Жыхара Маладзечна судзяць за ўдзел у акцыі 9 жніўня і заклікі да гвалту
У судзе Маладзечанскага раёна праходзіць разгляд крымінальнай справы па падзеях 9 жніўня. Маладзечанца Вадзіма Гурмана абвінавачваюць у тым, што ён правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і ў пагрозах гвалтам міліцыянерам.
Вадзім Гурман нарадзіўся ў Маладзечне ў 1999 годзе. Раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Зараз яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч.1 арт. 342 — Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.
- арт. 364 — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў або яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці або прымусу да змены характару гэтай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці.
Справу разглядае суддзя Вольга Дубовік. Дзяржаўны абвінаваўца – Габруковіч.
Першае пасяджэнне па справе прайшло 6 студзеня. Як паведамляе з суда “Рэгіянальная газета”, згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня Гурман актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. У гэты час знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам Смаленскаму, Лазару, Радзько, Сіняўскаму, Нехвядовічу, Цярэньцьеву.
На судзе Гурман прызнаў віну па артыкуле 342, але не па 364-м. Таксама ён адмовіў тое, што ён нібыта быў п’яны.
“Мяне затрымалі 11 жніўня, а пасля збівалі ў РАУС шэсць гадзін, каб падпісаў дакументы”, – расказаў на судзе Гурман.
Што кажуць пацярпелыя па справе?
На першае судовае пасяджэнне прыйшлі не ўсе пацярпелыя. Прысутнічалі толькі Павел Радзько і Андрэй Нехвядовіч. Яны знаходзілся на службе ўвечары 9 жніўня, стаялі ў шарэнзе міліцыянераў на плошчы.
Радзько і Нехвядовіч сказалі, што ад Гурмана чулі пагрозы і як ён, па іх меркаванні, заводзіў натоўп. Радзько не мог успомніць, якія канкрэтна пагрозы выказваў абвінавачваемы, але ўпэўнены, што Гурман пагражаў і супрацоўнікам, і іх родным.
Радзько сказаў, што яго пужалі не словы Гурмана, а тое, што ад гэтых словаў натоўп можа ўчыніць нейкія дзеянні ў адносінах да супрацоўнікаў.
"Ён казаў «Давайце іх вешаць». Зыходзячы з колькасці чалавек у натоўпе, падумаў, што міліцыянераў, якія знаходзяцца на плошчы, знішчаць".
Нехвядовіч пацвердзіў, што чуў пагрозы ў бок міліцыянераў ад Гурмана. “Я чуў, што ён сказаў «Душы мянтоў». Таксама Нехвядовіч сказаў, што іншага ад Гурмана не чуў. Ён не можа пацвердзіць, ці чулі гэтыя словы і іншыя міліцыянеры.
“Мы размаўлялі ўжо пасля з калегамі. Не магу ўспомніць, хто мне гэта сказаў, але, па іх словах, да шарэнгі супрацоўнікаў падыходзіў Гурман і клікаў выйсці адзін на адзін”.
Міліцыянеры не змаглі патлумачыць, чаму не не спынілі супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага пасля іх здзяйснення. У Радзько і Нехвядовіча няма прэтэнзій да Гурмана. Яны не збіраюцца падаваць позвы па кампенсацыі фізічнай ці маральнай шкоды.
На наступным пасяджэнні, якое адбылося 11 студзеня, допыт пацярпелых працягнуўся. Усе яны казалі, што на акцыі 9 жніўня перыядычна з натоўпу людзей выходзіў Гурман, махаў рукамі, выкрыкваў нейкія заклікі і лёзунгі: "Жыве Беларусь, "Міліцыя з народам", "Лукашэнка уході" і г.д. Тым самым, па меркаванні некаторых пацярпелых, ён запальваў народ, правакаваў на агрэсію.
Міліцыянт Смаленскі прад'явіў да Гурмана пазоваў: ён хоча, каб той кампенсаваў яму 500 р. за прычыненна маральнай шкоды. Таму суд прызнаў Смаленскага грамадзянскім пазоўнікам. Таксама Смаленскі сказаў, што чуў ад Гурмана пагрозы і абразы ў бок міліцыі.
Наступнае пасяджэнне па справе прызначана на 14.30 15 студзеня.