Мінск: пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Дубковым
Суд Савецкага раёна горада Мінска пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязня Дзмітрыя Дубкова. Яго абвінавачваюць па ч. 3 арт. 214 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядае суддзя Алена Жуковіч. Дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Настасся Маліка. Пацярпелыя — кіроўцы тралейбуснага парка №4 Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка, слесар-электрык тралейбуснага парка №4 Сяргей Лізгірда.
Дзмітрый Дубкоў — 29-гадовы дальнабойшчык. У ноч з 10 на 11 жніўня ён прысутнічаў на акцыі пратэсту каля станцыі метро "Пушкінская" ў Мінску. Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай, што ён і зрабіў. Ён знаходзіцца пад вартай з 15 жніўня. Пасля затрымання "Беларусь-1" паказала кадры з відэарэгістратара МАЗ і допыту Дзмітрыя: так яго маці Ірына даведалася, у чым абвінавачваюць сына.
— Як казаў Дзіма, калі яны знаходзіліся на Прытыцкага, з натоўпу падбеглі хлопцы, сказалі, што ёсць ключы ад МАЗа, трэба яго перагнаць, — расказвала Ірына. — Сын мог, ён жа кіроўца грузавога аўтамабіля. Яму прапаноўвалі запусціць машыну ў натоўп АМАПа, ён адмовіўся і проста перагарадзіў дарогу АМАПу ад пратэстоўцаў.
У чым абвінавачваюць?
Дзмітрыя Дубкова абвінавачваюць у тым, што дзясятага жніўня на вул. Прытыцкага па папярэдняй дамове з нявызначанымі асобамі ён пранік у кабіну МАЗ, завалодаў транспартным сродкам і запусціў рухавік без мэты крадзежу. Пры гэтым ён пагражаў гвалтам прадметам, падобным да писталета. Праз нязгоду з вынікамі выбараў ён парушыў забарону выходзіць на праезную частку падчас мірных сходаў, а таксама ўздзейнічаць на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Дзмітрый Дубкоў віну не прызнае.
Пацярпелыя: Дубкоў не нанёс шкоды
Віктар Навадворскі распавёў, што дзясятага жніўня ў 21.00 паступіла заяўка на буксіроўку транспартнага сродка, яны былі ўтрох з напарнікамі. Трапілі ў корак на Берута: заўважылі, што маладыя людзі перакрывалі рух. Кіроўца паспрабаваў праехаць, але хлопец на вуліцы стаў абражаць яго. Кіроўца праехаў праз камень, кінуты пад колы, але атрымалася зрушыцца толькі сто метраў: натоўп рынуўся ў бок Спартыўнай, пачаўся агонь. Хлопцы вярнуліся назад і пачалі патрабаваць развярнуцца і паставіць машыну пасярод дарогі. Яны адчынылі пасажырскія дзверы, у правай руцэ аднаго з іх быў прадмет: ён сказаў, што праз пяць секунд кіне яго ў кабіну. Калі кіроўца завёў машыну і паехаў, яны сталі малаціць па кабіне, адчынілі дзверы і прымусілі яго вылезці — іх было каля пяці чалавек, яны пагражалі прастрэліць кіроўцу галаву. Навадворскі ўспрыняў пагрозы як рэальныя, таму што прадмет выглядаў як пісталет. Калі ён выйшаў — пабег. За ім пабег чалавек, які адабраў у яго ключы.
Навадворскі сказаў, што калег не бачыў — яны выйшлі праз пасажырскія дзверы, а ён вярнуўся ў парк і даў справаздачу адказнаму. Яму паверылі толькі пасля таго, як праглядзелі камеры назірання ў машыне. Калі ноччу прыехалі забіраць МАЗ, убачылі, што ён стаяў пасярод дарогі і праехаў метраў 50 з месца здарэння: у ім былі разбітыя люстэркі, знікла буксірнае прыстасаванне, вогнетушыцель валяўся пасярод дарогі.
Ён паказаў, што бачыў, як абвінавачаны аглядаўся ў кабіне, але не бачыў яго падчас руху. Таксама ён адзначыў, што абвінавачаны не нанёс шкоды — гэта зрабілі тыя, хто пагражаў яму. Таму да абвінавачанага ён не заяўляе пазоў, хаця сваякі Дубкова і прапаноўвалі яму дапамогу і гатовыя кампенсаваць шкоду. Яны выплацілі кампенсацыю ў памеры 300 рублёў, распіску адвакатка перадала суддзе для далучэння да матерыялаў справы
Пацярпелы Андрэй Аўтушка падчас здарэння знаходзіўся ў спальным аддзяленні. Калі пачаліся стрэлы, ён ў мэтах самазахавання паклаў падушку на галаву і мог толькі чуць, што адбываецца. Ён чуў каманду вызваліць кабіну, словы "На тры — кідаем гранату", а таксама лаянку і пагрозы. Выйшаў з машыны і вярнуўся ноччу ў парк. У той дзень Аўтушка не бачыў Дубкова і ўпэўнены, што ягонымі дзеяннямі шкода не нанесеная. Сваякі палітвязня прапаноўвалі яму кампенсацыю, але ён адмовіўся.
Сяргей Лізгірда распавёў, што пад МАЗ паклалі вялікі камень, пачалася страляніна. Тады ён пачаў асэнсоўваць, што справа сур'ёзная, і калі ім сказалі: "Вылазьце, лічу да пяці" — ён ўзяў скрыню з інструментамі і вылез. Бачыў у руках у чалавека пластыкавы прадмет, абматаны дротам. Але да Дубкова Лізгідра не мае ніякіх прэтэнзій.
Сведка Нікіцінская, якая была ў той вечар у кампаніі з Дубковым, распавяла: калі яны стаялі ў корку, Дубкоў выйшаў з машыны і адгукнуўся на просьбу перагнаць МАЗ. Суддзю Алену Жуковіч цікавілі наступныя пытанні:
— Навошта вы, маючы маленькага дзіцёнка, ноччу ездзілі па горадзе? Не баяліся быць затрыманай? Інстынкт самазахавання не спрацоўваў? У вас паўтарагадовае дзіця!
Падчас прагляду відэа палітвязень пацвердзіў, што ён знаходзіцца за стырном аўтамабіля, а пацярпелы Навадворскі — што гэта ягоныя ключы
Разгляд справы працягнецца 15 студзеня ў 10.00.