваў дарогу транспарту, удзельнічаў у сутыкненні з супрацоўнікамі міліцыі, кідаў петарды і балты.
Што кажа палітвязень?
Арцём Саўчук паслядоўна распавёў, што ў той вечар ён не сдзясняў проціпраўных дзеянняў, а назіраў за мірнай дэманстрацыяй. Яго сябры і іншыя людзі таксама не рабілі нічога супрацьпраўнага. Ён расказаў, што дапамог штурхнуць каляску ўгару, гэта было на тратуары паміж Лядовым палацам і прыпынку грамадскага транспарту: палітвязень не лічыць гэта супрацьпраўнымі дзеяннямі. На праезную частку ён выходзіў аднойчы: на вуліцы Альшэўскага. Ён мяркуе, што сутыкненні маглі быць, але ён нічога не бачыў праз газ і паніку на вуліцы, а таксама вялікую адлегласць ад падзей.
Арцём Саўчук расказаў, што яго затрымалі ўвечары 17 жніўня на вуліцы Кальварыйская, калі ён узяў на буксір адну з машын. Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго, пацікавіліся, чаму яго аўтамабіль з польскімі нумарамі, і адвезлі ў Фрунзенскае РУУС. Туды прыехали невядомыя супрацоўнікі, правялі вобшук аўтамабіля, але не знайшлі нічога супрацьзаконнага. У Арцёма канфіскавалі мабільны тэлефон, пароль ад яго палітзняволены паведаміў сам.
Што кажуць сведкі?
На паседжанні выступілі сведкі з боку абароны: сябры і бацька Арцёма. Усе яны паслядоўна распавядаюць, што хлопец прыехаў у Беларусь дапамагчы сваякам і пагуляць на вяселлі сябра. Яны кажуць, што Арцём дапамагаў штурхаць каляскі з-за спагадлівасці і штурхаў іх метраў на 15 і выключна па тратуары, а не на дарогу. Яны паказалі, што палітвязень не будаваў барыкады, не канфліктаваў з супрацоўнікамі міліцыі.
На паседжанні пракурор таксама заявіў хадайніцтва аб пакрыцці маёмаснай шкоды "Мінсктрансу" і прыцягненні арганізацыі арганізацыі грамадзянскім істцом — суд яго задаволіў.
Маці палітвязня Арцёма Саўчука: "Сын радаваўся, што людзі сталі ўсміхацца адзін аднаму”