viasna on patreon

Усё больш еўрапейскіх дэпутатаў становяцца "хроснымі" для беларусіх палітвязняў

2020 2020-12-22T18:10:39+0300 2021-01-10T17:29:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/frank_heinrich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты нямецкага парламента.

Франк Хайнрых (ХДС), Канстанцін фон Нотц (Альянс90/Зялёныя), Анэт Відман-Маўз (ХДС), Дзітрых Монштадт (ХДС), Рудольф Хенке (ХДС), Нільс Шмід (SPD), Карл-Юліус Кроненберг (FDP) і Лукас Кёлер (FDP) сталі “хроснымі” беларускіх палітвязняў Вячаслава Шэлямета, Яна Салановіча, Яны Арабейка, Артура Халімончыка, Сяргея Капанца, Эдуарда Пальчыса, Дзмітрыя Кубарава і Максіма Бабіча.

Акрамя таго, новымі ўдзельнікамі кампаніі сталі дэпутат Еўрапарламента Іван Штэфанец (КДХ), які падтрымаў Глеба Фіцнера, а таксама дэпутаты Нацыянальнай рады Швейцарыі Селін Відмер і Ён Пульт, якія будуць апекавацца Вольгай Філатчанкавай і Уладзіславам Марціновічам.

Франк Хайнрых, старшыня Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе ў нямецкім Бундэстагу, стаў “хросным” Вячаслава Шэлямета. Ён заявіў:

“Мірныя дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, відавочна паказваюць, што яны не ўяўляюць пагрозы нацыянальнай і грамадскай бяспецы. Я рашуча асуджаю шматлікія рэпрэсіўныя меры, прынятыя палітычнымі сілавымі структурамі праз гвалт і катаванні супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі. Я заклікаю неадкладна вызваліць Вячаслава Шэлямета - палітвязня - які, наколькі я ведаю, мірна ажыццяўляў сваю свабоду дэманстрацыі. Свабода сходаў - гэта каштоўнае асноўнае права!”

Дэпутат Еўрапарламента Іван Штэфанец стаў “хросным” Глеба Фіцнера. З гэтай нагоды ён заявіў:

“Годны толькі той, хто змагаўся за сваю свабоду”, — сказаў наш генерал Штэфанік (1880-1919). Ён быў адным з вядучых дзеячоў, якія ўтварылі першую незалежную дзяржаву чэхаў і славакаў. Я ганаруся тым, што “ўсынаўляю” беларускага студэнта Глеба Фіцнера, якога пасадзілі за жаданне жыць у свабоднай краіне. Я заклікаю вызваліць гэтага маладога і адважнага студэнта”.

Канстанцін фон Нотц, дэпутат Бундэстага Германіі і намеснік старшыні групы “Альянс 90/Зялёныя”, стаў “хросным” Яна Салановіча. Ён заявіў:

“Беларускі народ ужо занадта доўга змагаецца за дэмакратыю ў сваёй краіне. Мы павінны падтрымаць іх у іх намаганнях. Мы не павінны дазволіць, каб іх прымусілі маўчаць праз гвалт, рэпрэсіі і адвольныя арышты. Як дэмакрат і парламентарый, я падтрымліваю пратэст дэманстрантаў у Беларусі. Такіх маладых людзей, як Ян Салановіч, якія мужна і з вялікай вытрымкай мірна адстойваюць дэмакратыю, свабоду і сумленныя новыя выбары, нельга судзіць. Таму для мяне гонар і асаблівы клопат стаць для яго “хросным”. Рэпрэсіі супраць студэнтаў павінны скончыцца. Я заклікаю забяспечыць належную законнасць і вызваліць Яна Салановіча і ўсіх незаконна затрыманых”.

annette-widmann.jpg

Анэт Відман-Маўз, дэпутатка Бундэстага Германіі і дзяржаўная міністрка пры канцлеры, стала “хроснай” Яны Арабейка. Яна заявіла:

“Такія адважныя жанчыны, як Яна Арабейка, выступаюць за лепшую будучыню сваёй краіны. Яе ўзорнае імкненне да свабоды і дэмакратыі заслужыла нашу салідарнасць і глыбокую павагу. Таму я заклікаю неадкладна вызваліць палітвязняў у Беларусі”.

dietrich_monstadt.jpg

Дзітрых Монштадт, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Артура Халімончыка. З гэтай нагоды ён заявіў:

“Я далучаюся да патрабаванняў вызваліць збольшага маладых людзей, якія несправядліва апынуліся за кратамі. Для мяне гонар стаць “хросным” Артура Халімончыка. Я патрабую яго неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх іншых незаконна затрыманых палітвязняў”.

rudolf-henke.jpg

Рудольф Хенке, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Сяргея Капанца. Ён заявіў:

“Я неадкладна патрабую вызвалення Сяргея Капанца і ўсіх іншых палітвязняў, якія апынуліся ў зняволенні ў сувязі з крытыкай прэзідэнцкіх выбараў і іх вынікаў. Сяргей Капанец, як і многія іншыя людзі, адстойваў сваё асноўнае права на свабоду слова і сходаў. Нікога нельга саджаць у турму без належнай працэдуры толькі за мірныя дэманстрацыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яго рэжым нелегітымны”.

Нільс Шмід, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Эдуарда Пальчыса. Ён заявіў:

“Людзі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, нясуць вялікія асабістыя рызыкі. Таму яны заслугоўваюць нашай поўнай падтрымкі. Вось чаму для мяне было прынцыпова важна стаць “хросным” Эдуарда Пальчыса ў межах кампаніі #WeStandBYyou, бо ён адзін з тых, хто трапіў у турму з-за сваёй мужнай прыхільнасці да свабоды. Эдуард Пальчыс - як і астатнія палітвязні ў Беларусі - павінен быць неадкладна вызвалены!”

carl-julius_cronenberg.jpg


Карл-Юліус Кроненберг, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” Івана Багдзевіча. З гэтай нагоды ён заявіў:

“Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі грэбуе правамі сваіх грамадзян. Лукашэнка парушае дэмакратычныя каштоўнасці ў сваёй краіне. У знак салідарнасці з мужнымі людзьмі, якія дэманструюць на вуліцах дэмакратыю і правы чалавека, я бяру на сябе абавязак “хроснага” Івана Багдзевіча. Я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць Івана Багдзевіча і ўсіх палітвязняў”.

lukas-kohler.jpg

Лукас Кёлер, дэпутат Бундэстага Германіі, стаў “хросным” непаўнагадовага Максіма Бабіча. Ён заявіў:

“Я шакаваны тым, што жорсткія рэпрэсіі за свабоду не спыняюцца нават супраць непаўналетніх. Я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і новага палітычнага пачатку: Максім Бабіч і грамадзяне Беларусі заслугоўваюць свабоднай дэмакратыі з канстытуцыйнай дзяржавай, якая гарантуе правы чалавека!”

celine_widmer.jpg

Селін Відмер, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі, стала “хроснай” Вольгі Філатчанкавай. Яна заявіла:

“Жанчыны адыгрываюць вядучую ролю ў пратэстах у Беларусі. У мірных акцыях пратэсту ўдзельнічала і выкладчыца Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава. Яе затрымалі пасля таго, як яна знялася ў відэазвароце супраць гвалту і ўзяла ўдзел у страйку. Наша глыбокая салідарнасць з ёй і з усімі жанчынамі і мужчынамі, якія змагаюцца за правы чалавека, дэмакратыю і свабоду ў Беларусі. За вызваленне ўсіх палітвязняў і канстытуцыйныя рэформы ў Беларусі!”

Ён Пульт, дэпутат швейцарскай Нацыянальнай рады, стаў “хросным” Уладзіслава Марціновіча. Ён заявіў:

“Уладзіслава Марціновіча затрымалі, бо, як і тысячы іншых беларусаў, ён больш не можа цярпець Лукашэнку і яго рэжым, якія парушаюць асноўныя правы чалавека, каб захаваць уладу. Па гэтай прычыне я бяру на сябе абавязак “хроснага” Уладзіслава Марціновіча і патрабую яго неадкладнага вызвалення. Швейцарыя і Еўропа павінны гучна падтрымаць народ Беларусі!”.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

100 “хросных” для палітвязняў Беларусі

Дэпутат Бундэстагу і былы шматгадовы лідар “Альянсу 90/Зялёныя” Джэм Эздэмір стаў 100-ым дэпутатам, які ўзяў на сябе абавязкі “хроснага” для палітвязняў у Беларусі. Эздэмір сімвалічна падтрымаў журналістку Кацярыну Барысевіч ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства