viasna on patreon

Рамуальда Улана пакаралі 2,5 гадамі "хіміі" за паклёп

2021 2021-01-05T11:11:40+0300 2021-01-05T12:07:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ulan_u_sudze.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org

Рамуальд Улан у судзе. Фота spring96.org

У судзе Смаргонскага раёна 5 студзеня з апошнім словам выступіў індывідуальны прадпрымальнік Рамуальд Улан. Сёння ж быў агучаны і прысуд.

Суддзя Сяргей Боландзь пакараў мужчыну 2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.

Таксама суд пастанавіў сплаціць усім пацярпелым міліцыянерам кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры ад 300 да 500 рублёў. Агульная сума, якую неабходна сплаціць Рамуальду Улану на працягу месяца пасля прысуду, скаладае 2700 рублёў. Акрамя таго, суд канфіскаваў персанальны камп’ютэр абвінавачанага “як сродак здзяйснення злачынства” ў даход дзяржавы.

Нагадаем, судовыя пасяджэнні праходзілі 28 і 29 снежня. Рамуальд Улан сваёй віны ў паклёпе не прызнаў. Мужчыну абвінавачвалі нават не ў вырабе і распаўсюдзе ўлётак, а толькі за размешчаны фотаздымак у сацыяльнай сетцы. 

Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў суд пакараць актывіста трыма гадамі хіміі, а запатрабаваная кампенсацыя маральнай шкоды першапачаткова складала 7000 рублёў - па 1000 кожнаму з сямі пацярпелых міліцыянтаў. 

У Смаргоні судзяць Рамуальда Улана за паклёп

У Смаргоні 28 снежня распачаўся суд над былым уладальнікам і галоўным рэдактарам “Новай газеты Смаргоні” Рамуальдам Уланам. Мужчыну вінавацяць у распаўсюдзе заведама ілжывых звестак, якія ганьбяць іншую асобу (паклёп) паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да сямі супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС.

У той жа час праваабронцы патрабуюць дэкрыміналізацыі дыфамацыі, спынення пераследу і вызвалення ўсіх палітвязняў, асуджаных за паклёп ці абразу службовых асобаў, дзяржаўных чыноўнікаў і прэзідэнта, а таксама знявагу дзяржаўных сімвалаў. 

Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні

Дыфамацыя — распаўсюджванне ганебнай інфармацыі пры дапамозе СМІ. У адрозненні ад паклёпу дыфамацыя выяўляецца ў тым, што ў публікацыях і іншых крыніцах можа распаўсюджвацца не толькі ілжывая інфармацыя, але і аб'ектыўная.

Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый. Міжнародныя органы, ААН і АБСЕ, рэкамендавалі скасаваць законы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю, або, як мінімум, не пазбаўляць волі за здзяйсненне дыфамацыйных правапарушэнняў, прыняўшы за норму грамадзянска-прававы пераслед. Парламенцкая Асамблея АБСЕ заклікала да адмены ўсіх законаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў, дзяржавы або яе органаў. Паўнамоцныя прадстаўнікі ААН, АБСЕ па пытаннях свабоды слова заяўлялі, што «крымінальны пераслед за дыфамацыю не з'яўляецца апраўданым абмежаваннем свабоды выказвання перакананняў; усе законы пра крымінальны пераслед за дыфамацыю падлягаюць адмене і замене, дзе гэта неабходна, грамадзянска-прававымі мерамі адказнасці».

Па меркаванні праваабронцаў узровень абароны супраць дыфамацыйных формаў выказвання меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюду зневажальных звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асобаў дзяржавы, у тым ліку прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзянаў.

"Мы лічым, што службовым асобам, якія былі прызнаныя пацярпелымі па крымінальных справах па абвінавачваннях у абразе ці паклёпе, павінны быць забяспечаныя іншыя меры прававой абароны іх гонару і годнасці, у тым ліку ў грамадзянска-прававым парадку на роўных умовах з іншымі асобамі", - сцвярджаюць праваабаронцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства