Палітвязень Дзмітры Дубкоў пра абвінавачанне: "Сеў, завёў, пасігналіў, павярнуў налева і спыніўся"
Суд Савецкага раёна горада Мінска працягвае разглядаць крымінальную справу палітвязня Дзмітрыя Дубкова. Яго абвінавачваюць па ч. 3 арт. 214 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Алена Жуковіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Настасся Маліка. Пацярпелыя — кіроўцы тралейбуснага парка №4 Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка, слесар-электрык тралейбуснага парка №4 Сяргей Лізгірда.
Дзмітрый Дубкоў — 29-гадовы дальнабойшчык. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў. Ён знаходзіцца пад вартай з 15 жніўня.
Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Дубковым
"Сеў, завёў, пасігналіў, каб ніхто не трапіў пад колы, павярнуў налева і спыніўся"
Другое паседжанне па справе адбылося 15 студзеня. На ім праглядзелі відэаматэрыялы і дапыталі абвінавачанага. Палітвязень Дзмітрый Дубкоў распавёў, што ў той дзень ён з сябрамі прыехаў у Мінск прагуляцца: яны пайшлі паглядзець на тое, што адбываецца на вуліцах горада. Ён не ведаў, што акцыя несанкцыянаваная. На Нямізе яны пабачылі АМАП і вырашылі ехаць на Прытыцкага: праз корак прыпаркавалі машыну і праехалі прыпынак на тралейбусе.
Калі нехта з натоўпа на вуліцы запытаў, ці ўмее хто кіраваць машынай МАЗ, ён адгукнуўся. Першы раз, калі Дубкоў бачыў МАЗ, нейкі чалавек стаяў на прыступках машыны і размаўляў з кіроўцам: палітвязень бачыў яго толькі са спіны — на ім было спартовае адзенне, капюшон, пляцак. Невядомы, які даваў яму ключы, сказаў, што "машына нашая". Дубкоў вырашыў дапамагчы, каб заблакаваць рух супрацоўнікам сілавых структур: рух траспарту ўжо быў заблакаваны імі самімі.
"Сеў, завёў, пасігналіў, каб ніхто не трапіў пад колы — з мэтай папярэдзіць і пазбегнуць ДТЗ, павярнуў налева і спыніўся", — так палітвязень апісвае свае паводзіны. Аднак, калі Дубкоў сеў за стырно, то нейкія людзі крычалі і прапаноўвалі яму разагнаць МАЗ у бок супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тады ён зразумеў, што яго падбухторваюць на нешта большае, чым "перагнаць машыну" і не стаў у гэтым удзельнічаць: спыніў МАЗ, працёр стырно, аддаў ключы таму хлопцу, ад якога іх атрымаў, знайшоў сябра і вярнуўся туды, адкуль прыехалі.
Дзмітрый Дубкоў прызнаў сваю віну толькі ў той частцы, што перагнаў машыну. У абвінавачанні ў блакіроўцы руху катэгарычна не згодны: ён быў заблакаваны ўжо да ягоных дзеянняў. Што МАЗ службовы, ён не ведаў. Ён адзначыў, што павёўся на правакацыі, але выступае супраць гвалту: на ягонае меркаванне, акцыі ў Мінску былі не масавымі беспарадкамі, а мірнымі пратэстнымі акцыямі. Абвінавачванне, датычнае папярэдняй змовы з групай асобаў, палітвязень лічыць за абразу.
Таксама палітвязень адзначыў, што заяву з прызнаннем пісаў фактычна пад дыктоўку супрацоўніка, папярэдне распавёўшы ў КДБ, што рабіў 9-10 жніўня.
Пазоў на 21,8 тысяч рублёў
Дзяржабвінаваўца запрасіла хадайніцтва аб спагнанні 21 861 рублёў і 69 капеек на карысць Мінсктранса. На паседжанні 18 студзеня прадстаўніца Мінсктранса сказала, што тлумачэнняў даваць не будзе: адзначыла толькі факт пазову. На пытанне разліку шкоды адказала, што не можа растлумачыць механізм, бо некампетэнтная ў гэтым пытанні і не ўдзельнічала ў разліку.
Палітвязень Дзмітрый Дубкоў, адказваючы на пытанні пракурора, адзначыў, што не бачыў моманту, калі кіроўца выйшаў з машыны: яго заўпэўнілі, што яму аказваюць медычную дапамогу.
Суддзя зачытала пратакол допыту, дзе Дубкоў паказваў, што падзеі дзясятага жніўня пачалі з мірнага пратэсту пераўтварацца ў масавыя беспарадкі. Палітвязень адзначыў, што на той момант не разумеў паняцця "масавыя беспарадкі", а камунікаваць з адвакатам яму не дазвалялі.
18 студзеня таксама былі завершаныя даследаванні пісьмовых матэрыялаў справы.
Наступнае паседжанне адбудзецца 19 студзеня ў 11.30. Адбудуцца спрэчкі бакоў.