viasna on patreon

Марыне Палікарпавай прысудзілі два гады "хатняй хіміі"

2020 2020-12-17T15:11:55+0300 2020-12-17T17:32:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palikarpava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Гародні ў чацвер, 17 снежня, вынесены прысуд Марыне Палікарпавай. Суд прызнаў яе вінаватай і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову — "хатняй хіміі". Яе абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да жанчын-амапавак — арт. 364 Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядаў суддзя Руслан Гурын.

Пацярпелыя — жанчыны-міліцыянеры Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч.

Пракурор на працэсе — Мікіта Мыслівец.

Маніторынг справы вёў праваабаронца Раман Юргель.

Справа датычылася падзей вечара 9 жніўня. Тады фармацэўта Марыну Палікарпаву затрымалі і жорстка збілі дзве прадстаўніцы ОМОН — Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч. А крымінальную справу пачалі менавіта на пацярпелую Палікарпаву. Калі Марыну Палікарпаву душылі фізічна, яна чыста інстынктыўна ўкусіла за руку адну з супрацоўніц міліцыі. Гэта гісторыя стала ведама ўсёй Беларусі.

Справа Палікарпавай: амапаўкі збівалі і фізічна душылі жанчыну. Цяпер яе абвінавачваюць у гвалце над імі

Згодна з дзяржабвінавачаннем, Палікарпава позна ўвечары 9 жніўня прымала ўдзел у мітынгу ў цэнтры горада, за што яе і затрымалі.

Справа Палікарпавай: суд чакае паказанняў судмедэксперта

Каб даведацца, як бяспечна пакінуць плошчу, жанчына падышла да "чалавеку ў чорнай форме і масцы". Марына вызначыла, што гэта міліцыянт. Ён махнуў рукой у бок прыпынку: "ідзіце туды". Там Палікарпаву сустрэў чалавек у цывільным адзенні, папрасіў сесці ў бус і прыгатаваць пашпарт.

17 снежня адбылося чацвертае паседжанне па справе: дапыталі судмедэксперта, даследавалі адміністрацыйную справу і праглядалі відэаматэрыялы. 

Судмедэксперт Віктар Мацецкі 13 жніўня праводзіў две экспертызы, медагляд Марыны Палікарпавай. Экспертыза пацвердзіла атрыманне цялесных пашкоджанняў: 51 сіняк і ранкі маглі ўтварыцца ад 13 траўматычных уздзеянняў — яны маглі ўтварыцца як ад удараў, так і здушэння. У ва ўсіх ранках, гематомах і сіняках — адзіны механізм і тэрмін утварэння. Але кожнае цялеснае пашкоджанне не было канкрэтазавана, а ў следчых эксперыментах пацярпелыя не прадэманстравалі атрыманне кожнага з іх. 

Суддзя Руслан Гурын зачытаў артыкулы з інтэрв'ю, фота гематом, ранак Палікарпавай з "Радыё Свабода" і блогу s13.ru. Суддзю зацікавілі, як фотаздымкі цялесных пашкоджанняў, якія рабіў брат, трапілі да журналістаў: Палікарпава не давала згоду на публікацыю фота. 

Адвакат папрасіў пацярпелых абгрунтаваць суму кампенсацыі у 5 тысяч рублёў. Адна з іх адзначыла, што лячэння не было — былі маральныя пакуты. Бо пасля публікацыі артыкулаў "у мой адрас і адрас сям'я пасыпаліся пагрозы, былі апублікаваныя персанальныя дадзеныя". Яны адзначылі, што маюць прэтэнзіі да артыкулаў. Адвакат заявіла, што гэтыя артыкулы не датычацца справы і не павінны разглядацца судом.

Падчас судовых спрэчак пракурор адзначыў, што Палікарпава перашкодзіла законнай дзейнасці супрацоўніц УУС, яе віна падчас следства цалкам даказаная. Мікіта Мыслівец адзначыў, што ў паказаннях пацярпелых паказана, што яны ўжылі толькі загін рук, а удараў не наносілі. Судмедэксперт зафіксаваў у пацярпелых "лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі парушэнняў здароўя". Пракурор адзначыў, што факт удзелу Палікарпавай у несанкцыянаваным мерапрыемстве пацверджаны рашэннем суда, яна ведала, што там адбываецца і пайшла туды, а зараз яе паказанні ў судзе дадзеныя для абрання лініі абароны, каб сысці ад адказнасці. Дзеянні амапавак Бандарчук і Мазуркевіч былі законнымі. Улічваючы ўзрост абвінавачанай і ступень яе небяспекі, Мыслівец запытаў для яе два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову. Таксама дзяржабвінаваўца папрасіў спагнаць суму маральнай шкоды і выдаткі на правядзенне судмедэкспертызы — 440 рублёў і 40 капеек. Абвінавачаныя падтрымалі дзяржабвінаваўцу. 

Адвакатка Кацярына Грыцкевіч адзначыла, што доказамі папярэдняга следства, судовага следства, даследавання матэрыялаў справы віна Палікарпавай не даказаная. Яе затрыманне дзявятага жніўня незаконнае і адвольнае: абвінавачаная гуляла па плошчы, а не ўдзельнічала ў мерапрыемстве, з'явілася выпадковай сведкай падзей. Падставай для абвінавачвання з'яўляюцца паказанні сведкі Седача, які суб'ектыўна са сваіх меркаванняў прыняў яе за арганізатара масавага мерапрыемства. Грыцкевіч сказала, што аб'ектыўных доказаў яе актыўнага ўдзелу ў мітынгу няма. Адміністратыўная справа была абскарджана, але ў судах абставіны правапарушэння не былі даследаваны дастаткова. Палікарпава не процідзейнічала дзеянням амапавак і не мела намеру прычыняць ім цялесныя пашкоджанні: яе дзеянні былі накіраваныя на самаабарону. Кацярына Грыцкевіч таксама падкрэсліла супярэчнасці ў паказаннях пацярпелых. Таксама яна адзначыла, што сумы маральнай шкоды несуразмерныя і неабгрунтаваныя і папрасіла пастанавіць апраўдальны прысуд.

У апошнім слове Марына Палікарпава сказала:

"Часткова прызнаю сваю віну, я эмацыйна абараняла сябе і сваё жыццё. Канфлікт паўстаў праз тое, што Бандарчук і Мазуркевіч абразілі мяне ў грубай і нецэнзурнай форме. Прашу суд улічыць усе абставіны: хадайніцтвы і мой 35-гадовы досвед працы". 

Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову — "хатняй хіміі". А таксама — спагнаць па 1500 рублёў на карысць пацярпелых, 162 рублі дзяржпошліны, а таксама 440 рублёў і 40 капеек выдаткаў на судмедэкспертызу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства