viasna on patreon

Справа “скрадзенай” у амапаўца рацыі: акалічнасці высвятляе суд

2020 2020-12-11T13:27:09+0300 2020-12-11T13:27:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shchurko-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Шчурко ў судзе.

Дзмітрый Шчурко ў судзе.

У Ленінскім судзе Берасця 9 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы 34-гадовага жыхара абласнога цэнтра Дзмітрыя Шчурко. Яго абвінавачваюць у крадзяжы міліцэйскай рацыі па ч.1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядае суддзя Сцяпан Каліна.

Сведкам па справе выступае супрацоўнік АМАП Дзмітрый Іваноў.

Інцыдэнт, за які судзяць Змітра Шчурко, адбыўся 20 верасня. У гэты час на рагу вуліц Савецкай і Гогаля сабраліся ўдзельнікі акцыі пратэсту. Да іх пад'ехаў мікрааўтобус з сілавікамі, пачаліся затрыманні.

Паводле версіі абвінавачвання, мужчына скарыстаўся тым, што міліцыянты адцягнуліся на ўдзельнікаў дэманстрацыі, і дастаў з падсумка бронекамізэлькі аднаго з іх радыёстанцыю Motorola. Выкрадзеную рацыю ён панёс дадому. Праз дзень яго выклікалі ў аддзяленне міліцыі, дзе ён вярнуў абсталяванне. Ва УУС шкоду ацанілі ў 894 рублі, паведамляе падрабязнасці справы TUT.BY.

Як стала вядома праваабаронцам, на першым судовым паседжанні быў апытаны абвінавачаны, агучаныя матэрыялы справы. Сведка на судовае паседжанне не з’явіўся.

berascie-2020-09-20-1.jpg
Фота: binkl.by

"З падсумка яе ніхто не выхопліваў» 

Берасцеец вінаватым сябе не прызнаў. Суду ён распавёў, што 20 верасня прыехаў на Савецкую прагуляцца:

— У раёне крамы Сolin's пад'ехаў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. З яго выйшлі людзі без апазнавальных знакаў у чорнай форме. Па людзях [дэманстрантах] адразу было відаць, што яны напалоханыя: яны, як і я, не бачылі, хто знаходзіцца перад імі. Далей частка людзей арганізаваліся ў сценку абараняцца. Атрымалася так, што я апынуўся прыціснуты да будынка гэтай сценкай і нападнікамі.

Каля крамы завязалася бойка. Сілавікі падбеглі да Дзмітрыя, сказалі яму "ляжаць" і паспрабавалі скруціць.

- Я папрасіў дапамогі, мяне вызвалілі. Пасля чаго я ўбачыў на плітцы якая ляжыць рацыю. Ні ў каго з падсумка яе ніхто не выхопліваў. Рацыя ляжала на плітцы, — паўтарае абвінавачаны.

Ён кажа, што падняў яе з пліткі для таго, каб "далучыць да крымінальнай справы супраць налётчыкаў".

- Прызнаеце сябе вінаватым? - спытаў Дзмітрыя суддзя Сцяпан Каліна.

- Не, не прызнаю, - адказаў Зміцер.

berascie-2020-09-20.jpg
Фота: binkl.by

“У мяне ваша рацыя"

Пасля гэтага Дзмітрый адышоў ад месца затрымання і сказаў у радыёстанцыю: "У мяне ваша рацыя". Яму ніхто не адказаў. З вуліцы Гогаля берасцеец пайшоў на рынак, купіў новую майку, бо старую парвалі падчас бойкі, і з'ехаў дадому.

Праз дзень Дзмітрыю патэлефанавалі з крымінальнага вышуку і сказалі падысці ў міліцыю. У райаддзеле берасцеец вярнуў рацыю. Затым яго дапыталі, затрымалі і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС.

У судзе мужчына растлумачыў, што красці рацыю ён не збіраўся. З тратуара ён яе падабраў для таго, каб выкарыстоўваць у якасці доказу злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных дэманстрантаў. Такой крымінальнай справы, вядома, не ўзбуджалася, а сам Зміцер да званка з крымінальнага вышуку ні ў міліцыю, ні ў СК, ні ў пракуратуру з заявай не звяртаўся.

- Не паспеў, - патлумачыў берасцеец. - Я знаходзіўся ў невялікім шоку, кансультаваўся, як распачаць справу аб нападзе, спробе выкрадання. Я ў гэтым не спецыяліст, мне трэба быў час. Я і не ведаў толкам, куды яе [рацыю] вяртаць, — распавёў Зміцер.

Адным з доказаў у абвінавачвання стаў ролік "Так учора АМАП у Брэсце адпор атрымліваў", паведамляе Бінокль.

Абвінавачаны - жыхар Брэста. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, адукацыя прафесійна-тэхнічная, выхоўвае дваіх дзяцей: васьмі і двух гадоў.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 11 раніцы 18 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства